З мэтай падтрымкі беларускай блогасферы на YouTube з’явілася новая ініцыятыва МедыяМагістрат

Пра стварэнне новай ініцыятывы паведаміў кіраўнік праекта «Беларускія Магістраты» Цімох Акудовіч на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«Так склалася, што запускаем яшчэ адзін Магістрат — МедыяМагістрат.

На дадзены момант асноўная мэта — развіццё беларускамоўнай блогасферы на YouTube. <…>

YouTube — гэта сучаснае тэлебачанне, а беларускамоўны кантэнт там па-ранейшаму прадстаўлены ў даволі малой колькасці ніш.

Механіка застаецца класічнай: збіраем кола ахвочых, гатовых штомесяц выдаткоўваць ад 10 да 100 еўра ў агульную скарбонку. Раз на 2–3 месяцы праводзім конкурс праектаў і супольна вырашаем, куды пойдуць сабраныя грошы.

Нашыя прынцыпы застаюцца нязменнымі:

  • Гульня ўдоўгую. Мы ствараем супольнасць павольна, але на доўгі час — каб разам выпрацоўваць эфектыўную стратэгію інвеставання ў беларускія праекты.
  • Прамая дэмакратыя. Усе рашэнні прымаем супольна — праз дамоўленасці або галасаванне.
  • Разумныя інвестыцыі. Шукаем праекты, якія дзякуючы нашай дапамозе могуць стаць самадастатковымі і ўстойлівымі», — напісаў Цімох Акудовіч.

Пакуль што далучыцца да Магістрата можна толькі праз яго ўдзельнікаў. Каб далучыцца ці падтрымаць новую ініцыятыву, трэба пісаць наўпрост Цімоху Акудовічу.

budzma.org