«Знакі». У Ганны Шаркуновай выйшла песня, напісаная на верш Максіма Знака

«Два гады таму ў стужцы ФБ я ўбачыла ліст Максіма Знака… з турмы. Там ён прасіў каго-небудзь з музыкантаў скласцi мелодыю на яго вершы. У тую ж хвіліну яна і загучала ў маёй галаве», — напісала Ганна Шаркунова.

«З таго часу прайшло шмат падзей… але ўсе гэтыя месяцы я насіла гэтую мелодыю ўнутры, спявала яе… і ведала, што абавязкова зраблю з яе песню.

Тэма дзяцей баліць мне асабліва. Дзяцей, якія чакаюць бацькоў з турмаў… Тысяч і тысяч дзяцей, змушаных пакінуць Радзіму разам з бацькамі — у невядомасць…. Цэлае пакаленне дзяцей, якіх Беларусь можа страціць… або ўжо страціла назаўжды…

Але мы будзем працягваць кахаць і радавацца, мы будзем убіраць у сябе ўсё лепшае з гэтага вялізнага і яскравага свету. Мы будзем працягваць жыць для нашых дзяцей!.. І абавязкова захаваем ў іх сэрцы часцінку Беларусі… .Каб аднойчы вярнуцца разам з імі дадому.

Гэтая дарога можа быць доўгай і цяжкай. Яна можа заняць усё жыццё. Але вельмі хочацца сустракаць па дарозе добрыя Знакі. Знакі надзеі, што ўсё абавязкова будзе добра», — напісала спявачка.

Знакi

Колькі незнаемых
І неверагодных
Сёлета ўбачыў упершыню...

Новых маіх родных
Некалькі мільёнаў...
Сёлета я знайшоў сваю сям’ю...

Станавіся побач і спявай, каб пачуў
Неверагодны край.

Позіркам сустрэцца
І адчуць як сэрца
Абдымае сонечны прамень.

Проста быць сабою,
Проста жыць с любоўю,
Проста быць, і ведаць:
Будзе дзень!

budzma.org