Прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі 28 сакавіка паўдзельнічаў у адкрыцці офіса брытанскай IT-кампаніі, піша «Народная Воля».
Высветлілася, што 170 чалавек з новага офіса — гэта спецыялісты з Беларусі.
Прэзідэнт горада адзначыў, што ў польскім горадзе чакаюць беларускіх IT-спецыялістаў, але пра агульную колькасць нашых землякоў, якія для пераезду выбралі Беласток, ён не змог адказаць.
— Няма дакладнай статыстыкі. Але ў школе беларускіх дзяцей удвая больш, чым украінскіх. Людзі проста прыязджаюць сюды і маюць шанец на нармальнае жыццё. Тут ёсць рынкавая эканоміка, няма палітычнага пераследу. Гэта вельмі важна. І мы хацелі б, каб так і далей было. Яшчэ Беласток добры горад для беларусаў таму, што ён блізка да мяжы, і калі ў Беларусі сітуацыя будзе добрай, то можна будзе падарожнічаць, — заявіў Тадэвуш Трускаляскі.