Польшча заклікае сваіх грамадзянаў не ездзіць у Беларусь і нагадвае пра небяспеку, якая там чакае

Слупы на польска-беларускай мяжы. Фота: БелТА

Генеральнае консульства Польшчы ў Горадні апублікавала нагадванне аб небяспецы паездак у Беларусь са спасылкай на польскае МЗС, якое захоўвае найвышэйшы, чацвёрты ўзровень папярэджання для нашай краіны.

Падрабязнае тлумачэнне небяспекі паездак у Беларусь апублікаванае пад спасылкаю. Папярэджанне адносна такіх падарожжаў: «Узровень 4. Не едзь». Гэта азначае найвышэйшы ўзровень пагрозы.

Асабліва рызыкоўнымі такія паездкі могуць быць для палякаў, якія таксама маюць беларускае грамадзянства, папярэджвае Консульства. Рэч у тым, што, паводле беларускага заканадаўства, такія людзі лічацца выключна грамадзянамі Беларусі.

«Праз гэта ў крызіснай сітуацыі консул не будзе мець магчымасці для надання консульскай дапамогі польскаму грамадзяніну, якія таксама мае беларускае грамадзянства. Ад асобаў, якія маюць падвойнае польскае і беларускае грамадзянства, пры выездзе з Беларусі Памежны камітэт Беларусі патрабуе паказаць беларускі пашпарт. Гэта датычыць таксама непаўналетніх», – звяртае ўвагу польскі бок.

Яшчэ адна прычына, чаму польскае МЗС не раіць ехаць у Беларусь, – ваеннае напружанне ў рэгіёне і арышты грамадзянаў Польшчы.

Польскае консульства папярэджвае, што ў выпадку яшчэ большага пагаршэння сітуацыі з бяспекай, абмежавання ці спынення памежнага руху ці ў іншых непрадбачаных сітуацыях эвакуацыя можа значна ўскладніцца ці зрабіцца немагчымай.

Грамадзянам Польшчы, якія на сённяшні момант застаюцца ў Беларусі, рэкамендуецца пакінуць тэрыторыю нашай краіны з дапамогаю даступных камерцыйных і прыватных сродкаў.

Марыя Міхалевіч, belsat.eu