У Катэдральным саборы імя сьвятога Кірылы Тураўскага, што ў Брукліне, вернікі адзначылі Вялікдзень.
Урачыстыя набажэнствы распачаліся 13 красавіка. У Вялікі Чацьвер успаміналі Сьвятыя Пакуты Хрыстовы і чыталі 12 урыўкаў з Новага Запавета аб апошніх гадзінах Ісуса Хрыста перад укрыжаваньнем.
У Вялікую Пятніцу адбыўся вынас Плашчаніцы. Таксама клірыкі Катэдры пратаярэй Іван і дыякан Мікола чыталі ўрыўкі з Дабравесьцяў аб сьмерці Госпада.
Позна вечарам у суботу 15 красавіка, каля 11.30 беларусы сабраліся на Паўночную службу. Яна плаўна перацякла ў Вялікодную.
Вернікі зрабілі хросны ход па будынку царквы і грамадзкай залі і засьпявалі:
“Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць патаптаў і існым у трунах жыццё падарыў”.
Пасьля гэтага ўсе адзін аднаго пачалі вітаць словамі радасьці “Хрыстос уваскрос!”, “Сапраўды ўваскрос!”
Сутнасць Вялікадня ў Новым Запавеце – вечнае жыццё праз веру ва ўваскрэсенне Збавіцеля. У Сьвятым Пісаньні сказана: “Калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Ісусе Бог прывядзе з Ім”.
Гэта надзея для ўсіх вернікаў на ўваскрасеньне. Таму у храмах праходзяць урачыстыя богаслужэнні, якія праслаўляюць перамогу Хрыста над сьмерцю. Пазітыўны настрой свята выяўляецца і ў яго атрыбутах: кулічах і фарбаваных курыных яйках.
Падчас набажэнства айцец Іван Кухар зачытаў вялікоднае віншаваньне ад аріяпіскапа БАПЦ Сьвятаслава. У ім былі такія словы:
“Віншую зь Велікоднем ўсіх беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне, асабліва палітычных зьняволеных і перасьледаваных, і тых, што знаходзячыся ў Замежжы, змагаюцца за Вольную Беларусь, у тым ліку й беларускіх жаўнёраў, што дапамагаюць братняй Украіне абараняцца ад агрэсіі маскоўскае імперыі зла. Зычу ўсім суайчыньнікам напоўніць свае сэрцы любоўю да Госпада і сваіх блізкіх, да роднае Беларусі і ўсяго ейнага духоўнага скарбу, які захавалі й перадалі нам нашыя продкі. Молімся таксама за ўсіх хрысьціянаў, каб кожны народ быў вольным і мог славіць Бога у сваёй Царкве, у сваіх традыцыях і абрадах, на сваёй роднай мове”.
Перад заканчэньнем вялікоднай літургіі пратаярэй Іван Кухар асьвяціў артас (“квасны хлеб”), які сьпякла верніца Тацьцяна Красоўская. Гэты хлеб звычайна ўжываецца праз тыдзень пасьля адзначэньня Вялікадня. Ён увасабляе уваскрасеньне Хрыстова.
Вялікоднае набажэнства ў саборы скончылася агульнай кайнаніяй за сьвяточным сталом, якому папярэднічала асьвячэньне кулічэй, яек і ежы.
Прысутныя таксама маглі паслухаць канцэрт Тацьяны Грыневіч, вядомай беларускай сьпявачкі, якая завітала ў ЗША з Турэччыны.
Алесь Пазьняк, bielarus.info
здымкі: Алесь Пазьняк, Аляксандра Станкевіч