
Пасля маёй першай «ходкі», якая доўжылася ўсяго 109 дзён, мяне папрасілі напісаць калонку для цалкам дэмакратычнай газеты «Московские новости», якая выходзіла тады ў Маскве. Я напісаў. Яна называлася «Катаванне свабодай».
Усё было зразумела. Я іду па вуліцы. Мяне спыняе незнаёмы чалавек.
– Ах, вы – герой!
– Я не герой.
– Але вас катавалі!
– Мяне ніхто не катаваў.
Паўза.
– А чаму?
І ён сыходзіць, з падазрэннем гледзячы мне ў спіну: «Як жа так? Чаму не катавалі? Бо павінны ж былі!»
Чаму яму так хацелася, каб мяне катавалі? Каб і я быў героем? Не. Яму проста хацелася, каб маё жыццё адпавядала ягонаму ўяўленню пра гераізм. Можа быць, да гэтай сустрэчы на вуліцы ён нават мною захапляўся.
Вось і цяпер.
Нас ізноў катуюць свабодай. Да нас выстаўляюць патрабаванні. Ад нас чакаюць гераічнай трываласці. Толькі пры гэтым хочуць распараджацца нашым меркаваннем, нашымі лёсамі і, самае страшнае, – лёсамі тых, хто ўсё яшчэ ў палоне ў іншапланецянаў.
Мне ніхто не прапаноўваў падпісваць ліст сямідзесяці трох і станавіцца 74-м. Я прачытаў яго, як і ўсе, у інтэрнэце, і напісаў Людміле Чэкінай, чый подпіс стаяў першым: што мне зрабіць, каб падпісаць? Мне патлумачылі. Я падпісаў.
Я мог змагацца за фармулёўкі. Я мог спрабаваць уставіць ўласныя «пяць капеек». Але ліст ужо быў публічным фактам. І выбар, які стаяў перада мною, быў просты: падпісваеш – не падпісваеш. Пры гэтым тлумачыцца, чаму я не падпісаў, было нейк брыдка. Перад самім сабой – брыдка.
У «пятнашцы», дзе я адбываў тэрмін, засталіся хлопцы, большасць з якіх былі значна маладзейшымі за мяне. Калі пачаліся першыя памілаванні, ім пачалі прапаноўваць пісаць «памілухі» – прашэнні на «высачайшае імя». Яны падыходзілі да мяне і раіліся, пісаць ці не. Я казаў усім адно і тое ж:
– Пішыце. Вас жа чакаюць там. Пішыце.
– А вы, Іосіфавіч? – пыталіся яны ў мяне.
– А я не буду. Як вы сабе гэта ўяўляеце? Я буду смяяцца, калі пішу, а ён будзе смяяцца, калі прачытае? У нас свая гісторыя адносінаў.
Праз пару тыдняў да мяне падышоў адзін з двух Арцёмаў: «Іосіфавіч, мы тут абмеркавалі сітуацыю. Мужыкі вырашылі: падпішуць, калі і вы не будзеце адмаўляцца». Я абяцаў падумаць. Але ні ім, ні мне гэтага не прапаноўвалі.
Пракурор, які прыехаў пагутарыць з «дзяржаўным злачынцам» Фядутам, сказаў: «Прыемна пагутарыць з разумным і сумленным чалавекам». І я ледзь не засмяяўся, дадаўшы пра сябе: «Тут. Тут – з разумным і прыстойным».
Дзякуй, што не прапаноўвалі. Пасля падпісання «памілухі» было б балюча глядзецца ў люстэрка.
Але цяпер, калі я падпісаў заклік да еўрапейскіх палітыкаў уступіць у дыялог з тымі, хто трымае гэтых хлапчукоў у зняволенні, я адчуваю не боль, а пэўную палёгку. Мяне ніхто не ўгаворваў. Са мной ніхто нічога не абмяркоўваў. Я зрабіў выбар. Сам. Гэта сумленна. І гэта не выбар паміж дабром і злом. Гэта выбар на карысць тых, хто дагэтуль застаецца па другі бок кратаў.
Я супраць зняцця санкцыяў да моманту спынення рэпрэсіяў. І ў лісце сямідзесяці трох гаворыцца пра выкарыстанне ціску як аднаго з метадаў вядзення перамоваў. Я за спыненне рэпрэсіяў як галоўную ўмову зняцця санкцыяў. І гэта ў лісце таксама ёсць.
Але ў лісце ёсць яшчэ адно. Думка пра найвышэйшую каштоўнасць чалавечага жыцця. Не майго. Не Міколы Статкевіча. А тых, хто да гэтага часу пазбаўлены магчымасці дыхаць паветрам хоць бы адноснай свабоды.
Няма ў мяне выбару. Таму што тлумачэнні, чаму я не падпісаў, гучалі б жаласна. Я зрабіў той адзіна магчымы крок, які быў у мяне ў распараджэнні. Крок ім насустрач.
А тым, хто папракае сёння падпісантаў, магу даць адну параду. Паглядзіце ў вочы Віктару Бабарыку. Не як палітыку. Да палітыка Бабарыкі ў мяне самога сотні пытанняў – яшчэ з 2020 года. Як бацьку, чый сын застаецца за кратамі. І не таму, што ён здзейсніў нейкае злачынства. А толькі таму, што ён сын свайго бацькі. І калі ў вас пры гэтым паўстане жаданне асудзіць выкінутага за межы радзімы (не збеглага, не, а выкінутага, – як і я, Золатава, Чэкіна, Калеснікава, як дзясяткі іншых) за тое, што ён паставіў свой подпіс пад дакументам, які дае яму надзею на хутчэйшае вызваленне сына… Зірніце ў люстэрка. Калі не будзе сорамна – вашая справа. Але не распараджайцеся чужымі лёсамі і чужымі подпісамі, добра?
