13 красавіка, 280-я гадавіна з дня народзінаў аднаго з бацькоў-заснавальнікаў Злучаных Штатаў — Томаса Джэферсана. Шмат у каго з беларусаў, па даўняй традыцыі, у гаманцы захоўваецца «на фінансавы поспех» купюра ў 2 долары. На ёй партрэт трэцяга прэзідэнта Амерыкі. Першым з нашых суайчыннікаў з ім пасябраваў Тадэвуш Касцюшка, піша «Новы Час».
Касьцюшка быў у шэрагу амэрыканскай эліты, нягледзячы на тое, што пакінуў ужо незалежныя штаты непасрэдна пасьля сканчэньня вайны, каб служыць роднаму краю. Па вяртаньні на Беларусь Тадэвуш узначаліў паўстаньне, трапіў у маскоўскі палон, адкуль вырваўся на волю ў 1796 годзе. Пасьля гэтага герой Беларусі зноў апынуўся ў ЗША. Адкуль ужо ў 1798 годзе выправіўся назад у Эўропу.
Касьцюшка і Джэфэрсан сталі блізкімі сябрамі ў 1797 годзе і пасьля гэтага ліставаліся на працягу дваццаці гадоў у духу ўзаемнага захапленьня. Джэфэрсан пісаў, што
«Ён сапраўдны чысты сын свабоды, якога я ніколі ня ведаў».
Калі Тадэвуш Касьцюшка вярнуўся ў Злучаныя Штаты ў 1797 годзе, сур’ёзныя палітычныя рознагалосьсі падзялялі амэрыканскую нацыю, паўстала пагроза вайны паміж ЗША і Францыяй, а падзеі Французскай рэвалюцыі выклікалі вялікія хваляваньні ў Эўропе. Кожная з гэтых абставінаў паўплывала на кароткае знаходжаньне Касьцюшкі ў Амэрыцы і канчатковае вяртаньне ў Эўропу.
Тадэвуш пракансультаваўся з тагачасным віцэ-прэзідэнтам ЗША Томасам Джэфэрсанам, які здабыў яму пашпарт на фальшывае імя і арганізаваў таемны ад’езд у Францыю. Джэфэрсан разглядаў яго як неафіцыйнага пасланца. Пазьней Касцюшка пісаў:
«Джэфэрсан лічыў, што я быў бы найбольш эфэктыўным пасярэднікам у дасягненьні пагадненьня з Францыяй, таму я прыняў місію, нават і без афіцыйнага дазволу».
З ліста Тадэвуша Касьцюшкі Джэфэрсану ў 1805 годзе:
Не вагайцеся, дзейнічайце з энэргіяй і цьвёрдасцю, аналягічнымі Вялікаму Чалавеку, якім вы павінны быць. Прабачце, калі я пішу занадта свабодна, але мае пачуцьці шчырыя да вас, я люблю вас, вы адзіная надзея для ўсяго чалавецтва, і я хацеў бы, каб вы былі прыкладам для будучага веку. Мая павага.
Тэстамэнт
Філядэльфія, 5 траўня 1798 году
Я прасіў пана Джэфэрсана, калі я памру, без апошняй волі ці запавету, каб ён выкупіў за мае грошы столькі чорных і адпусьціў іх на волю, каб астатняй сумы хапіла на іх навучаньне і існаваньне. Кожны зь іх найперш павінен ведаць, што абавязак грамадзяніна ў вольнай дзяржаве — бараніць сваю краіну ад зьнешніх і ўнутраных ворагаў, якія зьменяць Канстытуцыю ў горшы бок, што ў выніку зноў зробіць іх рабамі. Кожны зь іх павінен мець добрае і чалавечнае сэрца, чулае да цярпеньня іншых. Кожны павінны быць жанаты і мець 100 акраў зямлі (прыблізна 40 гектараў), прылады працы і жывёлу для апрацоўкі, ведаць, як абыходзіцца, умець гаспадарыць, а таксама павінны мець ладзіць з суседзямі: заўсёды быць добрым і гатовым дапамагчы і сьціплым да іх. Кожны павінны даць сваім дзецям добрую адукацыю, любіць сваю Радзіму і выконваць свае грамадзянскія абавязкі, каб яны, у падзяку мне, рабілі сябе як мага больш шчасьлівымі.
Тадэвуш Касьцюшка.
Гэры Нэш, гісторык з Каліфарнійскага ўніверсітэту, сцьвярджае, што гісторыя Злучаных Штатаў, а значыць, верагодна, і сьвету, склаліся б па-іншаму, калі б Томас Джэфэрсан выканаў апошнюю волю яго сябра, пачаўшы адмену рабства ў 1817 годзе. Джэфэрсан, калі адмовіўся выканаць запавет Касьцюшкі нягледзячы на ранейшае абяцаньне, здрадзіў ня толькі яму, але і ідэям свабоды, на якіх былі заснаваныя Злучаныя Штаты.
У ЗША заставаўся рахунак Тадэвуша амаль на 17 тысячаў тагачасных даляраў, гэта была маёмасьць Касьцюшкі, якая складалася з неаплачанага раней заробку афіцэра Амэрыканскай рэвалюцыі. Джэфэрсан атрымаў апеку над грашыма разам з тэстамэнтам, першы варыянт якога быў напісаны ў красавіку 1798 году. Дакумэнт выяўляе сабою ня толькі запавет, але і сутнасьць сацыяльнай філязофіі Касьцюшкі.
Джэфэрсан павінен быў выкупіць столькі чарнаскурых рабоў за значную па тых часах суму, каб астатніх грошай хапіла на іх навучаньне і забесьпячэньне годных умоваў жыцьця, гэта значыць 100 акраў зямлі з сельскагаспадарчым інвентаром і быдлам.
Адукацыя былых рабоў павінна была складацца ня толькі з прафэсійных навыкаў, але і таксама з грамадзянскіх правоў.
Праэкт тэстамэнту Касьцюшкі — самы кароткі рэцэпт таго, як з раба зрабіць вольнага грамадзяніна і рэспубліканца, які гатовы абараняць Канстытуцыю і свабоду сваёй Айчыны.
Як падкрэсьлівае гісторык Нэш, эгалітарызм Касьцюшкі высьпяваў з часоў назіраньня за лёсам прыгоньнікаў у Рэчы Паспалітай. Вайна за незалежнасьць у ЗША са значным удзелам афраамэрыканцаў натхніла Тадэвуша прыняць канцэпцыю нацыянальнай вайны з удзелам усіх пластоў насельніцтва, у тым ліку сялянаў.
У сваім падыходзе да народу Касьцюшка спалучаў ідэалізм з прагматызмам. З аднаго боку, ён лічыў, што свабода зьяўляецца неабходнай умовай для пашырэньня магчымасьцей. Гэта недвухсэнсоўна выяўляецца ў маніфэсьце 1800-га году:
«Некаторыя думаюць, што трэба прасьвятляць народ, перш чым даць яму свабоду. Я лічу наадварот: каб прасьвятліць народ, трэба яго вызваліць. Колькі народаў у гісторыі мы ведаем, якія не ўмелі чытаць і былі свабоднымі? Свабода — гэта не навука, а патрэба душы, такая ж істотная для чалавечага шчасьця, як чыстае паветра для здароўя».
У 1815 годзе Тадэвуш пісаў наступнае: «Прабачце — адна свабода не дае селяніну і яго сям’і пражытку. Ён павінен зарабляць сабе на жыцьцё альбо працай, альбо рамяством, альбо прамысловасьцю, альбо валоданьнем зямлёй, што лепш для краіны, інакш яны зробяцца злыднямі».
Касьцюшка пацьвердзіў свой тэстамэнт у апошняй сваёй вядомай перапісцы з Джэфэрсанам, датаванай 15 верасьня 1817 году, за месяц да сваёй сьмерці. Аднак Томас Джэфэрсан вырашыў не выконваць місіі, пра што ён канчаткова і адназначна заявіў перад судом 12 траўня 1819 году. Апраўданьнем была яго старасьць. Сапраўдныя прычыны адмовы выклікаюць дыскусіі дагэтуль.
Біёграф Джэфэрсана, Генры Вінчэк у сваёй кнізе аналізуе сыстэму амэрыканскага рабства, нагадваючы, што нават напярэдадні Грамадзянскай вайны, у 1860 годзе, рабы былі другім па каштоўнасьці рэсурсам вытворчага капіталу, утрая больш каштоўным, чым капітал, назапашаны ў прамысловасьці. Даражэйшай за іх тады была толькі зямля.
Падчас заснаваньня Злучаных Штатаў значэньне рабоў як вытворчага капіталу было яшчэ большым. Кожнае народжанае ў няволі дзіця азначала стабільны прыбытак у 4 адсоткі штогод. Трэці прэзідэнт ЗША ў сваёй перапісцы рэкамендаваў інвестыцыі ў зямлю і чарнаскурых як лепшую стратэгію забесьпячэньня будучыні, выражаную ў «ціхім прыбытку» на ўзроўні ад 5 да 10 адсоткаў.
Праз маёнтак Джэфэрсана прайшло каля 600 рабоў, пасьля ягонай сьмерці ў 1827 годзе 140, што засталіся на ферме, былі прададзеныя з аўкцыёну.
Томас Джэфэрсан, плантатар з Поўдня, проста ня мог сабе ўявіць магчымасьці выйсці за межы дзеючых нормаў і практыкі, да чаго яго абавязваў запавет Касьцюшкі.
У лістах двух вялікіх людзей зьмешваюцца пытаньні тагачаснай вялікай палітыкі з самымі звычайнымі справамі. Як высьвятляецца, абодва вялікія дзяржаўныя дзеячы былі беднымі і жылі ў крэдыт. Касьцюшка таму, што яго актывы былі замарожаныя ў Злучаных Штатах і ён увесь час прасіў Джэфэрсана своечасова выслаць яму адсоткі з капіталу. Джэфэрсан, нягледзячы на велізарныя багацьці, назапашаныя ў зямлі і рабах, меў яшчэ большыя крэдытныя абавязальніцтвы.
У выніку справа тэстамэнту скончылася толькі ў 1852 годзе, калі нарэшце Вярхоўны суд ЗША вынес вырак. Суддзі анулявалі ўсе тэстамэнты Касьцюшкі, у тым ліку і першы, палічыўшы, што ня ведаюць, як будуць вызваляцца рабы паводле пляну, выкладзенага ў тэстамэнце. Актывы спачылага Тадэвуша ў памеры 43 тысячаў даляраў былі выплачаныя сваякам у Беларусі і Польшчы.
З ліста Томаса Джэфэрсана, ужо на пасадзе прэзідэнта ЗША, Тадэвушу Касьцюшку ў 1802 годзе:
«Мой вельмі дарагі генэрал.
Спецыяльны пасыльны прапанаваў мне бясьпечную транспартыроўку ў Парыж, містэр Барнс папрасіў мяне паслужыць вам, адправіўшы грашовы перавод у памеры тысячы даляраў, для гэтага ён будзе знаходзіцца пад прыкрыцьцём. Я ня буду пісаць вам на тэму нашых зьнешніх адносінаў з-за небясьпекі на моры і небясьпекі на сушы. Падчас цяперашняга вар’яцтва Эўропы мы палічылі за разумнае спыніць зь ёй усялякія зносіны. На працягу гэтага году мы прывядзем усе нашыя марскія парты ў стан абароны ад марскіх нападаў.
Я вітаю вас са шчырым і нязьменным сяброўствам і вялікай пашанай».