Ціханоўская падзяліла з беларусамі адказнасць за праблемы з легалізацыяй за мяжою

Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская ў студыі «Белсату». Варшава, Польшча. 6 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю «Белсату» заявіла, што не толькі яна, але і самыя беларусы могуць дапамагаць у развязанні праблемаў з легалізацыяй за мяжою і адкрыццём банкаўскіх рахункаў. «Будзьце актыўнымі, дарагія беларусы!» – заклікала лідарка.

«Перадусім хачу адзначыць, што ніякай змены афіцыйнай Польшчы ў дачыненні беларусаў няма. Ва ўладзе разумеюць, што сітуацыя ў Беларусі не мяняецца, што рэпрэсіі працягваюцца, што людзям небяспечна вяртацца дадому і людзі выязджаюць», – сказала Святлана Ціханоўская, каментуючы паведамленні пра тое, што польскія чыноўнікі ўсё часцей адмаўляюць беларусам у міжнароднай абароне.

Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету заклікала дачакацца далейшай статыстыкі: маўляў, звесткі за адзін месяц могуць быць выключэннем. Адначасова яна падкрэсліла, што заўсёды абмяркоўвае праблему легалізацыі беларусаў на ўсіх сустрэчах:

«Мы заўжды падымаем пытанне легалізацыі беларусаў, калі мы камунікуем і з прэзідэнтурай, і з офісам прэм’ер-міністра, міністэрства замежных справаў. Нядаўна Павел Латушка быў на аўдыенцыі ў міністра ўнутраных справаў, каб абмеркаваць гэтае пытанне».

Ціханоўская канстатавала, што і даводзіцца доўга чакаць дакументаў, і маюцца неразвязаныя праблемы з пенсіянерамі, з «дзеткамі народжанымі», з апастылем. «Аднак няма намеру неяк мяняць стаўленне да беларусаў», – заявіла лідарка:

«Так, можа, сістэма занадта павольная, ці шмат прыязджае людзей, і мы ў адной чарзе з іншымі мігрантамі. Тут вельмі важна, што мы і робім, тлумачыць, што беларусы – гэта не звычайныя мігранты, мы тут не паводле свайго выбару, мы вымушаныя былі з’ехаць».

Адначасова Ціханоўская зазначыла, што «Польшча вельмі прыязна ставіцца да беларусаў, нас не выштурхоўваюць, і ўлады разумеюць, што хібы, якія ёсць, трэба выпраўляць». Разам з тым беларусам не варта спадзявацца толькі на кіраўніцу Кабінету:

«Я хачу заклікаць беларусаў, каб таксама былі больш актыўныя, бо толькі ў кабінетах гэта пытанне не вырашаецца. Беларусы таксама павінны адчуваць сваю адказнасць, што трэба быць бачнымі ў Польшчы, трэба выходзіць у медыі і тлумачыць, што мы тут, тлумачыць нашыя сітуацыі, бо калі няма разумення сярод палякаў ці ў медыях, што ўсё працягваецца, што трэба беларусам дапамагчы, што бяспечная Беларусь у вашых інтарэсах таксама, то і няма адчування крытычнасці сітуацыі ў польскіх уладаў, і могуць адкладаць рашэнне гэтага пытання на потым. То бок, будзьце актыўнымі, дарагія беларусы!»

Надоечы Святлана Ціханоўская прызналася, што ў польскім банку ёй адмовіліся адкрываць рахунак з увагі на пратэрмінаваны беларускі пашпарт. З такой праблемай сутыкаюцца шмат якія беларусы ў выгнанні. Пакуль сустрэчы кіраўніцы Пераходнага кабінету з топ-менеджарамі некалькіх банкаў плёну не далі:

«Кіраўніцтва гэтых банкаў ведае сітуацыю і кожны раз, калі беларус прыходзіць і тлумачыць, што ён не можа вярнуцца дадому, пашпарт пратэрмінаваны, – пра гэта ўсе ведаюць. Але банкі – незалежныя структуры, там палітыка дзяржавы не адбіваецца на палітыцы нейкага асобнага банку. Рызыкі адкрыцця рахункаў людзям з краіны-суагрэсара перавешваюць, таму вось такая блытаніна. І няма нейкага сістэмнага падыходу, бо я бачу: адным адкрываюць, іншым не адкрываюць. Не заўсёды зразумела, ад чаго гэта залежыць».

Ціханоўская ўважае, што і ў гэтым пытанні здольныя дапамагчы самыя беларусы.

«Тут таксама трэба працаваць разам, і ў медыях пра гэтую праблему казаць, і на вышэйшым узроўні, што мы і робім, і працаваць з банкамі. Ведаеце, мы як першапраходцы: такой сітуацыі раней ніколі не было, і мы спрабуем тут пагаварыць, тут пераканаць, там растлумачыць. Вось так навобмацак мы спрабуем вырашыць гэтую праблему», – падсумавала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету.

Кацярына Андрэева, Сцяпан Кубік, belsat.eu