Гісторыя ў нейкім сэнсе падобная да пакручастае ракі, якая замест спакойнае і прадказальнае плыні хавае ў сабе шматлікія віры і з кожным новым паваротам выкідвае ўсё новыя й нечаканыя фінты. І хто мае пастанаўляць, як гэтаю ракою плыць — мясцовы жыхар у чоўне альбо прыхадзень на беразе зь бізуном у руцэ? Адказ відавочны, праўда? Аднак не для ўсіх. Абапіраючыся на апошнія акцыі ананімных мэдыяпартызанаў, Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» дае лекцыю гісторыі адыёзнаму гарадзенскаму чыноўніку-сілавіку Юрыю Караеву. Зрэшты, варта гэтую лекцыю паслухаць і ўсім нам.
Тут напярэдадні сьмешная гісторыя здарылася. Раптоўна зьніклі Telegram-каналы гарадзенскіх уладаў: кіраўніка вобласьці, а таксама мясцовага гарвыканкаму, абласнога ўпраўленьня міліцыі й дзяржаўнага тэлеканалу «Гродно Плюс». Адказнасьць за інцыдэнт узяў на сябе не вядомы дагэтуль «Фронт вызваленьня Гародні імя Максіма Танка».
Адразу ўзгадалася, як у свой час гарэзілі ў нашым месьце ў часы майго юнацтва. Гэтак, памятаю, аднойчы таксама ананімныя жартаўнікі аблілі мясцовы помнік Леніну валяр’янкай, з-за чаго да яго пацягнуліся каты з усіх навакольных падваротняў, у тым ліку самыя-самыя крывыя ды аблезлыя.
Ну, якія часы, гэткія і мэтады ў акцыяністаў. Было весела!

І гэта мы яшчэ ня скончылі сьмяяцца з гора-прапагандыстаў нацыянальнага маштабу, у якіх тыднем раней таксама паляцелі ў тарары Telegram-каналы, а YouTube чарговы раз заблякаваў адразу шэраг інфапамыек, сярод якіх — прапагандысцкае шоў «Па сутнасьці», прысьвечанае адыёзна-афіцыёзнаму Дню народнага адзінства, пайшло ў бан у часе жывога этэру.
Папросту нейкі кармічны бальзам на нашыя параненыя лукашысцкай цэнзурай журналісцкія і блёгерскія сэрцы!

Тым часам асаблівага цымусу ў гісторыі з гарадзенскім інцыдэнтам дадае яшчэ адно супадзеньне. Літаральна напярэдадні ў тады яшчэ не ўзламаным Telegram-канале «Пул 4 регион» зьявіўся фрагмэнт інтэрвію, якое быў даў прапагандыстам цяперашні старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Юрый Караеў. Так-так, той самы міліцыянт Караеў, які ў 2020-м стаў адным з кіраўнікоў крывавага здушэньня пратэстаў 2020-га, займаючы тады пасаду міністра ўнутраных справаў і дазволіўшы сваім падначаленым практычна ўсё — ажно да прымяненьня баявой зброі супраць мірных грамадзянаў і забойства апошніх. Той самы Караеў, які выхваляўся, што зь дзяцінства захапляўся Леніным, а ў дарослым веку — Сталіным. І той самы Караеў, які выявіўся гэткім «знаўцам» беларусаў:
«Беларускі народ тупаваты і недалёкі ў большасьці сваёй. Вось правільна кажуць — «тлустыя абываталі». Яны ніколі ні за каго. Яны за тое, каб ім жылося лепш і нават спакайней. Далей за пяць мэтраў вакол сябе ня бачаць. Яны, с*ка, не чытаюць. У іх патрэбы абмежаваныя — іх асабісты дабрабыт. Потым яны пачынаюць разважаць ад нуды, якой магла б быць краіна. Яны вельмі лёгка паддаюцца ўплыву звонку, калі гатовыя высновы падносяцца ім журналістамі, палітолягамі, Telegram-каналамі. Самыя яны ані аналізаваць, ані думаць ня ўмеюць. Не гасударавыя яны людзі. […] Яны ня ўдзячныя нам. […] Ну, с*кі, ешце!..»
На хвіліначку, паўтаруся, гэтак выказваўся пра беларусаў тагачасны міністар унутраных справаў Беларусі (?), выступаючы перад беларускімі (?) міліцыянтамі.

Пазьней, пастаўлены Лукашэнкам «сматрашчым» па самым бунтоўным рэгіёне — Гарадзеншчыне, Караеў адзначыўся заявамі пра тое, што дэмакратыя і зьмяняльнасьць улады… супярэчаць (sic!) беларускаму мэнталітэту!
Ну і, вядома ж, як і належыць сапраўднаму «беларусазнаўцу», нарадзінец Паўночнай Асеціі Юры Хаджымуратавіч Караеў паказаў сябе сапраўдным аматарам беларускай гісторыі. Пачаў з арганізаваньня штурмаў Рэйхстагу ў Горадні, Слоніме й Лідзе, затым задумаўся над штурмам Мірскага замку мангола-татарамі (на хвіліначку замак быў пабудаваны нашмат пазьней пасьля таго, як войскі ВКЛ разьбілі татараў пад Сінімі Водамі).
Ну а ў згаданым нядаўнім інтэрвію, прысьвечаным у тым ліку гэтак званаму Дню народнага адзінства і фрагмэнт якога быў зьявіўся ў Telegram-канале «Пул 4 Регион», Караеў адвёў душонку ў развагах пра Рэч Паспалітую й Вялікае Княства Літоўскае:
«Адзін з кампанэнтных, шматгранных момантаў, якія павінны былі раскалоць нашую краіну — гэта быццам бы польскасьць, эўрапейскасьць Заходняй Беларусі. То-бок вось гэтыя нацыяналістычныя, польскія лёзунгі, што гэта, маўляў, нашая зямля, і паглыбленьне ў гэтую спрэчку: Рэч Паспалітая, ВКЛ, разьдзелы, не разьдзелы — вось гэтае ўсё гістарычнае словаблудзтва людзям цяперашняга пакаленьня не патрэбнае, было пакліканае ў тым ліку аслабіць адзінства народу, адзінства краіны. Праз гэта ўсё лёгка разваліць уладу і дзяржаўнасьць».
Ну, прынамсі наконт сілы нацыянальнай сьведамасьці і яе здольнасьці зьнесьці гэты беларусафобскі рэжым — тут гэты «гісторык», трэба прызнаць, мае рацыю…
Сьмешны момант у тым інтэрвію быў, калі Караеў разважаў пра тое, наколькі важныя для захаваньня самабытнасьці народу яго мова і культура: маўляў, вось пры паляках з 400 школ толькі пяць былі беларускамоўныя!
А што ж ты, Караеў, не пахвалісься, колькі гэткіх школ сёньня ў Горадні? Няма ж чым хваліцца, праўда? З больш як паўсотні — аніводнай беларускамоўнай. Агулам на ўвесь абласны цэнтар (трэці ў краіне, паводле колькасьці насельніцтва) сёлета набралі дзьве беларускамоўныя клясы для 16 навучэнцаў.
І ўсё.
Ты, Караеў, нешта там пляцеш пра павагу да ўсіх нацыянальнасьцяў, якімі багатая Гарадзеншчына — дык пахваліся, як зачынілі ў Горадні і Ваўкавыску адзіныя польскамоўныя школы, як зьнішчылі літоўскамоўную адукацыю й замянілі ўсё на гэтак любую табе расейшчыну.
«Мы любім вас усіх — калі вы расейцы!» — гэтак атрымліваецца, Караеў? Ці не зашмат ты бярэш на сябе, вызначаючы, як нам, беларусам, жыць, з кім сябраваць і як глядзець на нашую гісторыю?

І яшчэ адзін вельмі цікавы момант, зьвязаны з выдаленьнем гарадзенскіх праўладных Telegram-каналаў. Паўтаруся, адказнасьць за акцыю ўзяў на сябе ананімны «Фронт вызваленьня Гародні імя Максіма Танка».
І мне чамусьці здаецца, што імя тут абранае не выпадковае. Караеў, занатоўвай.
Народны паэт Беларусі Максім Танк (сапраўднае імя — Яўген Скурко) нарадзіўся ў 1912 годзе ў вёсцы Пількаўшчына на колішняй Віленшчыне, якая, паводле Рыскае дамовы была аддадзеная Польшчы. І нацыянальны антыбеларускі прыгнёт, пра які гэтак зацята апошнімі гадамі вые лукашэнкавая прапаганда, будучы паэт зьведаў на ўласнай скуры. І зь юнацтва змагаўся зь ім. У 1932 годзе нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу, каб працягнуць беларускую адукацыю. Неўзабаве ў Менску яго, аднак, арыштавалі, патрымалі два тыдні ў турме й затым выкінулі назад у Польшчу.
Занатоўвай, Караеў, занатоўвай. Ня надта й патрэбныя былі сьведамыя беларусы ня толькі польскай, але й савецкай уладзе.
Працягнуў падпольную дзейнасьць, у тым ліку ў шэрагах ужо легендарнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (тыя самыя нацыянальна сьведамыя беларускія камуністы, якія марылі пра вызваленьне й незалежнасьць Бацькаўшчыны, якія змагаліся супраць польскіх уладаў і пазьней аднак амаль цалкам былі вынішчаныя саветамі). Каля двох гадоў правёў у польскіх турмах. Калі ў 1939-м Заходняя Беларусь была далучаная да БССР, ледзьве ўратаваў бацькоў ад раскулачваньня і рэпрэсіяў, загадаўшы ім тэрмінова ўступаць у калгас.
Пішы, Караеў, пішы.

Пасьля Другой усясьветнай Максім Танк зрабіў бліскучую пісьменьніцкую, партыйную, навуковую кар’еру. І пры гэтым падтрымліваў беларускую паэтку і дысыдэнтку Ларысу Геніюш, якая, як вядома, была адмовілася прымаць савецкае грамадзянства (і бюст якой ўжо ў часы кіраваньня Гарадзеншчынай Караевым камунальнікі скралі ўначы з прыватнага падворка ў Зэльве. Менавіта дзякуючы заступніцтву Танка былі выдадзеныя два паэтычныя зборнікі Геніюш.

І цяпер — галоўнае, Караеў. З 1958-га па 1991-шы Максім Танк быў старшынём Беларускага рэспубліканскага камітэту савецка-польскага сяброўства, а з 1991-га па 1995-ты ачольваў таварыства «Беларусь — Польшча». Сярод шматлікіх узнагародаў яшчэ ў 1971 годзе быў уганараваны прэміяй польскага аўтарскага аб’яднаньня «ZAIKS» за пераклады твораў польскай літаратуры і ўмацаваньне сяброўства паміж народамі.
Чалавек, які калісьці змагаўся з польскім панаваньнем у Заходняй Беларусі, палову свайго жыцьця прысьвяціў наладжваньню стасункаў і сяброўства паміж нашымі народамі.
І мне б вельмі хацелася, каб менавіта гэтую лекцыю гісторыі засвоілі сучасныя караевы. А яшчэ лепш — каб паехалі гэтыя караевы уладкоўваць уласную радзіму. А мы, беларусы, самыя будзем гаспадарыць на сваёй зямлі. І самастойна разьбярэмся і з уласнай гісторыяй, і з усімі складанасьцямі ўва ўзаемінах з нашымі суседзьмі.
Безь цябе, Караеў.
