«Беларусь хацела б прадаваць калій значна танней»: Трамп пра магчымую ўгоду

Сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Доналда Трампа на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, 22 верасня 2026 года. Фота: скрыншот Офіс Президента України / YouTube

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп пацвердзіў зацікаўленасць сваёй краіны ў закупліванні беларускіх мінеральных угнаенняў. Пра гэта ён заявіў 22 верасня, адказваючы на пытанні журналістаў падчас супольнага брыфінгу з Уладзімірам Зяленскім на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

«У Беларусі шмат калію, а нашым фермерам патрэбныя добрыя цэны, і мы хочам атрымаць цану ніжэйшую, чым у Канадзе», – заявіў Трамп, маючы на ўвазе ўскладненыя гандлёвыя адносіны паміж Вашынгтонам і Атавай.

Паводле амерыканскага прэзідэнта, ЗША працягнуць супрацоўнічаць з Канадаю, аднак Беларусь «хацела б прадаваць калій па значна ніжэйшай цане».

На пытанне журналісткі, ці не турбуе яго, што сродкі ад магчымай угоды з Менскам могуць неяк узмацніць пазіцыі Расеі на міжнароднай арэне, Трамп адказаў коратка: «Не, аніколькі».

Нагадаем, што напярэдадні, 21 верасня, Трамп паведаміў, што Злучаныя Штаты працуюць над буйной дамовай пра закупліванне калійных угнаенняў у Беларусі. На ягоную думку, амерыканскія кампаніі маглі б набываць беларускую прадукцыю танней, чым цяпер купляюць яе ў Канадзе. У самой Канадзе сумняваюцца, што беларускі калій з улікам дастаўкі сапраўды будзе таннейшы, аднак не адмаўляюць, што яго з’яўленне на рынку можа паўплываць на цэны.

Раман Шавель, belsat.eu