Інэс Сянкевіч: «Быў момант, калі нам прыйшлося кінуць манетку»

Інэс Сянкевіч

Пяты фестываль беларускай музыкі Graj пройдзе ў Варшаве 5 верасня. На імпрэзе выступяць гурты Volski, J:Морс, Dzieciuki, “Дай Дарогу!” і “Разбітае Сэрца Пацана”. Але і ў маладых артыстаў ёсць шанец выйсці на сцэну івэнту.

Пра гэтую магчымасць, фестывальнае жыццё і іншыя бліжэйшыя канцэрты суарганізатарка падзеі Інэс Сянкевіч распавяла «Радыё Рацыя».

РР: Фестываль беларускай музыки «Грай» ужо запусціў галасаванне за найлепшы гурт, які будзе мець магчымасць выйсці на галоўную сцэне 5 верасня. Перад гэтым у артыстаў была магчымасць падаць свае заяўкі. Як адбыўся ўвесь гэты адбор, хто адбіраў, як адбіралі?

Інэс Сянкевіч: Спачатку артысты запаўнялі гугл-форму. Потым журы абрала 10 з 20-ці заявак. Складана было выбіраць, таму што ў кожнага з сябра журы быў свой фаварыт, быў нават момант, калі нам прыйшлося кінуць манетку. Зараз ад 1-га жніўня да 19-га адбываецца ў нашым тэлеграм канале галасаванне, дзе кожны чалавек можа прагаласаваць за той гурт, які яму найбольш спадабаецца, і пераможца выйдзе на сцэну 5 верасня, распачне канцэрт фестывалю «Грай».

РР: Наколькі шмат людзей было ў журы? І наколькі шырокім быў дыяпазон саміх канкурсантаў?

Інэс Сянкевіч: Пяць чалавек было ў журы. Гэта каманда фестывалю і блізкія людзі да фестывалю «Грай». Заяўкі падалі вельмі рознафарматныя гурты і выканаўцы – ад бардаўскай музыкі, да металу.

РР: Што азначае выраз «кінулі манетку»? Гэта як?

Інэс Сянкевіч: Гэта сапраўды было так, калі на апошняе дзясятае месца ў нас было два гурты з аднолькавай колькасцю балаў. Таму прыйшлося вось так вырашыць. Ніхто не мог узяць на сябе адказнаць.

РР: І вось па факце мы маем цяпер 10 прэтэндэнтаў. На колькі жорсткая зараз ідзе барацьба?

Інэс Сянкевіч: Ой, некалькі раз у дзень змяняецца гурт, які на першай пазіцыі. Сочым. Не ведаю, у што гэта ўсё ператворыцца. Усе актыўна галасуюць. Я так разумею, што гурты просяць сваіх знаёмых і прыхільнікаў падтрымаць іх у гэтым галасаванні. Паглядзім. Мне самой цікава, што з гэтага выйдзе.

РР: Вы самі прагасавалі ўжо?

Інэс Сянкевіч: Так, прагаласавалі. Не ведаю, ці ўсе сябры журы, але я прагаласавала.

РР: Імя пераможцы калі будзе вядома?

Інэс Сянкевіч: 20 жніўня абвесцім пераможцу. І я думаю, дастаткова будзе часу падрыхтавацца, да 5 верасня будзе два тыдні.

РР: У вас былі фестывалі «Грай», калі вы рабілі паўсцэны для маладых выканаўцаў і быў асноўны складнік. Ці не думалі гэтым разам таксама павялічыць магчымасць для маладых выканаўцаў?

Інэс Сянкевіч: Тут усё ўпіраецца ў кошты. Калі гэта дарагі клуб, то за кожную дадатковую гадзіну трэба дадаткова плаціць. А ўлічваючы тое, што яшчэ трэба правесці саўнд-чэкі для кожнага гурта, то вельмі шмат часу гэта займае.

Марына Савіцкая, racyja.com