Валанцёрская арганізацыя “Дапамога” адзначае сваё 6-годдзе

Шасцігоддзе існавання валанцёрскай арганізацыі “Дапамога” адзначаць 5 верасня ў Вільні на тэрыторыі “Беларускага замка”. Гэтая арганізацыя вядомая ўсім беларусам Літвы сваёй сапраўднай дапамогай, гасціннасцю і цікавымі імпрэзамі.

Паводле кіраўніцы арганізацыі Наталлі Калегавай, яны ўжо вызначылі сталую дату святкавання дня нараджэння арганізацыі:

– Я спадзяюся, што калі ў нас усё будзе свабодна, то на тэрыторыі «Замка» у нас застанецца гатэль, ці штосьці іншае. І будзем ладзіць раз на год, у першую суботу верасня, адмысловую імпрэзу. У нас заснаванне адбылося 7 верасня, тады прайшла рэгістрацыя, але мы існавалі раней, мы ўжо аказвалі дапамогу. Аднак мы вырашылі, што першая субота верасня у нас будзе лічыцца Днём дапамогі.

Як кажа Наталля Калегава, гэта будзе адкрытае свята і яна чакае ўсіх беларусаў, нават тых, хто не звязаны з “Дапамогай”:

– Мы будзем рады ўсім. І тым, каго не бачылі год, два гады, чатыры гады, – час хутка бяжыць. Некаторыя думаюць, што яны далёка ад ўсяго гэтага. Гэта як бабулі даслаць паштоўку ў Дзень маці. Маеце такую магчымаць даслаць віншавальную паштоўку, згадаць добрым словам. І нават калі хтосьці ніколі не быў звязаны з «Дапамогай», але можа чуў пра нешта добрае, ці проста цікава, – то, калі ласка.

Арганізатары свята просяць беларусаў запоўніць апытанку пра святкаванне, каб імпрэза стала больш цікавай і разнастайнай, адпавядала запытам гасцей.

racyja.com