Мастачка з Мінска стварыла серыю мілых малюнкаў аб эміграцыі. Галоўны герой тут — сімпатычны мухамор

Мінская мастачка Марына Жвірбля апублікавала ў сябе на старонцы ў інстаграме новую серыю працаў. На ёй намаляваныя мухаморы, якія пражываюць усе цяжкасці і перажыванні людзей у эміграцыі. Атрымалася вельмі чулліва і жыццёва, паведамляе Сitydog.io.

Марына Жвірбля — мінская мастачка, якая ў асноўным займаецца афортам (від гравюры на метале) і ілюстрацыямі. Жалезныя ўпрыгожванні на сценах станцыі метро «Кавальская слобода» — яе рук справа.

Ілюстрацыі з мухаморамі, паводле словаў мастачкі, — гэта адлюстраванне асабістых перажыванняў і апаведаў некаторых сяброў аб эміграцыі. Тут не было мэты абагульніць сітуацыю ўсіх беларусаў ці правесці нейкае даследаванне. Штуршком для стварэння серыі сталі побытавыя размовы з рознымі людзьмі, чый досвед пераезду ў некаторых момантах быў падобны.

Чаму такая незвычайная выява?

Мухамор у якасці галоўнага героя быў абраны не выпадкова. Каля дома мастачкі ў Беларусі расце дуб, пад якім кожны год вырастае мухамор. Марына распавяла, што кожную вясну вельмі чакае яго з’яўлення. Грыб, на думку дзяўчыны, вельмі прыгожы і выклікае ў яе толькі цёплыя адчуванні.

– Мухамор вельмі выразны. На яго звяртаеш увагу. Так, хоць з яго немагчыма зрабіць смачны суп, але ім любуешся. Яшчэ ён звычайна застаецца прывязаны да сваіх каранёў: быць зрэзаным для яго не вельмі звыклы стан.

Серыя ілюстрацый, як адзначае Марына, — гэта гісторыя ў першую чаргу пра людзей, якім складана адарвацца ад сваіх каранёў. Прычым «карані» тут можна тлумачыць абсалютна па-рознаму.

Кожная ілюстрацыя — частка вялікага сюжэту

Усе малюнкі складаюцца ў адзін вялікі сюжэт. Па словах Марыны, яна адбіла розныя стадыі адчування эміграцыі ў тым парадку, у якім яны адбываліся ў аўтаркі ў рэальным жыцці.

— Сюжэты ілюстрацый — спроба перанесці мае думкі і эмоцыі ў малюнкі. Мне цікава чытаць пра тое, што асабістага знаходзяць у іх розныя людзі. Але больш за ўсё мне хацелася паказаць не дакладную сітуацыю, а перадаць пэўны настрой.

Серыя з мухаморамі — спроба мастачкі падсумаваць усё, што адбылося за год пасля вырашэння аб пераездзе з Беларусі. Менавіта таму ў сваіх прыгодах грыб сустракае менавіта елку. Яна сімвалізуе новыя пачынанні і наступны перыяд у жыцці.

— На мой погляд, у гісторыі ёсць скончаны сюжэт. Я прыдумляла і малявала ўсё ў адзін дзень на эмоцыях. Таму зараз серыя, як склалася, так і існуе. А працягваць яе, каб, напрыклад, зрабіць выставу, пакуль не мае сэнсу: я не разабралася яшчэ, як гэта сфера працуе за мяжой.

Дзяўчына плануе і надалей маляваць. Цяпер яна займаецца ілюстрацыямі да дзіцячай кнігі і кажа, што загадваць нешта на будучыню не хоча: «Пакуль раблю тое, што падабаецца. Спадзяюся, што потым з гэтага будзе нейкі плён».

budzma.org паводле citydog.io