«Ні ў кога з маіх аднакласнікаў бацькі не сядзелі ў турме». Як былыя палітвязні нанова вучацца быць побач са сваімі дзецьмі

Сям’я шпацыруе па парку. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Pexels

У Беларусі праходзіць Тыдзень сям’і. Ідэолагі тлумачаць важнасць «ячэйкі грамадства» і агітуюць за традыцыйныя каштоўнасці. Тым часам намаганнямі улады былі разлучаныя сотні беларускіх сямей – пакуль бацькі, адстойваючыя сваё меркаванне, знаходзіліся за кратамі, іхныя дзеці знаходзілі новых сяброў, змянялі захапленні, станавіліся падлеткамі і нават забывалі некаторыя моманты супольнага жыцця. «Белсат» пагаварыў з чатырма былымі палітвязнямі пра тое, як яны вяртаюцца ў жыццё сваіх дзяцей, аднаўляюць блізкасць і спрабуюць кампенсаваць страчаны час.

«Я не мама з карцінкі»

Калі Ксенію Луцкіну арыштавалі, яе сыну Мацвею было дзесяць гадоў. Калі яна выйшла на свабоду, яму споўнілася ўжо чатырнаццаць. За чатыры гады хлопчык ператварыўся ў падлетка, а Ксенія па-ранейшаму памятала яго маленькім дзіцём.

«Для мяне самае цяжкае ў зняволенні была разлука з сынам. Я яшчэ пасля першых васьмі-дзевяці месяцаў казала сваім сукамерніцам, што нам прыйдзецца нанова аднаўляць стасункі. Яны крыху пасмейваліся з мяне, думалі, што я перабольшваю. Але гэта была праўда», — расказвае Ксенія.

Пасля вызвалення яе асабліва ўразіла, што сын ужо не памятаў многіх момантаў з іхнага супольнага жыцця да арышту. Для маці гэта стала балючым адкрыццём. Першы год пасля ўз’яднання яны прызвычайваліся жыць разам. Спачатку Мацвей нават спрабаваў апекавацца маці, нібыта ён быў старэйшым. Ксенія расказвае, што на вяртанне звыклых роляў маці і сына спатрэбілася больш за год, а цалкам пераадолець гэты крызіс удалося толькі праз два гады.

«Быў момант, калі ён імкнуўся атрымаць усё тое, чаго ў яго не было гэтыя чатыры гады. Гэта тычылася і падарункаў, і ўвагі, і ласкі. І я як маці перажывала, што гэтыя чатыры гады дзяцінства ў яго скралі. У мяне было вельмі моцнае пачуццё віны. Хаця галавой разумееш, што не ты вінаватая ў тым, што ў дзіцяці не было гэтага дзяцінства», – кажа яна.

Сёння ў іх блізкія сяброўскія адносіны. Ксенія нават радуецца, калі паміж імі здараюцца звычайныя спрэчкі падлетка з маці. Але адзін страх у сына застаўся.

«Ён вельмі нервуецца, калі я не бяру слухаўку, калі мяне недзе доўга няма. У яго недзе пад скурай засталося адчуванне, што я магу знікнуць», – кажа яна.

Пасля вызвалення Ксенія таксама адкрыла для сябе іншага Мацвея — самастойнага падлетка, які шмат чаму мог навучыць ужо яе саму. Ён дапамагаў маці асвойваць камп’ютар, тэлефон і штучны інтэлект, карыстацца якімі яна адвыкла за гады зняволення. А яшчэ знаёміў яе са сваёй любімай музыкай.

Пасля зняволення змяніліся і яе жыццёвыя прыярытэты. Раней значнае месца займалі праца і грамадскія стасункі. Цяпер на першым месцы сям’я. Асаблівую радасць ёй прыносяць самыя звычайныя рэчы — напрыклад, магчымасць прыгатаваць сняданак для сына. Мацвей сам выбірае, што хоча есці: бліны ці амлет. Ксенія смяецца, што дома ў яго ёсць опцыя «рэстаран» — ён замаўляе, а яна гатуе.

Змянілася і яе разуменне дому. Раней для Ксеніі ён быў звязаны з канкрэтным месцам. Цяпер значэнне мае не геаграфія, а магчымасць быць разам. «Да турмы дом для мяне быў канкрэтнай геаграфічнай кропкай. А цяпер сям’я і дом там, дзе мы ўсе разам і дзе мы шчаслівыя», – кажа яна. 

Былая палітзняволеная Ксенія Луцкіна прамаўляе падчас ІІ Кангрэсу па палітзняволеных у Беларусі. Варшава, Польшча. 26 верасня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Тата і ёсць, але таты няма»

Для былога палітвязня Кірыла Казея адным з самых цяжкіх выпрабаванняў стала немагчымасць удзельнічаць у штодзённым жыцці дзяцей. Калі яго арыштавалі, дачцэ Марыі толькі споўнілася дзесяць гадоў, а сыну Аляксандру было шэсць. Цяпер ім шаснаццаць і дванаццаць адпаведна. Кірыл жыве ў Літве, а дзеці – у Беларусі. 

«Адчуванне бацькоўства ў мяне не змянілася. Я як адчуваў сябе бацькам, так і адчуваю. Але ты разумееш, што нічога не можаш кантраляваць, нічым не можаш дапамагчы, што прапускаеш вельмі добрыя моманты ў жыцці сваіх дзяцей. Напрыклад, дзень народзінаў: да іншых дзяцей прыходзяць тата і мама, а тут тата і ёсць, але таты няма», — расказвае Кірыл.

Але Кірыл не адчувае, што пасля вызвалення яму давялося аднаўляць страчаную блізкасць. Паводле яго, дзеці і раней былі з ім у добрых адносінах, і зняволенне не разбурыла гэтай сувязі. Затое змяніліся некаторыя сямейныя традыцыі. Да арышту Кірыл ладзіў для дачкі хатнія квэсты на дзень народзінаў: Марыі трэба было выконваць заданні, каб знайсці падарунак. Для сына ён таксама планаваў прыдумаць нешта падобнае, але не паспеў.

Былі і маленькія штодзённыя рытуалы. Напрыклад, перад сном бацька гладзіў дзяцей па спіне, каб яны хутчэй заснулі. Гэтую традыцыю ён захоўваў нават падчас спатканняў у зняволенні. «Калі яны прыязджалі да мяне на спатканне, я таксама гэта рабіў. Але цяпер, калі мы ўжо не разам, ты гэтага рабіць не можаш. Было шмат традыцый, і з гэтага мала што засталося», – кажа ён.

Калі дзеці прыязджаюць у Вільню, разам ходзяць у кіно, гуляюць па горадзе, наведваюць баскетбольныя матчы. Але бацька прызнаецца, што ім не хапае адно аднаго. Ён таксама задумваецца, які след у жыцці дзяцей пакіне ягонае зняволенне.

«Я не псіхолаг, каб гэта бачыць. Але, думаю, гэта самае страшнае, што здарылася ў іхным жыцці на гэты момант. І нейкі след застанецца на ўсё жыццё. Наколькі ён будзе глыбокі, як гэта адаб’ецца на іхнай будучыні – складана сказаць», – расказвае ён.

Кірыл Казей. Крыніца: prisoners.spring96.org

«Калі дзеці сыходзілі ў школу, у мяне пачыналася паніка»

Былая палітзняволеная Вольга Такарчук прызнаецца, што пасля вызвалення баялася нават ненадоўга расставацца з дзецьмі. Калі яе затрымалі, сыну Мацвею было сем гадоў, а дачцэ Ані – усяго тры. Цяпер ім трынаццаць і дзевяць.

«Калі я выйшла з турмы, увогуле баялася ад іх адыходзіць. На шчасце, мяне вызвалілі летам, і мы правялі два месяцы разам на лецішчы. А потым яны пайшлі ў школу, і кожны раз, калі сыходзілі, у мяне пачыналася паніка. Я не магла дачакацца, калі яны вернуцца», – кажа яна.

Пасля зняволення змянілася і стаўленне Вольгі да звычайных бацькоўскіх абавязкаў. Тое, што раней здавалася руцінай і часам нават стамляла, цяпер пачало прыносіць радасць: расчасаць дачцэ валасы, падстрыгчы пазногці, папрасаваць адзенне, прыгатаваць нешта смачнае.

«Мне пастаянна хацелася іх песціць, кудысьці вадзіць, гуляць разам, катацца на роварах. Да турмы гэта былі звычайныя рэчы, а пасля пачынаеш цаніць іх значна больш. Я ператварылася ў такую квактуху: мае дзеткі, нікому іх не аддам!», – тлумачыць яна.

Самае цяжкае для дзяцей пачалося яшчэ ў момант арышту маці. Спачатку яны не разумелі, куды яна знікла. Вольга расказвае, што дзеці прыдумлялі ўласныя тлумачэнні: думалі, што маці памерла, захварэла на каранавірус ці нават кінула іх праз дрэнныя паводзіны. Калі Вольга вярнулася дадому, старэйшы сын папрасіў яе не расказваць у школе пра зняволенне.

«Ён сказаў: «Я разумею, што ты сядзела ні за што, што ты герой, як і многія беларусы, якія сядзяць. Але мне сорамна гаварыць пра гэта ў класе, бо ні ў кога з маіх аднакласнікаў бацькі не сядзелі ў турме. Не ўсе разумеюць, за што ты сядзела». І я пагадзілася не ўздымаць гэтую тэму, каб яму не было няёмка», – расказвае яна.

У астатнім, паводле Вольгі, адносіны з дзецьмі засталіся вельмі блізкімі. «Я проста купаюся ў іхнай любові. Яны могуць праходзіць міма, абняць, пацалаваць, сказаць: «Мы цябе любім« – і пайсці далей гуляць ці рабіць урокі. І так можа быць сто разоў на дзень», – кажа яна.

Аднак пасля разлукі Вользе стала складаней быць строгай маці. За час яе адсутнасці сын падрос і прызвычаіўся да таго, што дарослыя шмат чаго яму дазвалялі. Цяпер найбольш спрэчак узнікае праз тэлефон і камп’ютарныя гульні.

«Мой вялікі мінус як маці – я вельмі хутка адыходжу. Магу сказаць: «Тры дні без тэлефона», а ён ведае, што праз суткі я яго абдыму і скажу: «Ну добра, трымай», – кажа яна.

З традыцый ў сям’і – кожны вечар абавязкова збіраюцца за агульным сталом. Вольга кажа, што хоча быць для дзяцей не толькі маці, але і сяброўкай. Каб яны не баяліся расказваць пра свае памылкі і ведалі, што дома іх заўсёды падтрымаюць. «Я хачу, каб яны запомнілі дом як месца пад непрабівальным шкляным купалам. Дзе ім нічога не пагражае, дзе яны акружаныя любоўю і клопатам, дзе заўсёды смачна пахне ежай і ёсць мама, якая выслухае, зразумее і не будзе сварыцца», – падсумоўвае яна. 

Вольга Такарчук у эфіры «Мне толькі спытаць». Скрыншот відэа: БЕЛСАТ LIFE / YouTube

«Дачка ўчапілася ў мяне і амаль не адыходзіла»

Былы палітвязень Андрэй (імя змененае ў мэтах бяспекі) пасля вызвалення так і не змог уз’яднацца з сям’ёй. Ягоная жонка і дзеці застаюцца ў Беларусі, а сам ён жыве ў Літве. Ён пагадзіўся расказаць сваю гісторыю толькі ананімна, бо асцерагаецца наступстваў для блізкіх. У яго дзве дачкі. Малодшай на момант арышту было дзевяць гадоў, цяпер — трынаццаць. Старэйшая ўжо была паўналетняй. Незадоўга да затрымання Андрэй з жонкай планавалі святкаванне дзесяцігоддзя дачкі. Але бацька на гэтым свяце ўжо не прысутнічаў.

Пасля вызвалення, калі Андрэю ўпершыню далі магчымасць патэлефанаваць дадому, малодшая дачка, даведаўшыся, што бацька знаходзіцца за мяжой, расплакалася. «Яна думала, што ўсё, тата ўжо не прыедзе. Я спрабаваў растлумачыць, што ўсё нармальна, што мы яшчэ ўбачымся», – расказвае ён.

Калі дзяўчынка ўпершыню прыехала да яго ў Літву, яна амаль не адыходзіла ад бацькі. «Яна проста ў мяне ўчапілася. Дзе б мы ні былі — гулялі ці сядзелі ў гатэлі, яна ўвесь час была побач. Для яе было вельмі важна, што тата нарэшце побач», – кажа ён.

Адным з найбольш памятных момантаў стаў сумесны адпачынак на Балтыйскім моры. У той дзень быў моцны шторм. Сям’я купіла піцу і напоі, знайшла зацішнае месца сярод дзюнаў і села абедаць, назіраючы за морам.

Дзеці гуляюць у Балтыйскім моры ў Юрмале, Літва. 30 ліпеня 2026 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Jaap Arriens / NurPhoto via Getty Images

«Мы сядзелі ў дзюнах, елі піцу, глядзелі на мора. Над намі лёталі чайкі, літаральна за два метры, чакалі, калі мы даямо. Потым гулялі па беразе, разуліся, мачылі ногі ў хвалях. Я здымаў дачку, як яна ўцякала ад хваль».

Прагляд фільмаў — адна з нямногіх сямейных традыцыяў, якія ўдалося захаваць. Раней Андрэй глядзеў з малодшай дачкой мультфільмы і серыялы, а цяпер, калі яна прыязджае, адразу прапануе нешта паглядзець разам.

Астатні час бацька спрабуе ўдзельнічаць у жыцці дзяцей дыстанцыйна. У сям’і ёсць агульны чат, куды ўсе дасылаюць навіны і фотаздымкі. Андрэй асобна тэлефануе дочкам, цікавіцца іхнымі справамі і нават дыстанцыйна сочыць за школьнымі поспехамі малодшай.

«Гэта, вядома, не паўнавартасная блізкасць. Але я спрабую хоць неяк падтрымліваць адносіны праз электронныя каналы. Мне важна заставацца для іх татам, быць хоць у чымсьці патрэбным», – кажа ён.

Андрэй прызнаецца, што асабліва шкадуе пра гады сталення малодшай дачкі, якія прапусціў. Цяпер яна ўжо падлетак, а бацька не можа быць побач. «Яна ведае, што тата ёсць, але гэтыя гады я не з ёй. Мне здаецца, для дачок важна, каб бацька быў побач, каб яны бачылі прыклад адносінаў у сям’і, узаемнай павагі паміж мужчынам і жанчынай», – тлумачыць ён.

Глафіра Жук, belsat.eu