Беларускі рэжысёр Аляксей Палуян стаў сябрам Еўрапейскай Кінаакадэміі

Фота: Jerzy Wypych

9 мая Еўрапейская кінаакадэмія прыняла ў сваі шэрагі 462 новых сябра. Разам з амерыканскім акцёрам Ульямам Дэфо (які ў Кінаакадэміі прадстаўляе Італію), нямецкім рэжысёрам Фрэнкам Пэтцольдам (“На Заходнім фронце без пераменаў”), дацка-амерыканскім акцёрам Эліятам Кросет Хоўвам (“Зімнія браты”), сербскай актрысай Яснай Джурычыч («Quo Vadis, Aida?») ды іншымі прафесіяналамі ў адну з найвядомейшых кінаінстытуцый свету, як паведамляе reform.by, быў прыняты беларускі рэжысёр, аўтар фільмаў “Кураж”, “Возера радасці” Аляксей Палуян.

На дадзены момант у сябрах Еўрапейскай Кінаакадэміі чатыры кінематаграфісты з Беларусі: рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, кінааналітык, праграмны дырэктар Ігар Сукманаў, прадзюсарка, заснавальніца і дырэктарка фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін “Паўночнае ззянне” Воля Чайкоўская і рэжысёр, сцэнарыст Аляксей Палуян.

Аўтар нашумелага фільма “Кураж” (“Смеласць”) так пракаментаваў Reform.by свае ўступленне ў сям’ю European Film Academy.

– Гэта вельмі прыемны і сымбалічны крок, – адказаў ён. – Прыемны, бо адбываецца інтэграцыя беларускага незалежнага кінематографа яшчэ глыбей у эўрапейскія інстытуцыіі. Сымбалічны – бо наша незалежная культура вяртаецца туды, дзе гістарычна мела сваё месца – ва Эўропу. Асабліва прыемна стаць часткай вялікай прафесійнай супольнасці, якая падзяляе каштоўнасці аўтарскага кінематографа, – падкрэсліў наш візаві. – Спадзяюся, у наступным годзе іншыя мае беларускія калегі і каляжанкі далучацца да нас.

Сёння беларускі рэжысёр, які жыве ў Берліне, працуе над новай стужкай – поўнаметражным ігравым фільмам пад рабочай назвай “У чаканні Бернау” – гісторыяй пра тое, як дыктатарскія рэжымы змяняюць асобу чалавека.

– Гэта таксама будзе гісторыя пра розніцу паміж пакаленнямі ў сённяшняй Беларусі, – дадае аўтар. – Гэты падзел [паміж пакаленнямі] у жніўні 2020 стаў агромністым, – лічыць Аляксей Палуян, – і яго ўжо ніяк не спыніць.

Кінематаграфіст акурат цяпер заканчвае працу над рэжысёрскім сцэнаром карціны; а ўлетку распачнецца перадвытворчы перыяд праекта – пошук акцёраў, лакацыі і каманды.

Аляксей Палуян таксама заўзее за яшчэ адну важную ініцыятыву – Беларускую незалежную кінаакадэмію. Нагадаем, што ён з’яўляецца адным з шасці заснавальнікаў новай інстытуцыі, мэта якой – зрабіць чутным голас беларускіх незалежных кінематаграфістаў у свеце, садзейнічаць стварэнню беларускага кіно. Развіццё і прасоўванне гэтага важнага праекта, яго падтрымка  – таксама ў прыярытэтах кінадзеяча.

– Спадзяюся, што маё сяброўства ў Эўрапейскай Кінаакадэміі дазволіць яшчэ больш шчыльнаму супрацоўніцтву гэтай інстытуцыі з Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, – падкрэсліў рэжысёр.

European Film Academy была заснавана ў 1989 годзе яе першым прэзідэнтам Інгмарам Бергманам і 40 кінематаграфістамі для прасоўвання інтарэсаў еўрапейскай кінаіндустрыі. Стварэнне еўрапейскай кінасупольнасці кінематаграфістаў і тым самым павышэнне цікавасці і даступнасці еўрапейскага кіно для супольнасці аматараў кіно з’яўлялася і з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў яе дзейнасціі. Кінаакадэмія прасоўвае еўрапейскае кіно, кульмінацыяй чаго штогод становіцца Месяц еўрапейскага кіно і ўручэнне Еўрапейскай кінапрэміі, а гэтаксама садзейнічае прафесійным зносінам фільммейкераў.

У цяперашні час інстытуцыя налічвае больш за 4000 сябраў з 52 краін.

reform.by