Без зменаў. Адбылася апеляцыя па справе Алеся Бяляцкага і яго паплечнікаў

Алесь Бяляцкі ў судзе

У Мінскім гарадскім судзе 21 красавіка адбыўся разгляд скаргаў і пракурорскага пратэсту на прысуд па справе Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча.

Нагадаем, 3 сакавіка суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў нобелеўскаму лаўрэату, праваабаронцу Алесю Бяляцкаму 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, праваабаронцу Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў, праваабаронцу Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў.

21 красавіка судовая калегія пакінула скаргі праваабаронцаў і іх адвакатаў без задавальнення, а пратэст пракурора, які прасіў змяніць фармулёўку прысуда, задаволіла.

21 красавіка прысуд у адносінах да Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча ўступіў у сілу — хутка іх этапуюць у калоніі, паведамляюць праваабаронцы. У дачыненні да Дзмітрыя Салаўёва, якога асудзілі да 8 гадоў завочна, прысуд уступіў у сілу 3 сакавіка, бо ён не падаваў апеляцыйную скаргу.

budzma.org