
11 жніўня пайшоў з жыцця палітык Аляксандр Мілінкевіч. Пра гэта паведаміла ягоная сям’я.
«Сёння а 7:15 раніцы адышоў у вечнасць Аляксандр Мілінкевіч», – напісаў у Фэйсбуку сын палітыка Ігар Кулей.
Напрыканцы 2025 года палітык перанёс аперацыю, пасля чаго доўга змагаўся з наступствамі інфекцыі. Ён прыйшоў у шпіталь пяць месяцаў таму, 24 лістапада, на планавую аперацыю. Як распавядала ягоная жонка Іна Кулей, падставаю стала тамаграфія, якая паказала, што ягоная правая шыйная артэрыя была закрытая тромбам на 80 %. Дактары настойліва раілі не адкладаць аперацыю, бо ў любы момант тромб мог адарвацца – з фатальнымі наступствамі.
Пасля пачаліся доўгія месяцы барацьбы з інфекцыямі: запаленне лёгкіх, інфекцыя кішэчніка, ізноў запаленне лёгкіх. Лячэнне заняло месяцы: спачатку ў аддзяленні неўралогіі, потым у рэабілітацыі, пасля – у спецыялізаваным лячэбна-рэабілітацыйным цэнтры.
На польскім партале zrzutka.pl быў абвешчаны збор на рэабілітацыю, які сабралі за некалькі дзён.
Аляксандр Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў вёсцы Бершты (Шчучынскі раён).
У 1969 годзе ён скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытуту, пасля працаваў школьным настаўнікам у Горадні, будаваў навуковую кар’еру, праз што далей вучыўся і працаваў ва ўніверсітэтах, у тым ліку за межамі Беларусі. Сярод іншага, быў загадчыкам кафедры фізікі ў Сетыфскім універсітэце Алжыру.
Мілінкевіч – аўтар 65 навуковых манаграфіяў.
У 1990-х Аляксандр Мілінкевіч быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2006 года ён быў абраны адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Акрамя таго, узначальваў рух «За свабоду» ад пачатку дзейнасці арганізацыі да 2016 года.
Пасля Аляксандр Мілінкевіч стаў заснавальнікам Вольнага Беларускага Універсітэту, дзе цяпер ён канцлер. Гэта магчымасць для беларусаў бясплатна прайсці самыя розныя онлайн-курсы: ад эканомікі да грамадскага кіравання. Стратэгічная задача ВБУ – стварэнне беларускага лічбавага ўніверсітэту.
У 2023 годзе Аляксандр Мілінкевіч вярнуўся да палітычнай дзейнасці ў якасці пазаштатнага дарадцы Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” смуткуе і выказвае шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім спадара Аляксандра Мілінкевіча.
