
“З зямлі да гэтага месца яшчэ ніхто не падымаўся. Значыць, пацвердзіць знаходку цяпер не можа ніхто, ні мы, ні любая інстанцыя”. Так арганізатары пошуку зніклых альпіністаў пракаментавалі заяву МНС Кыргызстана.
Напярэдадні ведамства заявіла, што целы зніклых альпіністаў не знайшлі, а выявілі з дапамогай дрона толькі іх абутак.
“МНС Кыргызстана паведаміла, што 16 жніўня падчас пошукавых работ выяўлены абутак альпіністаў. Гэта праўда, і гэта не аспрэчвае тое, што пісалі мы. Чаравікі ў кошках гэта самае дакладнае, што відаць на запісе. Сваю фармулёўку ад 16 жніўня мы не мянялі і паўторым яе даслоўна. Людзей здымкі не паказваюць, амаль усё схавана снегам і камянямі. Мы бачым чаравікі ў кошках, часткі рыштунку і адзення і абрысы, якія чытаем як целы. Сказаць дакладна можна будзе толькі пасля спуску, тады ж стане магчымым і апазнанне. З зямлі да гэтага месца яшчэ ніхто не падымаўся. Значыць, пацвердзіць знаходку цяпер не можа ніхто, ні мы, ні любая інстанцыя. Тут няма дзвюх версій. Ёсць асцярожнасць у словах”, — піша сябра зніклых альпіністаў і ўдзельнік пошукавай групы Аляксандр Смірноў.
Штаб па пошуку альпіністаў разлічвае варыянты аперацыі па спуску. Яна можа адбыцца пры канцы жніўня або ў верасні.
Беларусы Максім Палянскі і Мікалай Свірыдаў, а таксама грамадзянін Літвы Сяргей Рубцоў 1 жніўня падняліся на пік Курумды ў Кыргызстане. Апошні раз на сувязь яны выйшлі 2 жніўня, пасля чаго планавалі спуск у базавы лагер. Аднак на месца сустрэчы альпіністы так і не выйшлі. Іх пошукі працягваліся больш за тыдзень.
