У Зэльве знік помнік паэтцы Ларысе Геніюш. Гэты абуральны факт «Хрысціянскай візіі» каментуе Валерыя Чарнаморцава, былая палітзняволеная і даследчыца сталінскіх рэпрэсій.
«Сёлета спаўняецца 75 год з часу арышту Ларысы і Янкі Геніюшаў. Адбылося гэта 5 сакавіка 1948 года, а роўна праз 5 год, дзень у дзень, памёр Сталін. Напэўна і яго наступнікам, сталіназаўрам, ужо нядоўга засталося:
Сьвітае. Нявінныя ўсталі з калень, А мёртвыя выйшлі па ляўры. І толькі ад праўды схаваліся ў цень Апошнія сталіназаўры.
Як немагчыма было пеклу ўмясціць уваскрослага Хрыста, так пекла ГУЛАГу не пераварыла Ларысу Геніюш і шматлікіх іншых праведнікаў.
Так і зараз духоўныя нашчадкі тых сталіністаў бяснуюцца, бачачы ў царкве, на царкоўнай тэрыторыі, ушанаваньне такой прынцыпова антысавецкай асобы.
Нязломная беларуская паэтка, пакутніца сталінскага ГУЛАГу Ларыса Геніюш яшчэ з часоў жыцця ў Празе была шчырай праваслаўнай хрысціянкай. Дапамагала праваслаўным бацюшкам. Была хроснай маці для паловы дзетак Зэльвы. Ахвяравала для зэльвенскай царквы нешматлікія свае каштоўныя рэчы. Дарагая аксамітная сукенка, дасланая Геніюш з-за мяжы, па яе волі пайшла на вокладку богаслужбовага Евангелля.
Менавіта таму ў Зэльве так захоўваецца памяць пра знакамітую прыхаджанку. Раней на дзень народзінаў Ларысы Геніюш штогод служылася беларускамоўная Літургія і паніхіда, а пасля адбываліся паэтычныя сустрэчы і канцэрты.
Я веру, што помнік хутка ўжо вернецца на сваё месца, а таксама паўстануць шматлікія іншыя помнікі, шыльды, музеі, назвы вуліцаў ды іншае побач з помнікамі сучасных сапраўдных герояў Беларусі.
А ўсім прыслужнікам самаагалошанай улады, якія дамагаліся і такі часова дамагліся дэмантажу помніка, адказала ўжо сама Ларыса Антонаўна:
О, акупанты, жах народных мук! Мы ў сябе — пчолы, вы заўсёды — трутні. З крывавых вашых і праклятых рук і Божы хлеб становіцца атрутны. О акупанты, з цемры вы і зла, вы ў нашых слёзах, у крыві па вушы, без праўды розум, сэрцы без цяпла, без дабрыні шакалавыя душы! * * * ...Нялёгкі шлях, ды я з яго не збочу, і халадку да сэрца не дастаць. Прайду адна бязбоязна і ноччу, я дачакаюся — пачне світаць!»
Помнік у гонар Ларысы Геніюш стаяў на тэрыторыі Троіцкай праваслаўнай царквы ў Зэльве — гарадскім пасёлку, дзе паэтка пражыла апошнія гады. Ён быў усталяваны з блаславення Мінскага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) у 2003 годзе.
Прарасійская актывістка Вольга Бондарава вяла агрэсіўную інфакампанію за дэмантаж помніка, але ўлады пастанавілі яго не зносіць. Тым не менш, у ноч на 30 сакавіка помнік знік, хто яго прыбраў, невядома.
novychas.online паводле «Хрысціянскай візіі»