Людзі, які жывуць паводле прынцыпу «Колькі будзе два плюс два? – А колькі вам трэба?» лічыць дурнямі тых, хто дае адназначны і канкрэтны адказ. Журналіст Віталь Цыганкоў разважае ў сваім тэлеграм-канале пра тое, чаму людзі называюць «дурнямі» тых, хто не падстройваецца пад прынятыя нормы.
— Што, па-вашаму, аб’ядноўвае такіх розных людзей, як Цыганкоў, Дракахруст, Чалы, Рудкоўскі, Шрайбман, Елісееў? Усе яны — першаразраднікі па шахматах. Ну вось так атрымалася, што 6 з 15, магчыма, самых прыкметных беларускіх палітычных аглядальнікаў з’яўляюцца някепскімі шахматыстамі. Супадзенне? Не думаю.
Але сёння не пра іх. Я яшчэ не закончыў глядзець Гары Каспарава ў Дудзя, а ўжо сустрэў каменты ў Твітары ў стылі: «Які Каспараў дурань». Паколькі такія каменты я сустракаю нярэдка (а сам я ніколі ў жыцці нікога не называў дурнем), то мяне даўно цікавіла прырода такіх выказванняў. І мне здаецца, я яе разумею.
Для пачатку варта сказаць, што здольнасць някепска гуляць у шахматы ўсё ж пра нешта кажа. Калі вы калі-небудзь праходзілі IQ-тесты, то ведаеце, што яны якраз маюць пэўныя паралелі з шахматнай гульнёй. Там трэба лагічнае мысленне, разлік варыянтаў, уменне бачыць шырокую карціну. Так што звычайна добры шахматыст мае даволі вялікі IQ — а тым больш чэмпіён свету.
І калі я чытаю каменты ў стыле «Каспараў дурань» — я выдатна разумею, што да інтэлекту гэтыя негатыўныя ацэнкі не маюць ніякага дачынення. Бо многія «дурасці» — тыя ацэнкі, якія Каспараў гадамі казаў пра Расію, раней ці пазней аказваліся слушнымі і дакладнымі. Ён казаў, што вайна непазбежна, што Расія нападзе на Украіну, казаў пра татальную фашызацыю Расіі, пра бессэнсоўнасць удзелу ў выбарах – ну дурань жа!
Але ані дакладнасць ацэнак, ані ўзровень інтэлекту не мае ніякага значэння. Проста людзі пераважна ацэньваюць адпаведнасць выказаных думак сваім перакананням і сацыяльным нормам. Калі адпавядае — «разумны». Не адпавядае – «дурань». І ўсё. А тым больш, калі чалавек бязлітасна заяўляе, што тое, чым вы займаецеся, не мае ніякага сэнсу — то ён не толькі дурань, а казёл, нягоднік і вырадак.
У СССРы «дурні» былі тыя, хто супраціўляўся савецкай уладзе. Ці, напрыклад, спекулянты, якія куплялі танней і прадавалі даражэй. У турму іх. Прыйшла Перабудова, сацыяльныя нормы змяніліся — і яны сталі героямі-кааператарамі. І ўся тая ж большасць цяпер стала лічыць «дурнямі» тых, хто не ўспрымае новыя рынкавыя рэаліі.
Людзі, які жывуць паводле прынцыпу «Колькі будзе два плюс два? – А колькі вам трэба?» лічыць дурнямі тых, хто дае адназначны і канкрэтны адказ.
«Калі б геаметрычныя аксіёмы закраналі інтарэсы людзей, яны б абвяргаліся», — сказаў Томас Гобс.
Свае сацыяльныя нормы ёсць у розных вялікіх групаў, у розныя гістарычныя перыяды. У адных — «цемрашальскія», і іншых — «прагрэсіўныя». Важна, што любая група зацята абараняе святасць сваёй уласнай нормы і гатовая праклясці і адмяніць любога «занадта разумнага», які асмельваецца яе парушаць.
У 1990-я мне падавалася, што людзі разбураюць адны нормы і стэрэатыпы дзеля таго, каб было больш свабоды і панавала рэальная разнастайнасць. На самай справе, як аказалася, людзі (і на Захадзе, і на Усходзе) руйнуюць адны нормы толькі для таго, каб замест іх пабудаваць новыя, не менш строгія, якім усе павінны падпарадкоўвацца.
Мне здавалася, што галоўным павінен быць прынцып «жыві добра сам, і дай жыць іншаму». Не, чалавецтва зноў і зноў выбірае прынцып — «жывіце так, як я сказаў, як я лічу правільным».