Беларусы Эдмантану адсвяткавалі Дзень Волі, адкрыўшы мерапрыемства прызнаннем традыцыйнай зямлі тэрыторыі 6-й Дамовы і падзякай карэнным народам Канады. Мы ўзгадалі гісторыю БНР, праспявалі Ваяцкі марш, пачыталі вясновы верш Ганны Севярынец, а таксама паслухалі прадстаўніка карэнных народаў.
Пасля смачнага застолля мы гукалі вясну вясновымі карагоднымі спевамі і Лявоніхай. А напрыканцы нашага свята, па старой добрай беларускай традыцыі, мы спалілі пудзіла сусветнага зла, каб усё благое зыйшло.
25 сакавіка Беларусь адзначае Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, першай нацыянальнай дзяржавы беларусаў, якую паспрабавалі стварыць пасля падзення самадзяржаўя. Афіцыйным сцягам БНР быў бел-чырвона-белы, гербам — Пагоня. А дзяржаўнай мовай была беларуская.
Абрад загукання вясны ўяўляе сабой запрашэнне, зазыванне вясны на зямлю. Гукаць вясну пачыналі з дня веснавога раўнадзенства (сонцастаяння) – 20 сакавіка. Традыцыйна дзяўчаты збіраліся на пагорках, вадзілі карагоды, спявалі вяснянкі і падкідалі ўгору печыва ў форме птушак, гэтым самым заклікаючы вясну хутчэй прыйсці.
Вясна, хадзі ў двору! Вясна, хадзі ў двору! Гу! Нясі ключ за сабою! Нясі ключ за сабою! Гу! Зіму замыкаці! Зіму замыкаці! Гу! Вясну адмыкаці! Вясну адмыкаці! Гу! Зіму у замочак. Зіму у замочак. Гу! Вясну у чаўночак. Вясну у чаўночак. Гу!