
У ліпені беларусы, а таксама некаторыя іншыя замежнікі ў Польшчы пачалі атрымліваць паведамленні ад ZUS (установа сацыяльнага страхавання) аб спыненні выплатаў на дзяцей – так званай дапамогі 800+. Тлумачыцца гэта найчасцей тым, што дзеці знаходзяцца не ў Польшчы ці іх няма ў польскім школьным рэестры. Аднак атрымлівалі такія паведамленні і тыя бацькі, чые дзеці некалькі гадоў ходзяць у польскія школы і нікуды не выязджалі. «Белсат» запытаўся ў ZUS і ў Памежнай аховы Польшчы, што адбываецца.
Дзеці атрымалі польскае грамадзянства – ім адмовілі ў 800+
Беларус Алег (імя змененае з меркаванняў бяспекі) разам з сям’ёй жыве ў Польшчы ўжо некалькі гадоў. І ён, і ягоная жонка працуюць афіцыйна, чацвёра іхных дзяцей вучацца ў польскіх школах. За ўсе гады пасля пераезду ў Польшчу нікуды за мяжу не выязджалі, а сёлета сям’я, у тым ліку – дзеці, атрымала польскае грамадзянства.
Чарговую заяўку на 800+ беларусы адправілі 1 лютага 2026 года, як толькі была адкрытая падача. Праз некаторы час на двух дзяцей дапамогу ўхвалілі, а яшчэ двум адмовілі, бо іх нібыта няма ў школьным рэестры – такое абгрунтаванне сям’я атрымала ў чэрвені.
«І гэта пры тым, што яны некалькі гадоў тут вучацца, маюць дыпломы за ўдзел у школьных алімпіядах і да т.п. Мы звярнуліся ў школу – там сказалі, што ўсё ў парадку, дзеці ёсць у базе і яны падавалі гэтую інфармацыю», – кажа Алег.
На тых дзяцей, якім ухвалілі дапамогу, у чэрвені, калі пачаўся новы перыяд, як звычайна, прыйшлі грошы. Аднак у ліпені сям’я атрымала новы ліст ад ZUS, у якім гаварылася, што выплаты спыняюцца і для іх праз нейкія неадпаведнасці ў базе Памежнай аховы – маўляў, дзеці выязджалі за мяжу або не знаходзяцца ў Польшчы.
«Мы тэлефанавалі, разбіраліся, дасылалі дадатковыя дакументы, у тым ліку пра атрыманае польскае грамадзянства. У выніку выплаты тым двум дзецям вярнулі. А вось з тымі, якіх нібыта няма ў школьным рэестры, дагэтуль цішыня і нічога невядома», – кажа мужчына.

Пра падобныя выпадкі пішуць беларусы ў адным з бацькоўскіх чатаў:
«Нам напісалі, што няма выплатаў, таму што вашае дзіця не вучыцца ў польскай школе. А дзіця вучыцца. Мы скідвалі легітымацыю (пасведчанне вучня школы. – Рэд.) – ім гэта не падышло. Трэба, каб дзіця было ўнесенае ў нейкі рэестр, маўляў, ідзіце ў школу і разбірайцеся. Дзіця вучыцца тут 4-ы год».
«Няма тлумачэнняў»
Бацькі, якія атрымалі адмову ў дапамозе праз неадпаведнасці ў базах Памежнай аховы і тое, што іхныя дзеці нібыта не ў Польшчы, расказваюць пра розныя сітуацыі – так, у некага дзеці былі на вакацыях у Беларусі ці іншай краіне. Аднак шмат і тых, хто ні сам нікуды не выязджаў, ні дзяцей ні вывозіў.
Высветліць, што адбываецца, атрымліваецца не ўва ўсіх. Некага ZUS накіроўвае ў Памежную ахову, а Памежная ахова – зноў у ZUS.
Кансультантка па легалізацыі ў Польшчы Вольга Цімкіна расказвае ў Фэйсбуку, што апошнім часам замежнікі атрымліваюць нават не прыпыненне выплатаў, а адмовы без тлумачэння прычынаў. Сутыкаюцца з гэтым не толькі грамадзяне Беларусі, але і ўкраінцы, расейцы, а таксама сірыйцы і прадстаўнікі некаторых іншых краінаў.
Вольга і ейныя кліенты спрабуюць высветліць, што адбываецца, але аднаго тлумачэння пакуль няма – ZUS і Памежная ахова часам даюць розную інфармацыю.
Так, аднаму з кліентаў Цімкінай у Галоўным упраўленні Памежнай аховы сказалі, што прычына можа быць у тэхнічным збоі пры аўтаматычнай праверцы дадзеных, і што пасля карэкціроўкі інфармацыі выплаты будуць адноўленыя, у тым ліку за той перыяд, калі прыпыняліся.
Яшчэ аднаму беларусу ў Памежнай ахове растлумачылі, што «ў сістэме адбыўся збой, і дадзеныя часткі замежнікаў маглі перамяшацца з дадзенымі асобаў, якія маюць статус UKR.
«Няма тлумачэнняў. Ні з Памежнай аховы, ні ад ZUS. І я хадзіла, і людзі хадзілі. Прычына незразумелая, што адбываецца. Падобна да тэхнічнага збою, але пацверджання гэтаму няма. Не залежыць ні ад чога. Ёсць адмовы і прыпыненне выплатаў тым, у каго дзеці тут нарадзіліся. Адзін беларус напісаў апеляцыю тыдзень таму, і яму вярнулі выплаты. Ён напісаў проста, што не пакідалі Польшчу, жывём тут столькі і столькі гадоў. Сваімі словамі. Гэта пакуль адзін такі такі кейс», – кажа Вольга.
Цімкіна раіць падаваць абскарджанне, асабліва ў выпадку, калі ад ZUS прыйшло не прыпыненне, а адмова. У адмысловым лісце ва ўстанову трэба падаць інфармацыю аб тым, калі дзіця і бацькі ўехалі ў Польшчу, калі, на які перыяд і ў якія краіны сям’я ці дзіця выязджалі, прыкласці доказы таго, што бацькі працуюць і плацяць падаткі, а дзіця вучыцца ў польскай школе.
Што кажуць Памежная ахова і ZUS
«Белсат» звярнуўся з пытаннямі ў Памежную ахову і ў ZUS.
У адказе Памежнай аховы, падпісаным прэс-сакратаркай галоўнага камандзіра Ганнай Сабельскай-Тэкень, ведамства тлумачыць, што органам, адказным за развязанне пытанняў, датычных дапамогі 800+, з’яўляецца ZUS.
«У выпадку, калі ZUS інфармуе бок аб з’яўленні «памылак у рэестры Галоўнага камандзіра Памежнай аховы», а карэспандэнцыя ўтрымлівае інфармацыю аб неабходнасці прыняцця канкрэтных мераў або працэдуры абскарджання, усе тлумачэнні адносна падставаў такой пазіцыі, яе наступстваў і далейшых працэдураў павінны быць прадстаўленыя ўстановай сацыяльнага страхавання (ZUS) як органам, які вядзе працэдуру», – гаворыцца ў адказе.
Адначасова Памежная ахова адзначае, што супрацоўнічае з ZUS і перадае ва ўстанову інфармацыю, неабходную для правільнага вядзення працэдураў. Аднак ацэнка гэтых звестак, іх інтэрпрэтацыя і прыняцце рашэнняў у індывідуальных справах знаходзяцца выключна ў кампетэнцыі ZUS.
Ад ZUS мы атрымалі два адказы.
Пётр Алявіньскі з прэсавага бюро пералічыў новыя ўмовы для атрымання 800+ замежнікамі з 1 чэрвеня 2026 года: легальнае пражыванне ў Польшчы, прафесійная актыўнасць таго з бацькоў, хто падае заяўку, і навучанне дзіцяці ў польскай школе, дзіцячым садку ці на польскай адукацыйнай платформе ў залежнасці ад узросту дзіцяці.
«На тэрмін разгляду заяўкі на дапамогу ўплываюць таксама ўнёскі платнікаў у ZUS, выпраўленні ў штомесячных дэкларацыях са змяненнямі падставаў для разлічэння ўнёскаў, а таксама супярэчнасці ў дадзеных аб перасячэнні мяжы і наведванні дзіцем школы або дзіцячага садку ў Польшчы», – гаворыцца ў лісце.
Новыя ўмовы для 800+
Пра неабходнасць працы і легальнага знаходжання ў Польшчы для падачы на 800+ і 300+ (дапамога «Добры старт» на пачатак школьнага года) піша нам у адказе таксама Цэнтр камунікацыі з кліентамі ZUS.

Прафесійная актыўнасць уключае варыянты:
• працаўладкаванне па працоўнай дамове – umowa o pracę ці umowa zlecenia,
• індывідуальнае прадпрымальніцтва,
• атрыманне спартовых ці доктарскіх стыпендыяў,
• атрыманне дапамогі для беспрацоўных ці ўдзел у навучальных праграмах ці стыпендыях.
Трэба таксама ўлічваць, што заробак павінен быць не меншы, чым 50% ад мінімальнага. У некаторых выпадках (у залежнасці ад тыпу кантракту) гэты парог можа складаць 30%.
Дзіця ў школьным узросце павінна вучыцца ў Польшчы.
«Мы будзем верыфікаваць прафесійную актыўнасць кожны месяц. Калі ў дадзеным месяцы гэтая ўмова не была выкананая, выплаты будуць прыпыненыя. У сітуацыі, калі хтосьці з бацькоў не працуе, заяўку павінен падаваць той, хто працуе», – адзначае ў адказе Ірэна Янота з Цэнтру камунікацыі з кліентамі ZUS.
Калі дзіця нарадзілася не ў Польшчы, трэба звярнуцца ў Памежную ахову
Наконт адмоваў у выплатах праз недакладнасці ў рэестры Памежнай аховы ZUS раіць бацькам, у якіх дзіця нарадзілася па-за межамі Польшчы, але жыве ў гэтай краіне, звяртацца ў Памежную службу для правярання дакладнасці дадзеных у іх рэестрах.
«Калі заяўнік ці дзіця перасеклі мяжу краіны Еўразвязу, з мэтай пацвярджэння пражывання на тэрыторыі Польшчы трэба звярнуцца ў Памежную ахову для дапаўнення дадзеных у рэестры. Пры звароце ў Памежную ахову важна верыфікаваць дадзеныя як дзіцяці, так і заяўніка. Кантакт з Памежнай аховай патрабуе прадстаўлення ўсіх дакументаў, што пацвярджаюць асобу заяўніка і дзіцяці», – піша ZUS.
У выпадку аднаўлення выплатаў заяўнік будзе праінфармаваны, а грошы прыйдуць на рахунак цягам 14 дзён ад дня ўручэння рашэння аб аднаўленні выплатаў.
Хочам адзначыць, што на канкрэтнае пытанне пра тое, чаму беларусы атрымліваюць прыпыненне ці адмовы ў выплатах 800+ – гэта збой ці штосьці іншае, – ZUS нам не адказаў. Мы накіравалі ва ўстанову яшчэ адзін запыт і апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Як паведамляў ZUS у сярэдзіне ліпеня, пасля таго як новыя патрабаванні да атрымання 800+ замежнікамі набылі моц, установа атрымала больш за 110 тысячаў новых заяваў. З іх каля 12,5 тысячы чалавек атрымалі адмовы, бо не выканалі патрабаванняў для атрымання выплатаў.
Спыненне выплаты дапамогі можа датычыць таксама палякаў, у выпадку, калі заяўнік ці ягонае дзіця працяглы час будуць знаходзіцца па-за межамі Польшчы. Кароткатэрміновыя выезды на вакацыі, у адпачынак за мяжу на выплаты 800+ не паўплываюць, сцвярджае ZUS.
