Псіхолаг Таццяна Карасёва: «У чалавека, які дазваляе сабе сумаваць, злавацца, менш рызыкі захварэць на дэпрэсію»

1387.by зноў размаўляюць з псіхолагам Таццянай Карасёвай – бабруйчанкай, якая цяпер жыве ў Турцыі. Гэтым разам – пра дэпрэсію. Адкуль бяруцца дзве скрайнасці ў стаўленні да гэтай хваробы: ад «якая дэпрэсія – гэта ўсё ад ляноты, мы працавалі ўсё жыццё і дэпрэсіі не было» да антыдэпрэсантаў пры любой нагодзе? У каго больш рызыкі захварэць на дэпрэсію – таго, хто дазваляе сабе сумаваць і злавацца, ці ў таго, хто заўсёды «на пазітыве» – усміхаецца і смяецца? Ці ў беларусаў цяпер больш дэпрэсіяў і як яны праяўляюцца?

Таццяна Карасёва. Фота: асабісты архіў Таццяны Карасёвай

«Па выбары колеру і моцы націску алоўка вызначаю глыбіню дэпрэсіі»

– Таццяна, калі да вас прыходзіць чалавек і кажа, што ён у дэпрэсіі, як вы разумееце, што гэта сапраўды так, а не проста часовы меланхалічны настрой?

– Каб гэта вызначыць, ёсць адмысловыя тэсты, кшталту класічнага апытальніка Аарона Бека. Але я не вельмі іх люблю. Я адмовілася ад тэстаў, бо на практыцы заўважыла, што лепш працуюць іншыя метады. Шмат якія з тэстаў актуальныя ў момант, калі чалавек іх робіць, а заўтра штосьці здарыцца – і вынік будзе зусім іншы.

Я карыстаюся вобразна-эмацыйнай тэрапіяй ці арт-практыкамі. Яны добра вызначаюць глыбіню дэпрэсіі. Яны не паказваюць дакладнасці па балах, але гэта і не патрэбна. Па тым, якія фарбы ці алоўкі выбірае чалавек, з якім націскам малюе, ты добра бачыш, ці ў яго сітуатыўны стрэс, ці доўгатэрміновы дэпрэсіўны стан.

Таксама я ў сваёй практыцы звярнула ўвагу, што лепш чалавеку сказаць, калі бачыш у яго дэпрэсію, што ён – малайчына, што прыйшоў, што ў яго дэпрэсія толькі пачалася. Я бачу, як гэта вяртае чалавеку веру ў сябе, што ён здолеў своечасова звярнуцца. У такіх выпадках выхад з дэпрэсіі хутчэйшы і не такі балючы. У той жа час я бачыла, як чалавеку робіцца горш толькі ад таго, што яму кажуць, што ў яго глыбокая дэпрэсія.

Але хачу таксама падкрэсліць, што я – псіхолаг, а не псіхіятр, распавядаю цяпер са свайго досведу. Я не працую з клінічна цяжкімі дэпрэсіямі, але магу накіраваць чалавека да псіхіятра ці псіхатэрапеўта, калі бачу, што яму гэта патрэбна.

«Людзі прыходзяць і кажуць – мне проста кепска, без прычыны, і найчасцей гэта мужчыны»

– Ці заўсёды ў дэпрэсіі ёсць прычына? Адкуль яна ўвогуле бярэцца?

– Да мяне прыходзяць людзі, якія кажуць – мне проста кепска. Нічога не адбываецца, але мне кепска, без прычыны. Асабліва часта мужчыны ў такім стане бываюць. Але прычына ёсць ва ўсяго. І ў такіх выпадках карані ў тым, што мужчыны звычайна не ўмеюць пражываць свае эмоцыі. А гэтае няўменне ідзе з дзяцінства – іх проста не навучылі. У сям’і мог быць гіперкантроль ці абыякавасць. Ці, як у тым анекдоце, дзе мама кліча дамоў сына, а ён пытаецца – я галодны? А мама адказвае – не, табе халодна. На жаль, смешнага тут мала, бо гэта як раз пра неразвітасць эмацыйнага інтэлекту. Бацькі ці душылі, ці не звярталі ўвагі на эмоцыі дзіцяці, у выніку яно само не навучылася іх чуць. Адсюль і з’яўляецца – мне кепска, але я не ведаю, чаму. Гэта латэнтная дэпрэсія.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Photographee.eu / shutterstock

Бывае атыповая дэпрэсія – калі чалавек нібыта захоўвае рухавую актыўнасць, весялосць. Калі такія людзі кажуць пра траўмы, яны смяюцца. У іх вельмі моцная абарончая рэакцыя.

Таксама з уменнем чуць свае эмоцыі і патрэбы звязаная пасляродавая дэпрэсія. Звычайна мацярынскі інстынкт настолькі моцны, што мама пачынае цалкам жыць дзіцём і перастае заўважаць уласныя эмоцыі. У выніку гэта ўсё цягам трох месяцаў – года пасля нараджэння дзіцяці можа адгукнуцца дэпрэсіяй. Там я настойваю, каб маладыя мамы знаходзілі час на сябе. Хоць на тры гадзіны на тыдзень, напрыклад, няню запрасіць, але такі час проста неабходны.

Таксама часта бывае, што мама не дазваляе сабе злавацца на дзіця, напрыклад, бо тады яна лічыць, што яна – кепская маці. Бо я ж люблю яго – як я магу злавацца? Трэба памятаць, што адчуваць злосць – не значыць не любіць. Любоў – гэта пачуццё, а злосць – эмоцыя, і мы можам іх адчуваць адначасова, як і розныя іншыя эмоцыі, і гэта нармальна і не трэба ў сабе душыць.

«Няма кнопкі, якая выключае толькі негатыўныя эмоцыі»

– Але часам бывае вельмі балюча штосьці адчуваць, і нам лягчэй абстрагавацца, пераключыцца…

– Так, і тады як раз і з’яўляецца дэпрэсіўны стан, калі чалавек прымае рашэнне не адчуваць, душыць эмоцыі. Паводле навукоўцаў, калі чалавек адчувае некалькі негатыўных эмоцыяў – злосць тую ж, крыўду, сум, то рызыка дэпрэсіі ў яго змяншаецца. Чалавек злуецца, баіцца, гаруе. Яму цяжка, але ён пражывае гэты спектр эмоцыяў і ў выніку ў яго мінімальныя рызыкі трапіць у дэпрэсіўны стан. Да дэпрэсіі прыводзіць знаходжанне ў адной эмоцыі ці калі чалавек душыць іх. Запомніце – няма кнопкі, якая выключае толькі негатыўныя эмоцыі. Выключаюцца ўсе – так працуе нашая псіхіка.

– Распаўсюджана меркаванне, што дэпрэсіі ці іх абвастрэнне часта з’яўляюцца ўвесну ці ўвосень – так званая сезонная дэпрэсія. Цяпер як раз вясна. Ці значыць гэта, што нам трэба звяртаць больш увагі на свой стан?

– Спецыялісты называюць такі стан «сезонна-афектыўны разлад». Ён звязаны з рэгуляцыяй гармонаў у арганізме, а менавіта – з выпрацаваннем мелатаніну, якое адбываецца ў цёмны час сутак.

Яшчэ пэўную ролю граюць аўтаматычныя думкі, да якіх мы прызвычайваемся з дзяцінства – дождж, кепскае надвор’е, нікуды не пойдзем, будзем сумаваць. Каб вырвацца з гэтага стану, чалавек пачынае глядзець ноччу нейкія фільмы, некуды хадзіць, і такім чынам ён сам перашкаджае выпрацаванню мелатаніну і шкодзіць сабе. Таму на гэта варта звяртаць увагу, клапаціцца пра свой сон.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Marina Demeshko/Shutterstock.com

Дзве скрайнасці ў падыходзе да дэпрэсіі

– Якія ўяўленні пра дэпрэсію ў людзей не адпавядаюць рэчаіснасці?

– У падыходзе да дэпрэсіі ёсць дзве скрайнасці: першая – адмаўленне – у сябе ці іншага. Кшталту – няма ў мяне ніякай дэпрэсіі, не выдумляй, ці –  у цябе няма ніякай дэпрэсіі – гэта ўсё ад ляноты. Часта так старэйшае пакаленне кажа – мы працавалі ўсё жыццё, і дэпрэсіі не было, а ў вас усё ёсць, проста не ведаеце, чым заняцца.

Другая скрайнасць – як толькі я адчую сябе крыху некамфортна, п’ю антыдэпрэсанты.

Першая скрайнасць – гэта абарончы механізм псіхікі, калі яна не хоча прызнаваць штосьці вельмі цяжкае, непрыемнае для мяне, што ставіць мяне ў стан уразлівасці. Да мяне неяк прыйшоў мужчына, якога ў дзяцінстве біў бацька. Гэты чалавек быў у дэпрэсіі. І ён прызнаваў, што дзяцей нельга біць, але адначасова ў яго была моцная ўстаноўка – тата рабіў правільна, я ж добрым чалавека вырас. Прыкладна гэты ж механізм працуе, калі мы кажам чалавеку, што ён у дэпрэсіі. Чалавек пачынае раскручваць клубок механічных думак, які, хутчэй за ўсё, прывядзе яго ў дзяцінства, а прызнаваць і шукаць прычыны там балюча.

– Што сказаць людзям, якія адмаўляюць дэпрэсію ў іншых і кажуць – вось у нашыя часы не было ніякай дэпрэсіі і т.п.?

– Пераконваць такіх людзей не мае сэнсу – прайграеце. У іх вельмі моцныя псіхалагічныя абароны. Тут можна толькі выстаўляць свае ўласныя межы. Бо чалавек, калі так кажа, парушае вашыя межы і здзяйсняе эмацыйны гвалт – абясцэньвае вашыя эмоцыі. На жаль, людзі ў нас настолькі да гэтага прызвычайваюцца, што не заўважаюць. Таму трэба казаць – мне непрыемна, што ты абясцэньваеш мае эмоцыі, мне цяпер кепска, і я хацеў/хацела падтрымкі, і калі ты не можаш даць мне яе, то не трэба абясцэньваць. Ад гэтага важна ўмець аддзяляцца, бо абясцэньванне эмоцыяў – першы крок да дэпрэсіі. Тым больш кепска, калі вашыя эмоцыі абясцэньвае значымы для вас чалавек.

Калі піць антыдэпрэсанты, а калі можна без іх?

– А што з другой скрайнасцю – адразу піць антыдэпрэсанты? Увогуле, як зразумець, што ты можаш без іх абысціся, а як – што яны табе неабходныя?

– Трэба быць уважлівымі да свайго стану, пачуццяў, цела, разумець, калі трэба звярнуцца да спецыяліста. Часта чалавек хоча скараціць гэты шлях і адразу піць антыдэпрэсанты. Бо прымаць таблеткі нашмат лягчэй, чым працаваць з сабой. Але калі гадамі прымаць лекі і нічога больш не рабіць, не працаваць над сабой, то нічога і не зменіцца. Таму я не рэкамендую, калі стан не крытычны, адразу піць таблеткі. Тым больш, што яны прытупляюць эмоцыі, а іх адчуванне – галоўнае ў працы з псіхолагам.

Я за антыдэпрэсанты, калі чалавеку кепска на фізічным узроўні, калі моцныя цялесныя рэакцыі, чалавек не можа есці, спаць, парушаная сістэма закрыцця базавых патрэбаў. Гэта можа быць прыгнечаны стан, страта апетыту, калі не хочацца выходзіць на вуліцу, глядзець за сабой, спыненне сацыяльных кантактаў, моцная агрэсія.

Тады я парэкамендую антыдэпрэсанты. Яны дапамогуць супакоіцца, і потым можна будзе змяншаць дозу, каб пачынаць прапрацоўку прычынаў і пражыванне эмоцыяў.

– Магчыма, калі не пачынаць адразу піць антыдэпрэсанты, дапамогуць такія безрэцэптурныя сродкі кшталту афабазола, фенібута?

– У Еўропе нават валяр’янка забароненая. Я без прызначэння лекара ўвогуле нічога не рэкамендую піць, бо гэта ўсё можа парушыць механізм адчування сваіх эмоцыяў. Наш мозг вельмі лянівы, і калі ёсць такіх шлях – таблеткі, якія можна прыняць і не трэба ў сабе капацца, мозгу гэта падабаецца, бо ён не хоча капацца ў цяжкіх эмоцыях, ён хавае іх. Без таблетак цяжэй, бо гэта ж трэба выбраць час, заплаціць псіхолагу.

Таццяна Карасёва. Фота: Таццяна Карасёва/Instagram

«У нас у міністэрствах думаюць, што ў Беларусі законы псіхалогіі не працуюць»

– Таццяна, як вы бачыце, ці сярод беларусаў цяпер больш дэпрэсіяў?

– Агулам, цяжка ацаніць, але ў мяне асабіста апошнім часам шмат зваротаў з дэпрэсіяй. Таксама шмат панічных атакаў. І, дарэчы, не заўсёды людзі прыходзяць адразу з такімі запытамі. Часта бывае, што, напрыклад, жанчына прыходзіць з праблемамі ў адносінах з партнёрам, а потым падчас размовы становіцца зразумела, што праблемы пачаліся, бо яна ўжо даўно ў дэпрэсіі і не чуе свае эмоцыі.

Гэта таксама датычыць сітуацыяў, калі чалавек шмат плача, нервуецца, скандаліць з некім. Прычына можа быць у дэпрэсіі, якую чалавек усімі спосабамі хавае.

Канешне, на тое, што кліентаў з дэпрэсіяй стала больш, уплываюць і вонкавыя чыннікі. Мы апошнія тры гады жывем у вельмі нестабільным свеце – спачатку пандэмія, потым усе гэтыя падзеі, вайна, катаклізмы, тыя ж землятрусы і гэтак далей.

– Таццяна, вы цяпер жывяце ў Турцыі. Наколькі часта туркі, у параўнанні з беларусамі, хварэюць на дэпрэсію?

– Не магу ацаніць, ці радзей, ці часцей, але што адназначна магу сказаць – туркі, як і іншыя паўднёвыя народы, лепш кіруюць сваімі эмоцыямі, у больш шчыльным кантакце з імі.

У Турцыі эмацыйны інтэлект пачынаюць развіваць са школы. Пражыванне эмоцыяў тут у нацыянальным характары. У беларускіх школах, напрыклад, няважна, што ты адчуваеш, важна, каб ты зрабіў заданне. У мяне ў Турцыі сын заснуў у школе, і яго ніхто не будзіў. Бо яны разумеюць, што калі чалавек будзе ў добрым эмацыйным стане, ён запомніць і вывучыць што заўгодна. У Беларусі, на жаль, не так. Напэўна, чыноўнікі ў нашых міністэрствах думаюць, што ў Рэспубліцы Беларусь законы псіхалогіі не працуюць. У выніку – ні дзяржава, ні бацькі не развіваюць эмацыйны інтэлект, а наадварот. А потым людзі ў глыбокай дэпрэсіі.

1387.by