Украінскія строі з калекцыі VOLYA пакажуць на Metropolitan Fashion Week Seattle 2023

Metropolitan Fashion Week у Сіэтле распачнецца 6 мая. У межах мерапрыемства будуць прадэманстраваныя аўтэнтычня украінскія строі з калекцыі этнічных строяў беларускага фальклорнага калектыву VOLYA, створанага ў 2009 годзе ў Сіэтле этнографкай, спявачкай і рэжысёркай Вольгай Дземкай. Пра удзел у мерапрыемстве Вольга Дземка паведаміла на сваёй старонцы ў facebook.

«Год таму назад у мяне былі два ўкраінскія строi. Чарнігаўскі і Кіеўскі. Не ведаю, ці дапамаглі яны перажыць пачатак вайны, але пад канец траўня аўтэнтычных строяў ужо было пяць (нашкробаных з самых глыбокіх куточкаў і адрамантаваных). Мы з дзяўчатамі вырашылі перанаправіць рэсурсы нашага беларускага гурта на падтрымку ўкраінскай культуры, і Воля пачала ганяць, шыць, шукаць, глядзець, чытаць, мацаць і чыніць.

У тым верасні частка строяў ужо шла па подыюму, злятала ў ЛА, пабыла на дзьвюх выставах і безлічы імпрэзаў на карысць Украіны. Прайшоў год. І ў нас ужо 26 аўтэнтычных украінскіх строяў, а 6 траўня частка калекцыі ізноў будзе ўдзельнічаць у паказе Тыдня моды Метраполітан Metropolitan Fashion Week у Сіэтле. Прыходзьце, калі ласка, нас падтрымаць і паглядзець на ўкраінскую прыгажосць», — запрашае Вольга Дземка.

budzma.org