Пра гэта паведамляе Мікіта Белаглазаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Сан-Францыска — горад, у якім налічваецца больш за 1000 муралаў. Шмат з іх адлюстроўваюць шматлікія нацыянальнасці жыхароў горада. Але беларускага мурала дагэтуль не было. Таму беларусы, якія жывуць у Сан-Францыска/Бэй Эрыі, з дапамогай сяброў з іншых краінаў, вырашылі гэта выправіць і ўпрыгожыць горад беларускім муралам!
Мастачка — 15-гадовая Саша Герман беларускага паходжання.
На мурале адлюстраваны традыцыйныя элементы — дзяўчыны ў народных строях, Купальскае вогнішча, зубр, беларускія арнаменты.
Мурал зроблены цягам 2 тыдняў з дапамогай 50 валанцёраў ва ўзросце ад 8 да 70 гадоў! У апошні дзень маляваць прыйшло больш за 30 чалавек, атрымалася сапраўдная талака. Шмат мясцовых жыхароў цікавіліся сітуацыяй у Беларусі, выказвалі падтрымку і дзякавалі нам за ўпрыгожанне іх раёну.
Грошы на мурал былі сабраны беларускай суполкай Сан-Францыска і сябрамі. Лішак сабраных грошай будзе дасланы праекту Dissidentby, які падтрымлівае палітзняволеных і іх сем’і.
Таксама арганізатары мурала спадзяюцца ўбачыць больш беларускіх муралаў у ЗША і іншых краінах свету. Мы гатовы падзяліцца досведам (напрыклад, як шукаць сцяну), а таксама часткова фінансава падтрымаць адзін мурал іншай суполкі. Напісаць можна на інстаграм <…>», — напісаў Мікіта Белаглазаў.
Мурал знаходзіцца па адрасе: 701 Taraval St, San Francisco.