Людвіка Кардзіс: “Мы ўзялі на сябе ролю культурна-адукацыйнага цэнтру”

Пяць год як Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Цэнтр беларускай супольнасці і культуры ці Беларускі дом у Вільні мае сваё памяшканне. Гэтая ўстанова вядомая ўсім віленскім беларусам, бо там праходзіць вялікая колькасць імпрэз, працуе бібліятэка, школка для дзетак, жаночы клуб ды іншае.

Людвіка Кардзіс

Паводле дырэктаркі Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Людвікі Кардзіс, раней музей увогуле не меў свайго памяшкання, а атрымаў яго дзякуючы жнівеньскім падзеям 2020 года.

– Людзі былі вымушаныя выехаць са сваёй краіны, і частка беларусаў апынулася ў Вільні. І акрамя ўсіх побытавых праблемаў, для людзей павінен быць таксама нейкі цэнтр, дзе людзі маглі б сабрацца. Ясна, што такіх кропак было некалькі. Былі прававыя цэнтры, кансультатыўныя. Але мы ўзялі на сябе ролю культурна-адукацыйнага цэнтру.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Як зазначае Людвіка Кардзіс, за гэтыя гады яны здолелі замацавацца ў гарадской прасторы, і ўстанова стала пазнавальнай для беларусаў Вільні і гасцей горада:

– Тут адбываюцца выставы, лекцыі, канцэрты, прэзентацыі кніг, розныя адукацыйныя праграмы. І музей Луцкевіча ператварыўся не толькі ў выставачную прастору, але і ў культурны цэнтр беларускай супольнасці.

Людвіка Кардзіс выказвае падзяку камандзе валанцёраў, якая працуе ва ўстанове, а таксама ўсім беларусам, якія падтрымліваюць інстытуцыю фінансава.

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Цэнтр беларускай супольнасці і культуры ці Беларускі дом у Вільні будзе месціцца ў цэнтры Вільні на вуліцы Vilniaus g. 20 яшчэ 10 год. Сёлета калектыў выйграў чарговы тэндар на арэнду і падпісаў адпаведныя дакументы.

racyja.com