«Крамбамбуля» і Лявон Вольскі абвясцілі Усебеларускі карпаратыў

«Крамбамбуля» заспявае для беларусаў 20 жніўня ў 20:00 паводле Менску. Фота: Яўген Ерчак

Гурт «Крамбамбуля» і яго лідар Лявон Вольскі праанансавалі канцэрт для беларусаў па ўсім свеце. Паводле словах музыкантаў, гэта будзе Усебеларускі карпаратыў, на які кожны ахвочы здолее трапіць з любога куточку планеты.

«”Крамбамбуля” за гады сваёй бурлівай дзейнасці якія толькі канцэрты не грала – і маленькія карпаратывы для некалькіх дзясяткаў чалавек, і вялікія карпаратывішчы для сотняў і тысячаў, і велізарныя стадыённыя шоу для дзясяткаў тысячаў. Дык запрашаем усіх на, спадзяемся, найвялікшы паводле ахопу, глабальны ўсебеларускі карпаратыў, дзе прагучыць усё – і забаўляльныя настальгічныя гіты, і мабілізацыйна-іранічныя “ваенныя песні”!» – кажа Лявон Вольскі.

Незвычайны онлайн-канцэрт адбудзецца на Youtube-канале Сепультура Alive, які быў адмыслова створаны для трансляцыяў выступаў музыкантаў, якія не маюць магчымасці граць у Беларусі. «Усебеларускі карпаратыў» «Крамбамбулі» адбудзецца 20 жніўня а 20:00 паводле Менску.

Канцэрты ладзяцца дзякуючы фінансаваму падтрыманню гледачоў. Ім прапануюць набыць сімвалічныя квіткі на выступ любімага артыста ці падпісацца на штомесячнае падтрыманне праекту Сепультура Alive. На канале ўжо адбыліся трансляцыі канцэртаў Naviband, J:Морс, Irdorath, Светы Бень і іншых беларускіх артыстаў.

Усебеларускі карпаратыў «Крамбамбулі» можна будзе паглядзець праз спасылку.

belsat.eu