2 красавіка ў Beer Station Ursynów адбудзецца ўжо 13 па ліку беларускі арт-маркет. На кірмашы можна будзе купіць хэнд-мэйд ад нашых рамеснікаў і рамесніц, якія цяпер жывуць і працуюць у Польшчы, піша «Радыё Ўнэт».
На арт-маркеце будуць прадаваць аксэсуары, аўтарскую біжутэрыю, беларускія ляльлкі-матанкі, а польская майстрыца далучыцца да беларусаў са сваёй унікальнай керамікай.
− 3 польскія майстрыцы будуць на маркеце. Мы запрасілі іх, каб пашырыць аўдыторыю нашых пакупнікоў і каб да нас на кірмаш прыходзілі не толькі беларусы, − распавядае арганізатарка падзеі стваральніца Craft Hand Lab Марыя Кашапава.
Гэта, дарэчы, будзе ўжо 13 маркет беларускіх майстроў. Вольга Пашковіч у праекце з самага яго пачатку. На продаж робіць унікальныя лялькі-матанкі. Напрыклад − ляльку, што аберагае дом. Можна ў яе набыць і ляльку, што выконвае жаданні. Кошт вырабаў − ад 15 да 300 злотых.
− Самая дарагая мая лялька − вясельная. Але я яе раблю толькі на замову. Мне трэба ведаць пару, пазнаёміцца з людзьмі, для якіх я буду працаваць, − распавядае Вольга.
− Увогуле, хэнд-мэйд не можа быць бюджэтным, − дадае Марыя. − Гэта не толькі матэрыялы, гэта яшчэ час, праца чалавека. Я раблю ўпрыгожванні, гэта лазэрная рэзка. Даволі няпросты працэс. Усё гэта ўплывае не толькі на кошт, але і на каштоўнасць вырабу.
Марыя Кашапава кажа, што беларускім рамеснікам у Польшы трэба яднацца і надалей. Рынак новы, законы іншыя. Таму падобныя сустрэчы − гэта не толькі магчымасць прадаць свае вырабы, а і пазнаёміцца з калегамі ды абмяняцца каштоўным досведам выхаду на новыя пляцоўкі.
Падтрымаць беларускіх майстроў і майстрыц можна будзе ўжо 2 красавіка. А ў плэеры слухайце поўную размову з Вольгай Пашковіч і Марыяй Кашапавай пра жыццё беларускіх рамеснікаў у Польшчы.