
У жніўні латышскія памежнікі ўпершыню знайшлі тое, чаго не было відаць ні з камеры, ні з назіральнай вышкі, – тунэль пад мяжою. Неўзабаве выявілі яшчэ адзін. Праз іх у Латвію перайшлі 43 асобы, а адзін з падземных хадоў, паводле памежнікаў, капалі каля тыдня. «Белсат» пабываў на памежжы, пагаварыў з памежнікамі і мясцовымі жыхарамі і паглядзеў, як пасля гэтага змянілася ахова мяжы.
Глыбіня аднаго з падземных хадоў – прыкладна паўтара метра
Мяжа Латвіі з Беларуссю расцягнулася на 173 кіламетры. Памежжа выглядае будзённа: лес, вузкія дарогі, высокі металічны плот, за якім ужо Беларусь. Уздоўж агароджы ідзе патрульная дарога, па якой час ад часу праязджаюць службовыя аўты. На тэрыторыю глядзяць камеры і цеплавізары, асобныя ўчасткі аглядаюць з дронаў.
Агулам усё выглядае так, быццам мяжу можна кантраляваць цалкам. Але чым больш тэхналагічнаю становіцца яе ахова, тым больш змяняюцца і спосабы нелегальнага перасячэння. Калі раней агароджу рэзалі або пералазілі праз яе па драбінах, цяпер маршрут можа праходзіць там, куды камера не глядзіць, – пад зямлёю.
Першы выпадак у Латвіі зафіксавалі 10 жніўня 2026 года ў Скрудаліенскай воласці Аўгшдаўгаўскага краю. Памежнікі разам з Дзяржаўнаю паліцыяй, літоўскім кінолагам і групай хуткага рэагавання правяралі аператыўную інфармацыю і выявілі 15 чалавек, якія мінулі мяжу з боку Беларусі. Падчас далейшага агляду мясцовасці ў зоне адказнасці Сілэнскага падраздзялення знайшлі падземны ход – прыкладна за дзесяць метраў ад плота. Раней на гэтым участку прыкметаў незаконнага перасячэння мяжы не фіксавалі.
Ужо 20 жніўня ў Краслаўскім краі знайшлі другі тунэль. Гэтым разам праз яго з Беларусі перайшлі 28 чалавек. Выхад на латышскім баку месціўся прыкладна за 20 метраў ад дзяржаўнай мяжы і быў замаскаваны мохам. У той жа дзень Дзяржаўная памежная ахова Латвіі паведаміла пра 109 спыненых спробаў перасячэння мяжы з боку Беларусі, а іх колькасць з пачатку года дасягнула 10 тысячаў.

Намеснік начальніка Сілэнскага аддзелу Памежнай аховы Латвіі маёр Роландс Муканс у інтэрв’ю «Белсату» кажа, што тунэлі моцна адрозніваліся адзін ад аднаго. Першы быў фактычна проста падземным праходам. Другі выглядаў значна больш сур’ёзна: унутры былі дадатковыя канструкцыі і падлога. Яшчэ да знаходжання першага тунэлю памежнікі мелі аператыўную інфармацыю, што ў гэтай мясціне можа ісці капанне.
Глыбіня аднаго з падземных хадоў складала прыкладна паўтара метра, даўжыня – каля 30 метраў. Паводле інфармацыі, якую памежнікі далі «Белсату», на капанне пайшоў прыкладна тыдзень. За гэты час трэба было не толькі рухацца пад зямлёй, але і кудысьці вынесці вялікі аб’ём грунту – памежнікі ацанілі яго як амаль цэлы грузавік зямлі.

Менавіта гэтая дэталь выклікае ў латышскіх памежнікаў пытанні: работы адбываліся літаральна каля дзяржаўнай мяжы. Муканс кажа, што яму цяжка ўявіць, каб такое капанне працягвалася некалькі дзён або тыдняў і заставалася цалкам незаўважаным з беларускага боку. Ён запэўнівае, што беларускія памежнікі актыўна спрыяюць нелегальнай міграцыі.
Як цяпер выяўляюць нерэгулярных мігрантаў?
Ахова мяжы ў Латвіі не заканчваецца на металічным плоце. Памежнікі патрулююць лес і памежную паласу, карыстаюцца камерамі і цеплавізарамі, асабліва важнымі ўначы, і запускаюць дроны, каб хутка аглядаць вялікія тэрыторыі. Муканс кажа, што Памежная ахова развівае і сістэмы відэаназірання са штучным інтэлектам, а розныя тыпы дронаў інтэгруюць з іншымі сродкамі кантролю.

Але нават пры такой колькасці тэхнікі пошук групы часта пачынаецца з простага сігналу. Нешта заўважаюць камера або цеплавізар, людзей знаходзіць патруль, паступае аператыўная інфармацыя – ці тэлефануе мясцовы жыхар, які ўбачыў у лесе незнаёмых. Бывае і наадварот: спачатку затрымліваюць саму групу, а ўжо потым паводле яе маршруту спрабуюць зразумець, дзе менавіта яна перайшла мяжу. Памежнікі кажуць, што жыхары памежных вёсак рэгулярна паведамляюць ім пра падазроных людзей у лесе. Нават на мяжы, насычанай тэхнікай, такая «чалавечая сетка» назірання застаецца важнаю.
Пасля жнівеньскіх знаходак дадалася яшчэ адна задача: цяпер трэба шукаць не толькі рух на паверхні, але і магчымыя пустоты пад ёй. Для гэтага выкарыстоўваюць геарадары. Прыбор перамяшчаюць па зямлі, ён пасылае электрамагнітныя імпульсы ў грунт і дазваляе заўважаць анамаліі – напрыклад, пустоты або ўчасткі, дзе структура зямлі была парушаная.
Такім чынам, камера і цеплавізар могуць заўважыць чалавека, дрон – убачыць групу зверху, а геарадар павінен дапамагчы там, дзе маршрут схаваны пад зямлёю.
«Мы ўбачылі, што ўся вопратка была брудная»
Найбольш паказальная гісторыя – як знайшлі адзін з падземных хадоў.
Памежнікі загадзя мелі аператыўныя звесткі, што недзе ў гэтым раёне можа быць тунэль, але дакладнага месца не ведалі. Яны правяралі тэрыторыю, разумелі, што падземны ход павінен выходзіць за межы дванаццаціметровай памежнай паласы, але ні ўваходу, ні выхаду з паверхні не бачылі.

Падказка з’явілася ўжо пасля таго, як у лесе затрымалі групу. Памежнікі звярнулі ўвагу на вопратку людзей: яна была настолькі брудная, што выглядала так, нібыта яны не проста ішлі праз лес, а доўгі час паўзлі. У службы ўжо было прыкладнае разуменне, праз які ўчастак група магла мінуць мяжу. Зону пошуку звузілі.
«Мы ўбачылі, што ўся вопратка была вельмі брудная, і адчулі, што яны недзе паўзлі, а «недзе» – гэта тунэль», – расказвае Муканс.
Памежнікі вярнуліся на меркаванае месца і прыкладна праз 40-50 хвілінаў знайшлі падземны ход.
Паводле Муканса, большасць групаў, з якімі яны сутыкаюцца, – гэта мужчыны ў веку прыкладна ад 20 да 35 гадоў. Ён апісвае іх як фізічна моцных: пасля перасячэння мяжы яны могуць прайсці па лесе яшчэ 10-15 кіламетраў.
Пасля затрымання спачатку правяраюць стан здароўя і высвятляюць, ці патрэбная чалавеку гуманітарная дапамога. Калі такой патрэбы няма, людзей вяртаюць у бок краіны, адкуль яны прыйшлі, – у гэтым выпадку Беларусі.

Паводле Муканса, часам людзі прыходзяць ужо з праблемамі са здароўем або са слядамі пабояў. Ён сцвярджае, што некаторыя затрыманыя расказваюць пра прымус з боку беларускіх памежнікаў рухацца ў бок Латвіі. Бываюць і выпадкі, калі пасля пераходу мяжы людзі не спрабуюць ісці далей, а застаюцца каля мяжы і чакаюць латышскі патруль.
Паходжанне групаў рознае. Муканс у першую чаргу называе краіны Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Паразмаўляць з затрыманымі ўдаецца не заўсёды: памежнікі спрабуюць англійскую мову, карыстаюцца Google Translate, але нярэдка чалавек называе толькі краіну, адкуль прыехаў. Паводле Муканса, у групаў, як правіла, ужо ёсць інструкцыі, паводле якіх яны павінны дзеяць.
Галоўныя напрамкі – Нямеччына і краіны Скандынавіі
На думку латышскіх памежнікаў, пераход праз плот або тунэль – гэта толькі адзін элемент значна большага маршруту.
Муканс расказвае, што ў 2026 годзе яны пачалі асабліва заўважаць арганізатараў, якія выкарыстоўваюць TikTok. Маўляў, у такіх каналах можна ўбачыць, як групы дастаўляюць да мяжы, як іх падбіраюць у лесе, як арганізуюць лагеры, а часам нават паказваюць спробы мінуць мяжу або пашкодзіць памежную інфраструктуру.

TikTok, паводле Муканса, ёсць толькі часткаю схемы. Іншая працуе праз Telegram: там шукаюць каардынатараў і перавознікаў – людзей, якія павінны прывезці групу да мяжы або сустрэць яе ўжо пасля пераходу.
«Арганізатары даюць інструкцыі: што рабіць, як пераходзіць мяжу, як перамяшчацца ўнутры Латвіі», – кажа Муканс.
Сама Латвія, паводле яго, для большасці затрыманых не ёсць канчатковаю мэтай. Асноўнымі напрамкамі ён называе Нямеччыну і краіны Скандынавіі.
Таму пасля перасячэння мяжы трэба яшчэ выбрацца з лесу, дачакацца перавозніка і працягнуць рух далей. Але з гэтым звяном маршруту цяпер, паводле памежнікаў, узнікае ўсё больш праблемаў.
Муканс нагадвае, што раней за дапамогу ў транспартаванні нерэгулярных мігрантаў часцей пагражаў штраф, але пасля змянення заканадаўства зрабілася магчымым рэальнае пазбаўленне волі. Паводле суразмоўцы, пасля гэтага колькасць людзей, гатовых займацца перавозкаю, прыкметна зменшылася.
Прадстаўнік Памежнай аховы сцвярджае, што цяпер бываюць выпадкі, калі група ўжо знаходзіцца на латышскім баку, але некалькі дзён чакае чалавека, які пагодзіцца яе забраць.

«А каго, чаго іх баяцца? Мы ж іх не бачым увогуле»
Чым далей ад самога плота, тым менш латышскае памежжа падобнае да тэрыторыі пастаяннага крызісу. У невялікіх паселішчах людзі чакаюць аўтобусаў, заходзяць у крамы, займаюцца сваімі справамі. Службовыя машыны і памежнікі тут не выглядаюць нечым незвычайным. Але тэма мяжы ўсё роўна ўвесь час застаецца побач: у навінах, размовах і паведамленнях пра чарговыя групы ў лесе.
Адна з жанчын, з якой пагаварыў «Белсат», кажа, што тэма мяжы і нелегальнай міграцыі ўжо зрабілася на памежжы часткаю паўсядзённага жыцця. Паводле яе, пра гэта гавораць у грамадскіх месцах, паміж знаёмымі, у вольны час – тэма пастаянна прысутнічае ў размовах.
«Дзяржаве цяжка прымаць нейкія рашэнні, плюс гэта дадатковыя выдаткі. Гэта цяжка і для дзяржавы, і адбіваецца на нас, жыхарах Латвіі», – кажа яна.

Жанчына лічыць, што для аховы мяжы трэба прыцягваць больш службаў і структураў. Пры гэтым яна прызнае, што захады ўжо робяцца, але сумняваецца, што іх дастаткова.
Нашая суразмоўніца не жыве каля самой мяжы і кажа, што ў горадзе сітуацыя адчуваецца не так востра. Але пра людзей, чые дамы стаяць бліжэй да лесу і памежнай паласы, гаворыць з трывогаю.
Ацэньваць ролю ўладаў Беларусі жанчына не бярэцца. Яна кажа, што не можа каментаваць іх палітыкі і не ведае, чаму людзей не спыняюць раней.
«Мігранты думаюць, што тут усё добра, усё дазволена, што можна шмат зарабіць. Але гэта не так, проста яны, магчыма, гэтага не ведаюць. Ім, напэўна, цяжка там, дзе яны жывуць. Магчыма, нехта з іхных сваякоў або знаёмых добра ўладкаваўся тут і расказвае, што тут усё выдатна. Чаму ўлады Беларусі гэта дазваляюць – не ведаю. Мне здаецца, што гэтыя ўцекачы не ўяўляюць для іх пагрозы, таму ім проста ўсё роўна», – кажа яна.
Іншая жыхарка гаворыць пра ўсё значна спакайней. Яна чула і пра групу з 15 чалавек, і пра 28 чалавек з другога тунэлю, але сама ніводнага мігранта не бачыла.
«А каго, чаго іх баяцца? Мы ж іх не бачым увогуле», – кажа жанчына.
Хто менавіта вінаваты ў тым, што адбываецца, яна ацэньваць не бярэцца.
Сярод мясцовых ёсць і больш крытычныя галасы. Адзін мужчына кажа, што аднойчы бачыў на аўтобусным прыпынку некалькіх людзей, якіх прыняў за мігрантаў. Сам плот ён ацэньвае скептычна:
«Платы будуюць, а толку ніякага няма. Толькі грошы ўкладваюць».
Яшчэ адзін наш суразмоўца з Даўгаўпілсу не хоча разважаць пра тое, ці стаяць за міграцыйным патокам улады Беларусі.
«Можа, гэта так, можа, не так», – адказвае ён.

А вось ад латышскага боку чакае больш жорсткага кантролю: на ягоную думку, трэба не «рабіць выгляд, што ахоўваеш» мяжу, а сапраўды яе кантраляваць.
Паводле Муканса, на ўчастках розных памежных падраздзяленняў практычна штодня з’яўляюцца адна-дзве групы, якія спрабуюць перайсці мяжу. Затрымаць кожную не ўдаецца, і адною з прычынаў Муканс адкрыта называе недахоп людзей.
Для падтрымання латышскіх памежнікаў прыцягвалі калег з Літвы, Эстоніі і Фінляндыі.
11 жніўня, на наступны дзень пасля знаходжання першага тунэлю, Латвія пачала аперацыю VILKATIS. Дзяржаўная памежная ахова называе яе мэтанакіраваным і скаардынаваным адказам на «гібрыдную пагрозу – інструменталізаваную нелегальную міграцыю з беларускага боку». Гэта афіцыйная фармулёўка латышскіх уладаў. 1 верасня ўрад краіны пастанавіў працягнуць аперацыю яшчэ на месяц – да кастрычніка.

Абодва знойдзеныя тунэлі цяпер закрытыя для выкарыстання. Але проста засыпаць іх зямлёй, тлумачыць Муканс, нельга: побач працягваецца будаўніцтва і абсталяванне памежнай інфраструктуры, у тым ліку дарогі. Таму спецыялісты павінны ацаніць, як ліквідаваць падземныя хады так, каб не пашкодзіць таго, што ўжо будуецца на паверхні.
Неўзабаве ад гэтых двух тунэляў, хутчэй за ўсё, не застанецца і следу. Зверху зноў будуць толькі лес, плот, патрульная дарога і камеры. Але само іх знаходжанне ўжо змяніла тое, як тут шукаюць наступную групу.
