Марфа Рабкова і Наста Лойка распавялі пра сваё турэмнае сяброўства

Наста Лойка і Марфа Рабкова

Цяжка пасварыць ці разлучыць сапраўдных сяброў беларускім сілавікам нават у зняволенні. Праваабаронцы і былыя палітвязынкі Марфа Рабкова і Наста Лойка распавялі пра сваё сяброўства, у тым ліку турэмнае, і пра правы чалавека за кратамі. Сустрэча з імі адбылася 19 жніўня ў Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча.

Марфа Рабкова

Паводле Марфы Рабковай, калі Наста Лойка трапіла таксама ў калонію, яна адчувала розны спектр эмоцый, але яна жадала хутчэйшага вызвалення сяброўцы:

– Тое, што яна была побач, з аднаго боку было лягчэй, таму што быў чалавек, які мяне разумеў, з якой мы на “адной хвалі”, з якой магу паразмаўляць на тыя тэмы, якія мяне турбавалі, якімі я жыла шмат гадоў. А з другога боку для мяне гэта было вельмі цяжка, таму што ўсё ж такі ёсць адрозненне, калі ты там знаёмішся з чалавекам ужо непасрэдна ў турме ці калоніі, ці калі ты яго ведаеш шмат год, і вы блізкія сяброўкі.

Наста Лойка

Адпаведна Наста Лойка таксама вельмі перажывала за сваю сяброўку, і калі Марфу затрымалі ў верасні 2020 года, яна старалася ўсяляк дапамагчы ёй і яе сям’і:

– Канешне, гэта цяжка, калі блізкі чалавек у зняволенні. А з іншага боку, калі я прыехала ў калонію, то мне было вельмі важна, што ёсць чалавек, якому я давяраю, якая ўжо добра ведае абставіны і можа мне штосьці тлумачыць і падтрымліваць. І гэта вельмі моцна адчувалася. І таму гэты шлях нас вельмі моцна ўзмацніў, сумеснае сяброўства там. Канешне, на нас спрабавалі ціснуць, пагражаць, але мы разумелі, што гэта проста маніпуляцыі, спрабавалі на гэта не звяртаць увагі, а ў астатнім гэта тое, што сапраўды надавала нам моцы.

Наста Лойка і Марфа Рабкова нарадзіліся ў адзін дзень, 6 студзеня, з розніцай у шэсць год, з калоніі яны таксама выйшлі ў адзін дзень, 19 сакавіка 2026 года, і былі прымусова вывезеныя разам уладамі Беларусі ў Літву. Цяпер Наста ўладкоўвае сваё жыццё ў Польшчы, а Марфа засталася ў Літве.

Нагадаем, Наста Лойка правяла за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць больш за 2.5 гады з прысуджаных ёй 7 год,  а Марфа Рабкова 5.5 год з прысуджаных ёй 15 год.

racyja.com