У Варшаве пачаліся здымкі поўнаметражнай карціны «8 гадоў 3 месяцы». Яна натхнёная гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

Падчас здымак “8 гадоў 3 месяцы”. Фота: Uliana Shargaeva

«8 гадоў 3 месяцы» — такую рабочую назву мае поўнаметражная дэбютная стужка беларуска-польскай рэжысёркі Мары Тамковіч, піша reform.by. Яе сюжэт натхнёны гісторыяй кахання Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша. «Ды ўсё ж такі гэта будзе мастацкая карціна», — адзначае аўтарка, падкрэсліваючы, што яе мэтай не было стварэнне біяграфічнага фільма.

Сёння ідзе ўжо трэці дзень здымачнага працэсу. Як паведаміла Мара Тамковіч карэспандэнту Reform.by, учора здымалі сцэны, звязаныя з затрыманнем галоўнай гераіні.

«Былі вельмі эмацыйна насычаныя і складаныя сцэны. Але мы прайшлі праз гэтыя эмоцыі, спадзяюся, з добрым эфектам. Вельмі цяжка размаўляць пра фільм, які знаходзіцца ў адкрытым працэсе стварэння. Гэта як размова над адкрытым сэрцам», — дзеліцца рэжысёрка.

Мара Тамковіч вядомая беларускаму і польскаму гледачу сваёй апошняй працай — кароткаметражнай стужкай «У жывым эфіры» (“Na žywo / Live”), створанай па матывах гісторыі затрымання Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай падчас стрыма з Плошчы Перамен. Фільм ужо неаднаразова быў адзначаны на польскіх і міжнародных кінафестывалях, і сёння яго фестывальная гісторыя яшчэ працягваецца.

Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы». Фота: Uliana Shargaeva

«Так, можна сказаць, што поўны метр, над якім мы зараз працуем, вырас з «Na žywo», — распавядае кінематаграфістка з Беларусі гісторыю нараджэння новага праекта. — Гэта фільм — наступны крок асэнсавання тэмы. Але я хачу падкрэсліць, што гэта будзе зусім іншая карціна, хоць тыя падзеі, якія паказваюцца ў «Na žywo», таксама будуць прысутнічаць у стужцы як адзін з эпізодаў».

Як кажа Мара Тамковіч, «8 гадоў 3 месяцы» ў адрозненне ад «Na žywo» канцэнтруецца на тэме кахання. Галоўныя героі фільма — гэта журналісты Лена і Ілья. Яны праходзяць праз пратэсты і наступствы гэтых пратэстаў. І ў жудасных умовах намагаюцца захаваць сябе як пару, сям’ю.

«Гісторыя супраціву і кахання Кацярыны Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша — безумоўна, гэта рэалістычныя «карані» майго фільма, — пагаджаецца рэжысёрка. — Але я хачу падкрэсліць, што тое, што мы робім — гэта ўсе ж мастацкае кіно, якое існуе па сваіх законах. То-бок з рэальнай гісторыі «вырастае» мастацкі аповед, які аддзяляецца ад рэчаіснасці. У мяне няма мэты быць біёграфам канкрэтных людзей, чалавека. Хоць, канечне, паралелі ўзнікаюць вельмі моцныя», — дадае яна.

«8 гадоў 3 месяцы» жанрава пазначаецца як драма. Галоўную ролю ў карціне будзе выконваць Аляксандра Вайцэховіч — тая ж акторка, якая здымалася ў «Na žywo». Таксама ў стужцы будуць задзейнічаны Андрэй Новік, Паліна Чабатарова, якіх глядач бачыў у «Na žywo». Імёны іншых артыстаў пакуль не разгалошваюцца.

«Але магу дадаць, што галоўную мужчынскую ролю ў стужцы будзе іграць рускамоўны літоўскі актор», — кажа Мара Тамковіч.

Падчас здымак «8 гадоў 3 месяцы». Фота: Uliana Shargaeva

Новы праект беларускай рэжысёркі прафінансаваны Польскім Інстытутам кінамастацтва. Бюджэт фільма — 1 мільён злотых.

«Бюджэт у такім памеры — гэта ўмова фінансавання ад Польскага Інстытута, — тлумачыць Мара Тамковіч, якая з’яўляецца і аўтаркай сцэнарыя карціны. — «8 гадоў 3 месяцы» прафінансаваны ў праграме хуткіх дэбютаў для маладых аўтараў — гэта адмысловыя мікрабюджэты, які не мусяць перавышаць 1 мільён злотых. І 90% ад гэтай сумы дае непасрэдна Польскі Інстытут, а 10% у праект мусіць укласці прадзюсар».

Прадзюсарам карціны з’яўляецца кампанія Media Corporation на чале з Катажынай Оцёшыньскай.

Фільм, згодна з умовамі Польскага Інстытута кінамастацтва, будзе здымацца ў даволі кароткія тэрміны.

«Усяго запланавана 15 здымачных дзён, — дзеліцца інфармацыяй наша візаві. — Лічы, мы зараз робім кіно ў такім стылі — гэта як катацца на ровары, які гарыць, і ты гарыш, і ўсё навокал гарыць, і ты ў пекле, — смяецца Мара. — Але тэма і матывацыя, якія ідуць далей за жаданне проста зрабіць сваё кіно, дапамагаюць справіцца з такой нагрузкай».

На карціне працуе шмат людзей, з якімі Мара працавала на «У жывым эфіры».

«Я працую з тым жа самым аператарам, мантажысткай, гукарэжысёркай… З намі застаўся Філіп Марчэўскі, які быў прадзюсарам «Na žywo». Ён мастацкі кіраўнік карціны. Вельмі вялікі адсотак людзей прыйшлі за мной з папярэдніх праектаў».

Мара Тамковіч (у цэнтры) з акторскай камандай фільма. Фота: Uliana Shargaeva

Як кажа кінематаграфістка, каманда фільма абмяркоўвала, ці варта брацца за праект, які мусіць быць зроблены ў жорсткія тэрміны з невялікім бюджэтам.

«Але мы вырашылі, што гэта варта таго, — распавядае яна. — Лепш сёння ўкласціся ў справу максімальна  — усе нашы сілы і энергію, ды мець шанц, што фільм будзе зроблены да канца года, чым змагацца за большае фінансаванне без гарантыі таго, што мы атрымаем яго ў бліжэйшы час», — падзялілася яна рашэннем здымачнай групы.

«Калі ўсё будзе добра, і мы здымем усё так, як плануем, то ўжо налета будзем шукаць партнёраў па дыстрыбуцыі і месца для паказу, — дзеліцца планамі Мара Тамковіч. — Гэта гісторыя вартая таго, каб яе распавесці», — пераканана яна.

Усё здымкі карціны будуць весціся ў Варшаве. У панядзелак завяршаецца першы здымачны этап. У траўні адбудзецца працяг здымачнага перыяду.

«8 гадоў 3 месяцы» — працоўная назва фільма, аўтары не выключаюць таго, што ў фінале стужка можа атрымаць іншую назву.


Мара Тамковіч нарадзілася ў Мінску. Потым навучалася ў Studio Prób у Школе Вайды, журналістыцы ў Варшаўскім універсітэце і рэжысуры ў Варшаўскай кінашколе. Гэта ўжо шостая карціна беларуска-польскай аўтаркі, а мінскаму гледачу кінематаграфістка вядомая па яе працы «Дачка» — стужка перамагла ў Нацыянальным конкурсе на Мінскім Міжнародным кінафестывалі «Лістапад» у 2018 годзе. «Córka» добра вядомая і ў Польшчы: гэта кіно — адзін з самых уганараваных кароткаметражных фільмаў у краіне за 2018 год. «У жывым эфіры», які Мара Тамковіч зрабіла на Студыі Вайды (Wajda Studio), за мінулы год узяў некалькі ўзнагарод на польскіх і міжнародных кінафестывалях.

Фота: Uliana Shargaeva

reform.by