Музей вольнай Беларусі фарміруе каманду і запрашае далучыцца крэатыўных людзей

Плакат з калекцыі Музея вольнай Беларусі. Фота: Reform.by

Музей вольнай Беларусі разам з партнёрам – Асацыяцый прадпрымальнікаў AIST аб’яўляе аб пачатку PROMO-кампаніі, піша Reform.by.

Музей шукае новыя ідэі для ўзмацнення іміджу Музея вольнай Беларусі як месца аб’яднання вольных беларусаў, захавання беларускай культуры і яе інтэграцыі з еўрапейскай. Таксама патрэбна дапамога ў пабудове ўстойлівай сістэмы фандрэйзінгу ў партнёрстве з вядучымі польскімі арганізацыямі, якія спецыялізуюцца на пытаннях фінансавання некамерцыйных арганізацый.

«З гэтай нагоды мы фарміруем каманду і запрашаем далучыцца да яе маладых крэатыўных людзей, якія вучацца па спецыяльнасцях, звязаных са стратэгічным маркетынгам, сувязямі з грамадскасцю, стварэннем і кіраваннем карпаратыўнага брэнду. Мы чакаем памочнікаў, якія ўжо маюць вопыт у падобных праектах ці моцна жадаюць яго набыць»,паведамляецца ў Instagram музея.

Вітаюцца веданне польскай і ангельскай моў, вопыт валантарыяту, знаёмства з варшаўскай культурнай супольнасцю і арганізацыямі, якія падтрымліваюць развіццё культуры, і маюць шчырыя намеры падтрымаць Музей.

Калі вам цікава і значна тое, што робіць Музей сёння і вы хочаце бачыць яго развіццё ў далейшым – дашліце кароткае рэзюме з абгрунтаваннем, чаму менавіта вы зможаце рэалізаваць пастаўленыя задачы, на пошту contact@aist.space з адзнакай «PROMO».

Reform.by