Як паведамляла “Народная Воля”, у 2020 годзе жыхары Віцебска бацька і сын Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Калі яны зразумелі, што ім пагражае затрыманне, паспрабавалі папрасіць палітычны прытулак у Швецыі, але ім адмовілі. Тады мужчыны перабраліся праз плот дыпламатычнага прадстаўніцтва і засталіся на тэрыторыі пасольства.
У мінулым годзе стала вядома, што Кузнечыкі змаглі пакінуць пасольства Швецыі і здолелі збегчы ў Латвію.
Як паведаміў “Народнай Волі” Вадзім Драздоў, адвакат Кузнечыкаў, не так даўно Віталь і Уладзіслаў атрымалі статус бежанцаў і зараз будуць вырашаць, што ім рабіць далей. Па словах адваката, гэты статус дазваляе Кузнечыкам перасоўвацца па ўсёй Еўропе.
“Таксама пасля атрымання статуса бежанцаў улады Латвіі не могуць да іх адносіцца горш, чым да любога іншага замежнага грамадзяніна, які пражывае на тэрыторыі Латвіі, – дадае Вадзім Драздоў. – Раней Віталь і Уладзіслаў былі заблакаваны ў краіне, напрыклад, не маглі з’ездзіць у суседнія Літву ці Эстонію.
Зараз Кузнечыкі могуць мабільна перасоўвацца па Еўропе, атрымаюць праязны дакумент і дазвол на працу. Не выключана, што з часам з’едуць у іншую краіну, але, натуральна, канчатковае рашэнне яны будуць прымаць самі”.
Пасля атрымання статуса бежанцаў, Кузнечыкі знялі ў Рызе кватэру, хаця раней жылі ў адмысловым лагеры для бежанцаў.
Акрамя таго, па словах Вадзіма Драздова, бацька і сын Кузнечыкі плануюць напісаць кнігу пра свае “прыгоды” ў апошнія два гады.
“Віталь і Уладзіслаў пастаянна вялі дзённік, запісвалі ўсё тое, што з імі адбывалася штодзень, а зараз у іх ёсць жаданне ўсё гэта літаратурна аформіць і выдаць кнігу”, – кажа іх адвакат.
Зрэшты, Кузнечыкі прызнаюцца, што літаратурным словам валодаюць не вельмі добра, а таму шукаюць людзей, якія б дапамаглі ў напісанні кнігі.
Паведамлялася таксама, што ў Уладзіслава Кузнечыка была дыягнаставана анкалогія, але ён ужо прайшоў за мяжой абследванне, якое паказала, што рэмісія працягваецца. Так што навіны не самыя дрэнныя.
Віталь і Уладзімір Кузнечыкі пакуль знаходзяцца ў Рызе, але мараць адкрыць свой бізнес у адной з еўрапейскіх краін (у Беларусі яны таксама займаліся дробным бізнесам). Праўда, пакуль не вызначыліся з бізнес-накірункам і краінай, у якой можна было б жыць і працаваць.
На гэты момант Кузнечыкі жывуць на дапамогу ад урада Латвіі, а Уладзіслаў яшчэ займаецца валанцёрствам у адной з арганізацый.