«Мама Зоя, Беларусь» — так называецца спектакль, створаны ў супрацоўніцтве беларускага тэатра «Крылы Халопа» (Беларусь) і ADAS тэатра (Швецыя). 30 красавіка ў Гётэрборгу адбудзецца прэм’ера пастаноўкі, у цэнтры якой — гісторыя жанчын пасляваеннага пакалення, паведамляе reform.by. Гісторыя мамы Зоі — беларускай жанчыны, якая нарадзілася ў БССР праз сем гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
«У сваёй працы мы зыходзілі з рэальных падзей і людзей, каб праз іх маўленне стварыць мастацкі твор, што фармулюе гісторыі і перспектывы, пра якія раней не гаварылася. Мы спадзяемся прыцягнуць увагу да правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў Швецыі і іншых частках свету», — адзначаецца ў апісанні да праекта.
Так, у падмурку «Мама Зоя, Беларусь» ляжыць рэальная гісторыя мамы рэжысёркі і кіраўніцы тэатра «Крылы Халопа» — Аксаны Гайко. Беларуская тэатральная дзяячка ўзяла інтэрв’ю ў сваёй маці і потым далучыла да яго дакументы таго перыяду. Гэты матэрыял стаў базай, на якой паўстаў мастацкі сцэнар шведскай актрысы, драматурга і рэжысёркі Фіі Адлер Сандблад. Завяршыў працу над творам драматург Самуэл Эк.
«Праз асобу Зоі мы даследуем досвед жанчын у адным з самых дэпрэсіўных грамадстваў Еўропы; прагу людзей да свабоды, пяшчоты і, магчыма, новай пары абутку», — апавядаецца ў анатацыі да пастаноўкі.
І яшчэ.
«Свет Зоі сфарміраваны савецкай сістэмай і ранамі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пакуль Зоя расце і робіць уласны бунт, грамадства вакол яе развальваецца. У шчыліне паміж прыгнётам і хаосам ёсць магчымасць для мараў, але таксама і цана, якую трэба заплаціць».
Тры актрысы ўвасобяць на сцэне тры жыцці Зоі: беларуска Святлана Гайдалёнак будзе іграць у частцы, што распавядае пра пасляваеннае дзяцінства гераіні. Дарослае жыццё, напоўненае марамі і расчараваннямі, — задача для ўвасаблення шведскай актрысы Лізбет Ёхансан. Фія Адлер Сандблад сыграе Зою ў старасці, «дзе хаос апанаваў не толькі свет, але і нутро [гераіні]».
Над сцэнаграфіяй, касцюмамі і вобразамі працавалі Таццяна Дзівакова і Ноно Нордквіст.
Музыка і гук: Віталь Эпаў, Ёнас Франке-Блом.
Рэжысёр пастаноўкі — Аксана Гайко разам з ансамблем спектакля.
Прэм’ера «Мама Зоя, Беларусь» адбудзецца на сцэне ADAS тэатра 30 красавіка.
Набыць квіткі на праект можна тут.