7 красавіка ў «Беларускім моладзевым хабе» ў Варшаве адбудзецца прэзентацыя фотаальбома пра Мінск «Я хачу дадому». Акрамя асноўнага паказу, на івэнце можна будзе пазнаёміцца з аўтарамі працаў, а таксама парэфлексаваць на тэму дома і вымушанай эміграцыі з псіхалагіняй Воляй Сарокай, — паведамляе Сitydog.
Фотаальбом «Я хачу дадому» створаны паводле аднайменнай выставы, якую ў кастрычніку 2022 года арганізавалі хлопцы з арт-супольнасці Heartbreaking Performance. У альбом увайшлі здымкі Мінска розных гадоў да 2020 года.
— Перад фатографамі стаяла задача паказаць Мінск, у які яны б хацелі вярнуцца, Мінск, якім яны хочуць яго бачыць у будучыні. Колькі б некаторыя ў бары «Карма» ні казалі, што эміграцыя — гэта сэксі, усё роўна яна заўсёды ідзе разам са стрэсам, — распавядаюць аб праекце ўдзельнікі.
— Асабліва калі няма магчымасці вярнуцца дадому. І калі чалавек блакуе пачуцці, ніколі з гэтага нічога добрага не бывае. У 2023 годзе ўжо многія шараць у псіхалогіі і разумеюць гэта вельмі добра. У фотаальбоме «Я хачу дадому» мы вырашылі «распакаваць» пачуцці людзей, каб усе пра іх казалі, плакалі і прымалі. А ў выніку — каб людзі маглі рухацца далей, — кажуць удзельнікі.
Кніга будзе даступная ў беларускіх арганізацыях у Варшаве, яе можна будзе набыць падчас прэзентацый у Польшчы, Літве і Германіі.
budzma.org паводле citydog.io