23 верасня актывіст незалежных прафсаюзаў і праваабаронца Леанід Судаленка адзначае 60-годдзе. Ён распавёў «Салідарнасці» пра падтрымку маці, фламастары для Гандураса і жаданне даглядзець «гэта кіно».

Леанід шмат дзесяцігоддзяў бараніў у судах правы беларусаў. Ён тры гады адбыў за кратамі, распавядаў пра здзекі супрацоўнікаў рэжыму і як у шыза знаёміўся з павуком.
Менавіта ў следчым ізалятары ў верасні 2021-га Леанід сустрэў сваё 55-годдзе:
— 23 верасня 2021-га для мяне была незвычайная дата. А 7-й раніцы я ўжо сядзеў у «стакане», гэта такі бокс, як маленькая шафа, дзе ні налева, ні направа не павярнуцца, локці не распусціць. Цябе нібыта кладуць у труну, толькі ў вертыкальным становішчы.
Так я чакаў этап, згадваў маці, якая заўсёды 23 верасня тэлефанавала зранку. Казала: «Сын, ты нарадзіўся ў 7 гадзін раніцы».
Яна ўсё жыццё віншавала мяне ў гэты час. Разумеў, што 23 верасня 2021-га, мая маці не ведае, дзе я. І таму тэлефануе.

Зразумела, мой тэлефон не адказваў, яго забралі следчыя. У галаве было: што думае мая маці? Ці, можа, я захварэў, ці дзесьці з’ехаў.
Мяне хвалявала толькі тое, што ў гэты дзень я не магу падзякаваць сваёй 83-гадовай матулі за віншаванні і за жыццё. Мы дамовіліся са старэйшай сястрой, каб зберагчы маміна здароўе, не распавядаць ёй праўды пра мяне. І сястра казала, што Лёня паехаў за мяжу, на заробкі. Таму і не здымае слухаўку. Я выйшаў з турмы, а маці так і не ведала, дзе быў усе тыя гады яе сын.
55-гадовы юбілей я правёў у судзе. Вялі мяне ў кайданках, тварам уніз, паўсагнутага. Як асабліва небяспечнага злачынцу. Адзін з канвойных нават прышпіліў мяне ланцугом да сваёй рукі. Хоць артыкул, які мне мне ставілі ў віну, адносіўся да менш цяжкіх і прадугледжваў да трох гадоў пазбаўлення волі. Але адміністрацыя сіза хацела зляпіць з мяне вельмі небяспечнага злачынцу.
У галаве часта была думка: чаму я, законапаслухмяны грамадзянін, сяджу ў клетцы суда Цэнтральнага раёна Гомеля, дзе працаваў усё жыццё як прафесійны юрыст? Я ж ведаю ўсе яго калідоры, усіх сакратароў, ведаў судзей, якія са мной за руку віталіся, размаўлялі на прыватныя тэмы ў кулуарах. Выказвалі сваё стаўленне да таго, што адбываецца.
Прабачце, але ў гэтым Цэнтральным судзе Гомеля я адчуваў сябе як дома. Бо прыходзіў туды на працу 20 гадоў, прыводзіў туды цэлыя працоўныя калектывы, бараніў і аднаўляў іх правы. Пачынаючы ад крамы, дзе звольнілі 34 працаўніка, улічваючы прадавачак і загадчыцу крамы, і заканчваючы Гомельскім лікёра-водачным заводам.
І вось сяджу ў клетцы, закаваны ў кайданкі, і мне ў гэты дзень спаўняецца 55. Напярэдадні прасіў суддзю зрабіць выходны ў гэты дзень. Бо працэс як пачаўся 3 верасня, усяго было 24 паседжання, і да 23-га кожны дзень, акрамя выходных, мяне вазілі ў суд, як на працу.
А 7-й раніцы ў стакан, потым канвой, аўтазак, у абед на гадзіну вязуць зноў у сіза, а потым назад у суд. І кожны раз гэта праз шлюзы і працэдуры распранання, прысяданні, здыманне шкарпэтак, майткоў, шкарпэтак. І так з раніцы да вечара.
Судзіў мяне Сяргей Салоўскі, было яму каля 35-ці. Пачынаў у Ветцы, потым павысілі да Гомеля, а зараз ён ужо ў абласным судзе. Я Салоўскага добра ведаў, шмат спраў з ім разглядалі, але адносіны былі нацягнутыя. Бо ён быў малады ды выслужлівы.
І гэты чалавек у мантыі суддзі спрабаваў атрымаць асалоду ад майго працэсу. Бо калі агалошваў матэрыялы справы і дайшоў да моманту нашага семінара па бяспецы для праваабаронцаў, то трэба было чуць, як ён смакаваў назвы нашых страў з меню, якія мы замаўлялі на абед. Я бачыў, як Салоўскі хоча прынізіць мяне. Прынізіць і атрымаць ад гэтага асалоду.
Што тычыцца юбілея, то сукамернікі пасля майго суда заварылі моцнай гарбаты, якую пусцілі па коле. Узялі грахатулек, так лядзяшы ў сіза называлі. Бо гарбата горкая і моцная, калі некалькі глыткоў яе робіш, то галава кружыцца, нібыта 150 грам гарэлкі выпіў. Але хутка адпускае.

Леанід распавядае, што ў мінулым жыцці ў Беларусі заўсёды, па традыцыі, сям’я збіралася на Радуніцу на могілках. Ён садзіў маці ў машыну і разам ехалі на могілкі да бацькі:
—Першы раз я не прыехаў на могілкі ў красавіку 2021-га, потым не падняў слухаўку ў верасні, а затым быў 2022-гі, калі я ўжо быў у лагеры. І маці тады таксама тэлефанавала. Потым быў 2023-і, і на Радуніцу я зноў не прыехаў. І зноў маці запытвала: «Так а што з Лёням?». Яна такі чалавек ужо ў гадах, зараз ёй 88. «Можа, ён памёр, а вы мне не кажаце, хаваеце?».
Я вызваліўся ў ліпені 2023-га, дзень нараджэння быў праз два месяцы. Адразу паехаў да маці. Але ў Гомелі змог пратрымацца 11 дзён, і з’ехаў, ужо па-сапраўднаму, хаваючыся ад новых крымінальных абвінавачванняў.
Пасля апошняй крымінальнай справы, увесну 2025-га, да маці прыйшлі сілавікі з вобшукам. Патрабавалі падпісаць пратакол, што я адсутнічаю па месцы нараджэння. Хаця з мацярынскага дома я з’ехаў аж ў 1984-м, нават Гарбачоў яшчэ не быў пры ўладзе.
Тады сілавікі і распавялі маці, што я крымінальнік, злачынца, адсядзеў тэрмін і зноў у вышуку. І што арыштуюць, як толькі знойдуць.
Безумоўна, сэрца маці не вытрымала, яе адвезлі ў рэанімацыю, дзе трымалі на кропельніцах 14 дзён. Дзякуй Богу, ачуняла. Але ўсё адно яна ўжо ведае бруд пра мяне са слоў сілавікоў.
Леанід распавядае, што маці нарадзілася і была пад акупацыяй падчас Другой сусветнай ў Бабры. У гэтай самай вёсцы, адкуль і мастак Алесь Пушкін, на могілках пахавана бабуля Леаніда па маці. У вайну загінулі абодва яго дзеда. А потым бацька Леаніда прывёз маладую ў сваю вёску Харкавічы Брагінскага раёна.
Леанід – чацвёрты дзіцёнак у сям’і, потым яшчэ і малодшая сястра нарадзілася. Маці працавала даяркай, Лёня дапамагаў.
– За гэта яна купіла мне ровар. У нас былі і свінні, і куры, качкі, карова. Дровы нарыхтоўвалі. Маці давала рубель, і мы ўпяцёх набывалі ў школьным буфеце ежу. Смак школьнага кіселя і той булачкі памятаю дагэтуль.
Маці даглядала 25 кароў, кожную рукамі падаіць, тады ж не было машыннай дойкі. Я дапамагаў, а потым бег да хаты, каб групку запаліць, дровы прынесці. З калодзежа 10-15 вядзёр вады дастаць, каб жывёлу напаіць, насыпаць курам.
У той час нават алоўкі каляровыя былі цудам. Аднойчы маці падаравала мне фламастары на дзень народзінаў. Ой-ёй! Я ноч не спаў, трымаў іх пад падушкай. Але ў Гандурасе ў той час вайна пачалася, і ў школе аб’явілі збор: хто што можа — дапамажыце дзецям Гандураса! Хто сшытак нёс, хто альбом для малявання, а я ўзяў і аддаў свае фламастары.
Потым у турме смяяўся, згадваючы пра гэта. Маўляў, дзе той Гандурас, а дзе мы. Тыя фламастары, мо, і не дайшлі нікуды. Але ж мы верылі, што ў Амерыцы дзеці галадаюць, што трэба дзецям Гандураса дапамагчы. Бо вакол вайна, і дзякуй Леаніду Брэжневу за нашае шчаслівае дзяцінства! – кажа суразмоўца «Салідарнасці».
У 80-х Леаніда забралі ў армію, і маці зноў плакала:
– Бо быў ужо Афганістан, у нашай вёсцы некалькі сямей атрымалі труны цынкавыя з сынамі. У армію тады выпраўлялі, як на вайну. Але мне пашчасціла патрапіць у Нямэччыну, наша вайсковая частка стаяла ў Магдэбургу. Служыў у добрых умовах.

Леанід скончыў Гомельскі ўніверсітэт на юрыста, працаваў на прадпрыемствах, а потым у незалежных прафсаюзах, дзе бараніў правы людзей звыш 15-ці год:
– Калі ў Печах праз суіцыд загінуў салдат тэрміновай службы, маё сэрца падказвала ладзіць акцыю «Міністра абароны – ў адстаўку!», то і ладзіў. Збіраў пад гэтым патрабаваннем подпісы ў Інтэрнэце. І падчас «дармаедскіх» акцый бараніў тых, каго напаткаў так званы «ліст шчасця».
Калі сэрца падказвала бараніць правы на жыццё ды быць супраць смяротнага пакарання, то і рабіў. Хаця мяне і адвакатам д’ябла называлі, і адвакатам «дармаедаў». Праз усё гэта я прайшоў роўна, ні пра што не шкадую.
– Маё шчасце і моц – у маёй сям’і. І гэта не толькі жонка і дзеці, але і мой бацька, які ляжыць на могілках у Брагінскім раёне, мая маці, якая жыве на вёсцы. Мае браты і сёстры. Родныя дачакаліся мяне з турмы і вельмі падтрымлівалі ў той час, пісалі «захавай сябе дзеля нас, просім цябе…»
Днямі Леанід напісаў пост у фэйсбуку, што яго сын гуляў за каманду Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая заняла трэцяе месца на European Journalists’ Football Championship 2026. А тата тым часам эмацыянаваў на трыбуне.
«Заўзеў так, быццам сам бегаў па полі, а пасля сын павесіў мне медаль на шыю. Значыць, сваю частку працы я таксама выканаў!
Але ў гэтай перамогі быў яшчэ адзін важны сэнс. На ўзнагароджанне каманда выйшла з банерам «Мікіта Мелказёраў. З намі назаўжды».
Мікіта гэтыя дні таксама быў з намі, у нашай памяці, у нашай камандзе, і ў гэтай бронзе».
— Як толькі я вызваліўся, Мікіта знайшоў мой тэлефон і запрасіў на праграму «Жыццё-маліна». Я ж тады толькі выйшаў, яшчэ бяззубы, бо ў турме згубіў свае зубы. Гэта зараз у мяне ужо добрая галівудская ўсмешка. Мы і потым з Мікітам кантактавалі, ён часам звяртаўся па каментары.
На пытанне Мікіты «Жыццё – маліна?» адказаў тады коратка: жыццё – выпрабаванне. Так лічу і да сёння. Калі я змяніў імідж, ён прыкалваўся, казаў: «Леанідавіч, якая ў цябе шыкоўная сівая барада!»
Для мяне вялікі гонар, што мой сын выступаў за Беларускую асацыяцыю журналістаў і здабыў медаль у тым ліку і для Мікіты Мелказёрава, капітана бажаўскай футбольнай каманды.
Я цвяроза стаўляюся да нашай сённяшняй рэчаіснасці ў эміграцыі, і да сыходу людзей таксама, па абодва бакі мяжы. Разумею, што можа наступіць момант, калі атрымаю з Беларусі паведамленне, што памерла мая маці. Як у турме пабачыў тэлеграму, што памёр мой бацька.
Гэта жыццё, яно працягваецца, і мы калісьці таксама памрэм. Да гэтага таксама трэба ставіцца з разуменнем.
Але прыкра тое, што мы не можам развітацца з блізкімі, якія засталіся ў Беларусі.
Калі я толькі вызваліўся, то зрабіў сабе ўстаноўку, што нягледзячы ні на што, паеду на пахаванне маці. Нават калі мяне пасадзяць. Гэта было ірацыянальна, а калі з рацыянальнага боку глядзець, то разумею, што даеду максімум да Каменнага Логу. Бо я ў вышуку, і мне ўжо далі 5 гадоў завочна ў калоніі для рэцыдывістаў. І з маці ўсё роўна не развітаюся. І каму тады зраблю лепш?..

На жаль, ёсць працэсы, на якія мы не можам паўплываць. Вось у чым жах. А калі мы яшчэ на 5 год захраснем у гэтай эміграцыі? Я ж не так уяўляў сваю лепшую палову жыцця. Уяўляў, што сяджу ў сваім маёнтку на Радзіме, у мяне ёсць зямля, сад.
Насамрэч у мяне вёска ў 11-ці кіламетрах ад Гомелю, там дом і 36 сотак зямлі. 28 яблынь, груш ды вішань. Усё сам пасадзіў. Нават з турмы прасіў жонку: сфатаграфуй, дашлі мне дрэвы, усе, кожнае паасобку.
І па вясне, калі яны распускаліся, жонка фатаграфавала і дасылала мне мае дрэвы. Я ўсё жыццё ўяўляў, што буду там прымаць сваіх дзяцей і ўнукаў, запрашаць у госці, сустракаць. Што буду працаваць на зямлі, у мяне там цяпліца. Што буду гуркі і радзіску вырошчваць.
Не думаў, што буду сустракаць свае 60 гадоў у эміграцыі, без сям’і, бо яна раскідана на тры краіны. Гэта ж насамрэч яшчэ адна рэпрэсія.
Малодшаму было 11, калі застаўся без мяне, пры жывым бацьку.
Турма, эміграцыя, сыны там, я тут. І ніхто не ведае колькі яшчэ пражыве. Таму намагаюся глядзець на ўсё больш прагматычна, на смерць у тым ліку, бо гэта тое, што ад нас не залежыць. Зараз важна наша памяць і шанаванне тых, хто сышоў: кажам пра іх і памятаем.
У мяне ёсць вялікае жаданне даглядзець гэта «кіно» да канца. Кіно яшчэ не скончылася. Таму прашу ў Бога здароўя і моцы, каб даглядзець. Для мяне гэта пра тыя часы, калі мы зможам вярнуцца ў Беларусь і пачаць будаваць дэмакратычнае грамадства.
Разумею, што дэмакратыя не будуецца ні за год, ні за пяць. Гэта працэс, які патрабуе змены пакаленняў. Павінны прыйсці тыя, хто бачыць незалежную Беларусь без уплыву звонку. І, канешне, пра гэта я мару.
Маё кіно пра гэта: каб мы маглі вярнуцца, бо мая моц і сіла насамрэч ў Беларусі. Я ніколі не хацеў жыць у эміграцыі, і як толькі з’явіцца магчымасць, я адразу вярнуся. Разумею, што гэтага можа і не адбыцца.
Але вера і надзея — гэта тое, што дапамагала мне выжыць ў турме. Гэта тое, што ніводзін опер не можа забраць у палітвязня. Гэта сагравала нават у тых умовах, калі мяне без пасцельных прыналежнасцяўкідалі ў карцар, забіралі сподняю бялізну і кідалі ў кліфце са шклаваты ў халодную адзіночную камеру.
Я тросся ад холаду, не мог заснуць начамі, спаў на падлозе, бо яна драўляная, а нары металічныя. Вера і надзея, сустрэча з сям’ёй і сустрэча з маці – толькі гэта дапамагала выжыць. І зараз таксама дапамагае.

Я аптыміст па жыцці і веру, што мы з вамі зможам даглядзець гэта кіно.
