Як сказалі на пачатку вечара самі акторы незалежнай тэатральнай групы, канцэпцыя гэтай імпрэзы вельмі адрозніваецца ад тых ранейшых капуснікаў, якія ствараліся з нагоды свята, піша Reform.by.

На вечарыне народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік распавяла пра пяць пакаленняў сваёй тэатральнай сям’і, злучыўшы на прыкладзе сваёй асабістай гісторыі гісторыю Беларусі і Купалаўскага тэатра, мінулае і сучаснасць.

Монаспектакль адной з любімых беларускіх актрыс працягнула нечаканая падзея — аўкцыён лялек, зробленых жа Зояй Белахвосцік. Лялькі — героі спектакляў: была і Паўлінка, і Атэла з Дэздэмонай, і анёлы… Набыць часцінку гісторыі Купалаўскага было шмат ахвотных — усе два дзясяткі лялек былі распрададзеныя.

На сённяшні дзень «Купалаўцы» маюць забарону на прафесію ў Беларусі, і вялікая частка мусіла выехаць з краіны з-за пагрозы рэпрэсій. Большасць актораў найстарэйшага беларускага драматычнага тэатра звольніліся ў 2020 годзе ў знак пратэсту супраць гвалту, які адбываўся ў краіне. Як вядома, сам Купалаўскі тэатр зараз у стане стагнацыі, у трупу набіраюцца расійскія акторы і студэнты. У будынку з шыльдай “Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы” працуюць тыя, хто змаўчалі, выказалі лаяльнасць да рэжыму, але ў большасці сваёй не маюць асаблівага дачынення ані да нацыянальнага тэатра, ані да ўнікальнай купалаўскай школы.

А вось артысты, якія вымушана апынуліся ў эміграцыі, не маюць сталай пляцоўкі і мараць знайсці яе ў Варшаве. Як адзначылі самі ўдзельнікі незалежнай тэатральнай групы падчас імпрэзы, “у нас няма свайго купалаўскага дома, але тэатр – гэта не будынак, а людзі. І там, дзе купалаўцы – там тэатр: наш купалаўскі дом”.

Вольныя Купалаўцы. Фота: johnny_cosmic

Пасля звальнення быў зроблены шэраг праектаў у відэафармаце, а ўжо ў Польшчы пастаўлена некалькі спектакляў. Сярод іх “Дзяды” – сумесная праца з польскім рэжысёрам Паўлам Пасіні, “Гусі-людзі-лебедзі” па рамане Альгерда Бахарэвіча “Сабакі Эўропы”, “Сфагнум” па аднайменным творы Віктара Марціновіча, рэжысёрам якіх выступіў Аляксандр Гарцуеў.

Фота: johnny_cosmic

Адна з галоўных місій – захаваць тэатр і стогадовыя купалаўскія традыцыі, кажуць артысты, каб вярнуцца дамоў “не з пустымі рукамі”. З аптымізмам яны глядзяць і на пытанне фінансавання існых і новых праектаў, бо планаў і ідэй шмат, вядзецца карпатлівая праца па іх рэалізацыі. Аднак праблема з фінансаваннем і больш-менш сталай пляцоўкай для выступленняў і рэпетыцый застаецца. Таму, як кажуць акторы незалежнай тэатральнай групы, будуць удзячныя за любую дапамогу ў гэтых пытаннях.

Падтрымаць актораў і праекты можна тут.

Альбо cкантактаваўшыся па адрасе: contact@kupalaucy.pl.

Reform.by