Латвія не адкідае магчымасць закрыцця мяжы з Беларуссю

Прэзідэнт Латвіі наведаў мяжу з Беларуссю / Адміністрацыі прэзідэнта Латвіі

Кіраўніцтва Латвіі не адмаўляецца ад ідэі поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Пра гэта прэзідэнт краіны Эдгар Рынкевіч казаў 17 жніўня падчас наведання латвійска-беларускай мяжы.

Паводле яго, пункт пропуску “Патэрніекі” на беларускай мяжы Латвія можа закрыць у любы момант.

“Мы пакідаем адкрытымі абсалютна ўсе магчымасці ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сітуацыя. Пры неабходнасці любое рашэнне будзе прымацца на ўзроўні Рады нацыянальнай бяспекі ці ўрада. Скаргі ў такім выпадку трэба адрасаваць у Мінск і тым, хто праводзіць гэтую гібрыдную аперацыю супраць Латвіі. Таму мы пакідаем гэтае пытанне адкрытым”,перадае словы Рынкевіча выданне lsm.lv.

Рынкевіч дадаў, што да канца 2026 года латвійска-беларуская мяжа будзе цалкам абсталяваная тэхнікай, каб памежны кантроль быў больш эфектыўным. На сёння, паводле яго, датчыкі і відэа ўзсталяваныя на 55% мяжы з Беларуссю.

Беларуска-латвійскі ўчастак мяжы за апошнія месяцы стаў асноўным пунктам, праз які накіроўваюцца мігранты з тэрыторыі Беларусі. Рынкевіч мяркуе, што такім чынам рэжым Лукашэнкі хоча паўплываць на латвійскае грамадства напярэдадні выбараў у Сейм. У той жа час Расія хоча пасеяць недавер у грамадстве, паказваючы, быццам улады Латвіі не спраўляюцца з міграцыйным ціскам.

“Патэрніекі” застаюцца адзіным адкрытым на сёння пунктам на мяжы з Беларуссю. На мяжы ліпеня і жніўня яго закрывалі на некалькі дзён, афіцыйна —  з тэхнічных прычынаў.

euroradio.fm