Марыя Калеснікава практычна не спала ў ШІЗА, губляла прытомнасць

Фота Віктара Талочка

Што стала прычынай шпіталізацыі Марыі Калеснікавай? Экстраная шпіталізацыя з прабадной язвай і перытанітам сталі вынікам непрапарцыйна жорсткага ўтрымання ў штрафным ізалятары. Прэс-служба Віктара Бабарыкі апрылюднілі новыя падрабязнасці наконт хваробы Марыі Калеснікавай.

Адвакат да ШІЗА і шпіталізацыі бачыў Марыю ў калоніі 17 лістапада. Пазней з’явілася інфармацыя, што яе змясцілі ў штрафны ізалятар.

У ШІЗА было вельмі холадна, Маша практычна не спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры ў адзін з дзён.

Дэталі свайго знаходжання ў ШІЗА Марыя распавяла бацьку падчас сустрэчы.

На працягу некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШІЗА губляла прытомнасць, у яе быў падвышаны ціск і млоснасць. Яна страціла прытомнасць у душы — і падрапала пры падзенні ногі.

Лекар з калоніі апраўдваўся: у ШІЗА кожную раніцу праводзіцца агляд, дзе зняволеная можа расказаць, што яе непакоіць. І, нібыта з боку Марыі не было ні скаргаў, ні зваротаў. Аднак высветліліся, што пры гэтым у ШІЗА ёй давалі таблеткі ад ціску — а іх без скаргаў на стан здароўя не далі б.

Нагадаем, 28 лістапада Марыі Калеснікавай вынеслі чарговае пакаранне — яшчэ 10 сутак ШІЗА. Адваката да яе не пусцілі.

Пасля абеду ў гэты дзень у Марыі Калеснікавай самаадчуванне значна пагоршылася, пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасці і перыядычных стратаў прытомнасі дадаўся жахлівы боль у страўніку, Марыя літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстранна даставіла Марыю ў бальніцу.

5 снежня Аляксандру Калеснікаву дазволілі сустрэцца з дачкой на 10 хвілін. Дзякуючы гэтай кароткай сустрэчы стаў вядомы дакладны дыягназ Марыі і пра тое, што яе ўжо перавялі са шпіталя ў медыцынскі стацыянар у калоніі. Яна таксама распавяла пра аперацыю і падзякавала лекарам за тое, што ўратавалі ёй жыццё.

novychas.online