«Можна зарабляць, калі ёсць дзяржзаказ»: што дапаможа вочным кроплям Абельскага заваяваць рынак

Вытворчасць кропляў для вачэй. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: jadran.ru

Прыкметаў таго, што на фармацэўтычны завод старэйшага сына Ірыны Абельскай вылучаць ільготны дзяржкрэдыт ці ўкладзецца які-небудзь «кашалёк», пакуль няма, кажа журналістка «Бюро Медыя» Ксенія Вязнікоўцава. Затое ў новага прадпрыемства ёсць усе перадумовы, каб праз некалькі гадоў зарабляць добрыя грошы. У эфіры «Белсату» яна назвала фактары, якія на гэта працуюць, – ад ільгот «Вялікага каменя» да лобі ўплывовай маці.

Фактар першы: прыватныя інвестыцыі

Расказваючы пра прадпрыемства «ФармаСайнс», адным з уладальнікаў якога стаў сын кіраўніцы Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірыны Абельскай Дзмітрый Абельскі, Ксенія Вязнікоўская адзначае: пакуль карупцыйнага складніка ў гэтай гісторыі не відаць. Але ўсё можа змяніцца…

«Пакуль проста карупцыйнага мы нічога не бачым, мы бачым толькі тое, што сын Ірыны Абельскай надумаў таксама зрабіць свой уласны бізнес і знайшоў з гэтай сферы партнёраў, у якіх відавочна ёсць досвед… Цяпер проста нейкіх перадумоваў таго, што на гэта вылучаць, напрыклад, які-небудзь ільготны дзяржкрэдыт ці ўкладзецца нейкі “кашалёк” або хтосьці яшчэ – пакуль няма», – кажа госця студыі «Белсату».

Пры гэтым яна дадае, што «крыху пазней мы можам нешта падобнае ўбачыць».

«Пакуль яны толькі плануюць прыцягнуць інвестыцыі ад прыватных інвестараў, плануюць выкарыстоўваць сродкі крэдытных арганізацыяў. А як яно там выйдзе насамрэч – ну паглядзім», – кажа журналістка.

Фактар другі: «Вялікі камень» і адсутнасць падатку на прыбытак

Завод будуць узводзіць у асаблівай эканамічнай зоне – а гэта само па сабе моцна мяняе эканоміку праекту.

«Гаворка пра тое, што прадпрыемства будзе ўзводзіцца ў “Вялікім камені», – гэта спецыяльная эканамічная зона, у якой вельмі шмат розных ільгот і прэферэнцыяў, у тым ліку фактычна адсутнасць нейкага падатку на прыбытак. Таму, безумоўна, з такімі ўводнымі гэта можа быць даволі прыбытковае прадпрыемства, калі сама прадукцыя будзе карыстацца попытам», – тлумачыць Вязнікоўцава.

Пры гэтым трапіць у такую зону з вуліцы няпроста. У Беларусі ёсць два віды зонаў – свабодная і спецыяльная эканамічная, і менавіта спецыяльная – выгадная для буйнога бізнесу і інвестыцыйных праектаў.

«Як правіла, у спецыяльных эканамічных зонах сядзяць набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы. Калі мы гаворым, напрыклад, пра гэтую святую тройцу – Зайцаў, Алексін і Варабей, – яны нават стварылі сваю спецыяльную зону “Брэміна-Ворша”, так званы аршанскі афшор. Калі мы гаворым пра “Вялікі камень”, безумоўна, там таксама ёсць нейкія бізнесоўцы, якія не звязаныя непасрэдна з Лукашэнкам. Але, як паказвае практыка, там даволі шырокая колькасць кампаніяў, якія ёсць менавіта выгадаатрымальнікамі рэжыму», – кажа журналістка.

Фактар трэці: унутраны рынак і «неафіцыйна абавязковая супраца»

Паводле дакументаў, што трапілі ў распараджэнне рэдакцыі «Бюро», кампанія арыентуецца ў першую чаргу на ўнутраны рынак. А тут працуе механізм, добра знаёмы з іншых бізнесаў сям’і Лукашэнкі.

«Калі мы гаворым пра сямейнікаў Лукашэнкі, ёсць такая штука, як, скажам, неафіцыйна абавязковая супраца. Вось ёсць, напрыклад, у Дзмітрыя Лукашэнкі друкарня, якая надае паліграфічныя паслугі. І зразумела, што ў тым ліку дзяржаўныя прадпрыемствы могуць супрацоўнічаць з гэтай фірмай, але яны супрацоўнічаюць з ёй пагалоўна, бо ёсць, напэўна, нейкі ўказ, які кажа, што першачаргова трэба звяртацца ў адну канкрэтную фірму і заказваць у яе паслугі. І з зразумелых прычынаў дырэктарат заводаў не можа адмовіць такому прадпрыемству», – тлумачыць Вязнікоўцава.

Праводзячы аналогію, яна адзначае, што з Абельскім можа быць прыкладна такая ж гісторыя, калі ягоныя інтарэсы будуць лабіяваць. «Фармрынак даволі буйны, ён энергаёмісты, там можна зарабляць, асабліва калі ёсць дзяржзаказ», – кажа яна.

Фактар чацвёрты: партнёры з кампетэнцыямі

Склад бенефіцыяраў, паводле журналісткі, невыпадковы. Дзмітрый Абельскі з 2018 года працуе ў сетцы клінік Voka (дырэктар кампаніі Алег Пазняк таксама называецца сярод бенефіцыяраў кампаніі «ФармаСайнс») як лекар-афтальмолаг – прычым асноўны.

«Ён займае там відавочна не апошнюю пазіцыю, ён прысутнічае на розных значных падзеях гэтай клінікі. То бок, па-першае, яны ўжо і так узаемадзейнічаюць на бізнес-узроўні, і, адпаведна, лагічна, што, калі ёсць кампетэнцыі ў гэтай сферы, бо мы ж гаворым пра завод, які будзе вырабляць прэпараты афтальмалагічнай уласцівасці, то лагічна, што і партнёры мусяць быць адпаведныя, у якіх ёсць досвед у гэтай дзейнасці, у пабудове бізнесу. І такіх партнёраў Абельскі сабе і знайшоў», – зазначае Вязнікоўцава.

Фактар пяты: лобі маці

Нават калі прыватных інвестараў не знойдзецца, у праекту застаецца рэсурс, недаступны звычайнаму бізнесу.

«Мы не забываем, што Дзмітрый Абельскі – гэта не просты чалавек з вуліцы, і нават нягледзячы на тое, што ў яго не такі вялікі досвед у бізнесе, у яго ёсць лобі ў выглядзе маці, якая займае даволі значнае становішча ў краіне. Больш за тое, яна займае вельмі значнае становішча ў сферы аховы здароўя, таму такое лобі можа цалкам спрацаваць, і Абельская можа пераканаць дапамагчы развіцца новаму прадпрыемству», – кажа журналістка.

Што можа перашкодзіць

Галоўная рызыка – грошы. Праект каштуе каля 10 мільёнаў долараў, і калі ставіць выняткова на інвестараў, ахвотнікаў можа і не знайсціся, дапускае Вязнікоўцава. Тое, што кампанія разглядае адразу некалькі варыянтаў фінансавання, можа сведчыць: дзяржава не гатовая даць такую вялікую суму нават пры нядрэнным бізнес-плане, бо інвестыцыйных праектаў такога маштабу ў Беларусі не так шмат.

«Калі яны не знойдуць нейкіх зацікаўленых інвестараў, якія гатовыя пад гарантыі гэтага “даху” і лаяльнасці клану Лукашэнкі даць крэдыты, а звернуцца ў нейкія дзяржаўныя банкі па крэдытаванне, ёсць такая магчымасць, што завод гэты проста не пабудуюць», – не выключае журналістка.

Праўда, яна адзначае: калі рэч дойдзе да дзяржаўнага крэдытавання, «шанец атрымаць крэдыт на гэта даволі высокі».

Дзмітрый Абельскі, сын кіраўніцы Рэспубліканскага клінічнага медычнага цэнтру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірыны Абельскай, стаўся адным з уладальнікаў фармацэўтычнай кампаніі «ФармаСайнс», якая плануе пабудаваць завод у вытворчасці кропляў для вачэй коштам каля 10 мільёнаў долараў. Пра гэта паведаміла «Бюро». Ірына Абельская больш за два дзесяцігоддзі ўзначальвае цэнтр, вядомы як «лячкамісія», яе таксама называюць маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі – Мікалая.

Апроч Абельскага, бенефіцыярамі кампаніі сталіся намеснік дырэктара сеткі клінік Voka Алег Пазняк, які ўзначаліў «ФармаСайнс», а таксама Андрэй і Валерый Ярамчукі – работнікі адной з найбуйнейшых прыватных фармкампаніяў «Фармтэхналогія», асноўным уладальнікам якой ёсць іхны бацька Аляксандр Ярамчук

Паводле бізнес-плану, прадпрыемства мае выйсці на поўную магутнасць у 2027–2028 гадах і выпускаць да 10 мільёнаў упаковак кропляў для вачэй штогод і атрымліваць не менш за 3 мільёны рублёў чыстага прыбытку пры выручцы каля 10 мільёнаў.

Раман Шавель, Вітаўт Сіўчык, Юлія Лабанава, belsat.eu