25 сакавіка 105-ыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі ў Беластоку супольна адзначылі беларусы з Падляшша і беларуская дыяспара. Як кажа адзін з суарганізатараў, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства праф. Алег Латышонак, „хаця інтэграцыя яшчэ не адбылася, яшчэ пабачым, як яно будзе, то гэтае свята яднае ўсіх беларусаў у свеце”.
З раніцы на балконе Гасціннага палаца па вул. Кілінскага ўладамі горада былі вывешаны тры гістарычныя бел-чырвона-белыя сцягі. Праграма Дня Волі пачалася з ускладання кветак перад Следчым ізалятарам па вул. Каперніка, дзе верагодна ў 1939 г. саветамі быў закатаваны Макар Краўцоў, аўтар гімну БНР „Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.
На мітынгу на Рынку Касцюшкі сабралася каля 500 чалавек. Былі патрыятычныя прамовы, песні, лозунгі – „Жыве Беларусь!”, „Быць нам разам!”, „Верым, можам, пераможам!”. Узгадваліся палітычныя вязні рэжыму ў Мінску. Хвілінай маўчання былі ўшанаваныя беларусы і ўкраінцы, якія загінулі ў вайне ва Украіне.
Пасля пікету адбыўся святочны канцэрт, які прайшоў у Усходнееўрапейскай акадэміі прыкладных навук. Спярша выступіў беластоцкі (родам з Гомеля) бард, оперны спявак і мастак Алег Кабзар, а пасля знакаміты сямейны гурт „Бартосікі”. Канцэрт завяршыўся супольным праспяваннем гімну „Магутны Божа”.
czasopis.pl,
фота Юркі Хмялеўскага