У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі акаўнты Polesye_Media ў Threads і TikTok

Міністэрства інфармацыі Беларусі 16 жніўня чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT

У пералік «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» ўлады ўключылі старонку ў сацыяльнай сетцы Threads з назвай Polesye_Media (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/@polesye_media?igshid=NTc4MTIwNjQ2YQ==), на якую падпісаныя 78 чалавек. А таксама TikTok-акаўнт з назвай Polesye_Media у (ідэнтыфікатар https://www.tiktok.com/@polesye_media?_r=1&_t=ZS-981J2TqXvRE), які мае больш за тры з паловай тысячы падпісчыкаў.

Абодва інтэрнэт-рэсурсы публікуюць беларускія навіны пра палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае жыццё краіны. «Праўдзівыя навіны з Беларусі!» — такі слоган мае TikTok-акаўнт Polesye_Media.

Кантэнт гэтых інтэрнэт-рэсурсаў прызнаў «экстрэмісцкім» суд Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці, адпаведнае рашэнне было прынятае 14 жніўня 2026 года.

У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключылі таксама старонку ў Instagram з назвай chrysalismagazine (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/chrysalismagazine).

Гэта інтэрнэт-рэсурс незалежнага анлайн-часопіса Chrysalis Mag, які піша пра сучаснае беларускае мастацтва. Часопіс публікуе агляды выстаў, інтэрв’ю з аўтарамі, тэматычныя падборкі кніг і мастацкіх прац. Instagram-старонку выдання 14 жніўня 2026 года прызнаў «экстрэміскай» суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці.

baj.media