На Падляшшы поўнай хадой ідзе падрыхтоўка да ўжо трэцяга па ліку фестывалю абуджаных «Тутака». Яго правядзенне запланавана на сярэдзіну лета – 14-15 ліпеня. А галоўным адрозненнем ад мінулагодніх фестываляў стане большая колькасць актыўнасцяў немузычнай скіраванасці, піша «Радыё Ўнэт».
Фестываль «Тутака» ўжо ў трэці раз пройдзе ва ўрочышчы Борык каля падлясскай вёскі Гарадок, ці ў польскім гучанні «Грудэк». Ад самага пачатку яго правядзення – ад 2021 года, арганізатары пазіцыянавалі мерапрыемства як свайго роду працяг колішняга фестывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Прадстаўленую на тым яшчэ фестывалі альтэрнатыўнаю і рок-музыку слухала не адно пакаленне маладых беларусаў на працягу 1990-2019 гадоў.
Таму новы фестываль, які пачаў арганізоўваць Фонд «Тутака», таксама асноўны ўхіл рабіў на беларускую музыку. Хаця ўжо мелі месца і не музычныя актыўнасці. Напрыклад, майстар-класы па хэнд-мэйд ці гутаркі па грамадска-палітычных і культурніцкіх пытаннях, дзе ўдзел прыймалі не музыканты, а грамадскія дзеячы ці артысты.
Падрыхтоўка да фестываля «Тутака» зараз у самым разгары. Пра новыя падыходы да яго зместу мы пагутарылі з кіраўніком фонду Паўлам Станкевічам.
«Цяпер мы хочам сфакусавацца на гэтым фестывалі, як на месцы сустрэчы ўвогуле беларусаў, і хочам адыходзіць ад толькі музычнага фарматы і ісці ў такі бок паказвання ўвогуле мастацтва беларускага сучаснага. Але самая галоўная ў нас ідэя – каб сустрэцца, правесці супольна час, таму што шмат беларусаў не маюць такой магчымасці, каб сустрэць блізкіх, каб сустрэць родных і проста сяброў. І хочам зрабіць такі вялізарны беларускі адпачынак. Хочам дадаць розных іншых актыўнасцяў, не толькі музыку. Спадзяюся, што будзе і тэатр, і розныя гульні, таксама пагуляем і са спартоўцамі. Хочам больш паказаць магчымасцяў карыстання з мястэчка Гарадок, дзе ёсць таксама запруда, можна добра адпачыць». – распавёў Павел Станкевіч.
Нагадаем, што летась у праграме фестываля «Тутака» былі ўрокі беларускай мовы, акцыя салідарнасці з палітвязнямі «Птушкі свабоды», паказ тэатру ценяў, шматлікія майстар-класы, працавала дыскусійная студыя, дзе абмяркоўваліся, у прыватнасці, беларуская эміграцыя, напад Расіі на Украіну, беларуская культура ў замежжы. А на галоўнай сцэне выступілі выканаўцы з J:MORS, CHORNABROVA, SHUMA, VOLSKI, IVA SATIVA.
Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.