8 і 9 жніўня ў Вільні адбудуцца акцыі, прысвечаныя Дню годнасці беларусаў і шостай гадавіне падзей жніўня 2020 года. Арганізатар канцэрта Юрыя Стыльскага, былы палітвязень Ілля Міронаў, запрашае беларусаў да іх далучыцца.

Паводле Іллі Міронава, гэтыя даты маюць вялікае значэнне для беларускага народа. Менавіта ў жніўні 2020 года беларусы выйшлі на вуліцы, каб абараніць сваё права на свабодны выбар:
– 9 жніўня – дзень памяці. Беларусы аб’ядналіся так, што пра беларусаў сталі гаварыць што гэта нацыя. Такога яшчэ не было. Да жніўня 2020 года былі пратэсты, але такіх пратэстаў, калі на вуліцы ўсіх населеных пунктаў выйшлі людзі. Такога яшчэ не было.

Галоўнай тэмай Дня годнасці сёлета стануць палітычныя вязні Беларусі. Як адзначае Ілля Міронаў, сёння менавіта іх галасы з’яўляюцца голасам беларусаў на волі:
– 9 жніўня – гэта той дзень, які паднімае тэму палітвязняў на першае месца. Мы з’яўляемся голасам усіх палітвязняў. І гэты голас будзе гучаць 9 жніўня. Гэта ўбачыць увесь свет. Беларусы не змірыліся з тым, што адбылося ў жніўні 2020 года.
У праграме 8 жніўня: экскурсія па Вільні «Беларускія жанчыны свабоды». Яна пачнецца а 14-й гадзіне на Лукішскай плошчы каля крыжа паўстанцам. 9 жніўня дзень пачнецца з малітвы за Беларусь у Беларускім праваслаўным прыходзе. Пасля адбудуцца роварны прабег, мітынг на Кафедральнай плошчы, Марш свабоды да Вахты Святла каля Амбасады Беларусі, хвіліна маўчання і адкрыты мікрафон. Завершыцца Дзень годнасці акустычным канцэртам Юрыя Стыльскага а 18-й гадзіне ў культурнай прасторы Alaus namai па адрасе Goštauto, 8, Вільня.
Праграма:
Дзень годнасці беларусаў 2026: у Вільні адбудуцца акцыі і імпрэзы да шостай гадавіны падзей 9 жніўня 2020 года
9 жніўня 2026 года ў Вільні пройдуць памятныя акцыі, прысвечаныя шостай гадавіне прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, якія суправаджаліся масавымі фальсіфікацыямі, беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі і пачаткам найбуйнейшага грамадскага супраціву ў найноўшай гісторыі краіны.
У гэты дзень беларуская супольнасць Літвы, былыя палітычныя вязні, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, палітыкі, літоўскія сябры Беларусі і ўсе неабыякавыя людзі збяруцца разам, каб ушанаваць памяць ахвяр рэжыму, выказаць салідарнасць з тымі, хто застаецца за кратамі, і яшчэ раз нагадаць: барацьба за свабодную, незалежную і дэмакратычную Беларусь працягваецца.
Праграма мерапрыемстваў:
13:00 — мітынг на Кафедральнай плошчы ў Вільні
Перад удзельнікамі выступяць былыя палітычныя вязні, палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і сябры Беларусі. Таксама прагучаць песні, якія сталі сімвалам беларускай салідарнасці.
14:00 — Марш свабоды ад Кафедральнай плошчы да Варты Святла каля Амбасады Беларусі
Традыцыйнае шэсце пройдзе ў суправаджэнні беларускіх бубначоў.
15:00 — хвіліна маўчання каля Варты Святла
Удзельнікі ўшануюць памяць ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі, а таксама герояў, якія загінулі, абараняючы незалежнасць Украіны. Пасля яе адбудзецца адкрыты мікрафон, дзе кожны ахвотны зможа выступіць, падзяліцца асабістай гісторыяй або звярнуцца са словамі салідарнасці.
18:00 — акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага
У пабе Alaus Namai (Goštauto g. 8, Вільня) адбудзецца акустычны канцэрт Юрыя Стыльскага, фронтмэна легендарнага беларускага рок-гурта «Дай Дарогу!», чые песні і музычныя кліпы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Арганізатары заклікаюць усіх удзельнікаў прыходзіць з беларускімі нацыянальнымі сцягамі і іншай нацыянальнай сімволікай.
За шэсць гадоў пасля падзей жніўня 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў былі вымушаныя пакінуць радзіму, сотні прайшлі праз турмы, а многія дагэтуль застаюцца ў зняволенні. Нягледзячы на гэта, беларуская дыяспара працягвае захоўваць памяць пра падзеі 2020 года, падтрымліваць палітычных вязняў і іх сем’і, а таксама працаваць дзеля свабоднай і дэмакратычнай Беларусі.
Дата: нядзеля, 9 жніўня 2026 года
Час пачатку: 13:00
Месца: Кафедральная плошча, Вільня.
