25 сакавіка сьвяткаваньні пачаліся ад імшы за Беларусь ў Каралеўскай капліцы ў Гданьску.
Пасьля на Гарнізонных могілках у цэнтры Гданьска Беларусы і віцэпрэзыдэнт Гданьска Пётр Крышэўскі склалі кветкі на магілах Лукі Дзекуь-Малея і яго жонкі Сэрафіны, (глядзіце здымак) а таксама мастака Козьмы Чурылы. Пастар царквы хрысьціян баптыстаў Робэрт Мікса прачытаў на польскай мове фрагмент евангельля сьв. Яна пра свабоду, а Лена Глагоўская тое-ж самае на беларускай.
Побач могілак сабралася вялікая грамада Беларусаў, якія пражываюць на Памор’і. Прынесьлі з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі. Праз ронда Ахвяр Катыня сабраныя перашлі маршам у Эўрапейскі Цэнтр Салідарнасьці. Па дарозе ў падтрымку трубілі машыны, якія праязджалі па вуліцы, а будаўнікі, якія працавалі на шматпавярховіку крычалі: «Жыве Беларусь!» У Эўрапейскім Цэнтры Салідарнасьці (ЭЦС) адбыўся мітынг, падчас якога прамаўляў Раман Шчэрбаў – намесьнік старшыні Беларускага Культурнага Таварыства «Хатка» ў Гданьску, Уладзімір Мазур – сакратар БКТ «Хатка». Мітынг вёў Кацпэр Дзекан з ЭЦС. Выступіў таксама паэт Андрэй Хадановіч, які прачытаў свае новыя вершы і выканаў славутыя «Муры» з рэпертуару Яцка Качмарскага.
Адбыўся таксама кірмаш кніг фонду «Камунікат», упрыгожваньняў, маек прысьвечаных БНР, прац мастака Сяргея Русака. На дудзе іграў Яўген Барышнікаў, а жанчыны і мужчыны танцавалі ў такт музыкі беларускія народныя танцы.
Пасьля абеду ў бібліятэцы ЭЦС адбылася дыскусія прысьвечаная спадчыне БНР, у якой выступілі пісьменьнікі Андрэй Хадановіч і Уладзімір Арлоў і гісторык Лена Глагоўская. У 16 гадзін выступіў «Вольны хор» з багатай праграмай беларускіх патрыятычных песень. На заканчэньне дня ў студэнцкім клубе «Жак» выступілі The Superbullz i Belarusian True Story.
Сьвяткаваньне 105. угодкаў БНР у Гданьску сабрала вельмі шмат людзей, якія ўвесь дзень прысьвяцілі дзеля юбілею сваёй незалежнасьці.
Арганізатарамі сьвяткаваньня былі: Беларускае Культурнае Таварыства «Хатка», ЭЦС, Горад Гданьск.