Сумесны праект Б*л*руск*й Р*д* к*льт*р* і Дацкага інстытуту культуры — ArtPower Belarus — абвясціў вынікі першага адбору заявак на культурніцкія гранты, піша reform.by.
Так, у катэгорыі мідзі-грантаў былі вызначыны 16 атрымальнікаў на суму каля 440 тысяч еўра, а ў катэгорыі міні-грантаў — 6 заявак атрымае больш за 25 тысяч еўра. Гранты мабільнасці, якія можна скарыстаць на паездкі для працы, навучання, даследаванняў ды іншага, на суму больш за 20 тысяч еўраў будуць прадастаўлены 9-ці чалавекам. «Агулам на культурніцкія праекты ды гранты мабільнасці ў межах першага кола вылучаць 485 тысяч еўраў», — падсумоўвае Б*л*руск*я Р*д* к*льт*р*.
Кожны праект ацэньваўся экспертнай камісіяй з пятнаццаці чалавек, і адборачнай камісіяй, якая складалася з трох прадстаўнікоў Дацкага інстытуту культуры, двух прадстаўнікоў Б*л*руск*я Р*д* к*льт*р* і запрошанага эксперта, якім стаўся былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.
«Я па-сапраўднаму ўражаны колькасцю атрыманых заявак і іх высокай якасцю. Разгляд усіх прапановаў культурніцкіх праектаў пераканаў мяне ў таленавітасці, багацці і разнастайнасці беларускага мастацтва і творцаў. Хаця, на жаль, мы можам падтрымаць толькі частку праектаў, я ганаруся тым, што DCI адыгрывае невялікую ролю ў захаванні актыўнага, інклюзіўнага і разнастайнага беларускага культурніцкага жыцця», — адзначыў Мэс Эстэрґор (Mads Østergaard), часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне) ды сябра адборачнай камісіі.
Самая вялікая колькасць заявак прыйшла на мідзі-гранты, канстатуе Б*л*руск*я Р*д* к*льт*р*.
«З іх было прынята 179 на агульную суму больш за 7 мільёнаў еўраў. Пададзеныя праекты належаць сферам літаратуры, кіно, тэатру, адукацыі, музыкі, арганізацыі імпрэзаў, выяўленчага мастацтва, відэамастацтва, захавання спадчыны, медыяў ды інстытуцыянальнага падтрымання», — сведчыць арганізацыя.
«Такая колькасць заявак, а галоўнае — якасных заявак, сведчыць пра вялізны патэнцыял беларускай культуры, — кажа Сяргей Будкін. — Гэта маё галоўнае адкрыццё і натхненне ArtPower Belarus: ён выявіў, як багата ў нас творцаў, якія ў складаных умовах гатовыя ствараць далей. Але відавочна, у праекту недастаткова рэсурсаў на падтрымку ўсіх ідэяў, якія варта было б падтрымаць. У межах першага кола для фінансавання была адабраная толькі адна дзясятая частка пададзеных заявак. Гэта сігнал для нас і нашых партнёраў: развіццё беларускай культуры вымагае большых высілкаў і значна большых рэсурсаў».
Наступны кол на мідзі-гранты ў межах разлічанага на 28 месяцаў праекту ArtPower Belarus будзе абвешчаны ў канцы 2023 года, заяўкі на міні-гранты і гранты мабільнасці можна падаваць цягам усяго перыяду. Зрабіць гэта можна на сайце Рэсурснага цэнтру Б*л*руск*й Р*д* к*льт*р*. Разглядацца заяўкі будуць кожны квартал.