Выйшаў другі выпуск падкаста «Літаратурныя ночы з Васілём». Гэтым разам Васіль Дранько-Майсюк распавёў пра актывістку і паэтку Ларысу Геніюш.
«Для мяне Ларыса Геніюш заўсёды была ў першую чаргу дысідэнткай, чыё асноўнае дасягненне палягала ў супраціве сістэме і чые творы вылучаліся збольшага змагарскімі ноткамі. А яна была незвычайнай, рознай. Творча-нечаканай, яна з аднолькавай лёгкасцю складала і тонкія элітарныя вершы, стварала і любоўную лірыку, і творы для дзяцей. Яна адседзела ў сталінскіх лагерах і напісала пра гэта балючыя вострыя ўспаміны, якія затым сталі кнігай «Споведзь». Яе жыццё, учынкі, пачуцці і думкі цалкам адпавядалі Яе творам. Ніякія ўлады ні ўсходу ні захаду не здолелі накінуць на Яе абруч падатлівасці, не змаглі раздушыць у Ёй такога натуральнага (і такога рэдкага для нас) жадання заставацца сабой. У красавіку – сорак гадоў, як яе няма з намі. Яна была лёгкая, вельмі рухавая, імклівая. Вялікі пісьменнік-эмігрант Масей Сяднёў параўноўвай яе з ластаўкай. Сёння мы пагаворым пра гэту незвычайную жанчыну, пра незвычайную Ларысу Геніюш. Незалежную ластаўку нашай літаратуры».