Андрэй Палуда: «Гайкі закручваюцца» ў адносінах «людзей государевых»

Наяўнасць і практыка прымянення смяротнага пакарання — гэта вялікая праблема грамадства. Пра гэта раней увесь час казалі праваабаронцы: смяротнае пакаранне можа датычыць кожнага з нас. Цяпер у хуткім часе некаторыя гэта могуць адчуць і на ўласным досведзе.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ўчора ў першым чытанні прыняла законапраект “Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», які прадугледжвае ўвядзенне смяротнага пакарання па артыкуле аб здрадзе дзяржаве, здзейсненай службовай асобай або вайскоўцам (ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса), паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

Такое рашэнне прынята нібыта для “стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы” і “дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве”.

Адпаведны законапраект ужо прыняты ў першым чытанні. Паведамляецца, што гэта прымаецца «ў мэтах аказання стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы, а таксама дэманстрацыі змагання са здрадай дзяржаве».

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда, каментуючы магчымыя папраўкі ў заканадаўства адзначае наступнае:

«Мы бачым устойлівую тэндэнцыю на заканадаўчае пашырэнне магчымасцяў прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі. Пакуль што заканадаўчае, але ж не выключна, што зможам пабачыць і практычнае пашырэнне прымянення. На мой погляд, гэта сведчыць аб некалькіх рэчах.

Па-першае, тое, што ўлады па-ранейшаму лічаць наяўнасць смяротнага пакарання стрымліваючым фактарам — фактарам, які, на іх думку, можа папярэдзіць здзяйсненне пэўных непажаданых для уладаў дзеянняў.

Па-другое, звяртаем увагу на тое, хто з’яўляюцца суб’ектамі гэтых зменаў (дзяржаўныя служачыя і грамадзяне са статусам вайсковага служачага). Гэта сведчанне таго, што “гайкі закручваюцца” у адносінах “людзей государевых”, як вельмі часта любяць сябе называць беларускія чыноўнікі і сілавікі. Тады як красавіцкія змены заканадаўства, звязаныя са смяротным пакараннем, былі накіраваныя на больш шырокія масы і хутчэй за ўсе былі прадыктаваны антываеннымі дзеяннямі грамадзян Беларусі, у тым ліку і на дзеянні так званых «рэйкавых партызан».

Па-трэцяе, вельмі часта такія сур’езныя змены у заканадаўстве ёсць яскравым індыкатарам працэсаў (іх глыбіні і масавасці), якія адбываюцца ў грамадстве, і якія з-за немагчымасці ў сённяшніх умовах працы сацыялогіі ў Беларусі схаваныя ад нас і не бачны.

Тое, аб чым мы, праваабаронцы, увесь час “крычалі”, — што наяўнасць і практыка прымянення смяротнага пакарання — гэта вялікая праблема грамадства, якая датычна кожнага з нас, праяўляецца ў тым ліку і ў такіх заканадаўчых ініцыятывах, якія у хуткім часе могуць быць рэалізаваныя на практыцы».

Дагэтуль у Беларусі ў мірны час смяротнае пакаранне прымянялася за 12 катэгорый асабліва небяспечных злачынстваў, у ваенны час — на некалькі больш.

novychas.online