9 траўня 2023 году ў Генеральным кансуляце Рэспублікі Польшча ў Ню-Ёрку адбыўся сьвяточны прыём з нагоды прыняцьця Канстытуцыі Рэчы Паспалітай 3 траўня 1791 году.
Ад БАЗА на мерапрыемстве прысутнічалі старшыня Галоўнай Управы – Натальля Федарэнка і сакратар Галоўнай Управы – Міхал Чаропка. Таксама на мерапрыемства была запрошана старшыня Беларускай Асьветніцкай Лігі – Ірына Хадарэнка.
Адметнасьцю мерапрыемства стала прысутнасьць украінскіх вайскоўцаў, што знаходзяцца зараз у ЗША на лячэньні і рэабілітацыі.
Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Ню Ёрку Адрыян Кубіцкі павітаў прысутных на мерапрыемстве: Генеральнага консула Летувы ў Ню Ёрку – спадара Вацлаваса Шалкаўскаса, Генеральнага консула Украіны – Олексія Голубава, прысутных украінскіх вэтэранаў, а таксама асобна – прадстаўнікоў беларускай дыяспары. У сваёй прамове ён адзначыў важлівую ролю, якую Канстытуцыя 3 траўня працягвае адыгрываць на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Яна аб’ядноўвае культурна і гістарычна народы, якія ўжо прайшлі свой шлях да свабоды і незалежнасьці, як Польшча і Летува. Альбо яшчэ толькі змагаюцца – як Украіна, ці каму яшчэ прадбачыцца змаганьне за сваю будучыню – Беларусі.
Генеральны консул Летувы Вацлавас Шалкаўскас таксама павітаў прысутных і падкрэсліў, як Канстытуцыя 3 траўня дазваляе сёньня супрацоўнічаць і ладзіць сувязі паміж народамі. Ён адзначыў, што закладзеныя ў яе ідэі свабоды і роўнасьці былі перадавымі для тагачаснай Эўропы і застаюцца шмат у чым актуальнымі і сёньня.
Пасьля прысутныя паглядзелі кароткае відэа пра Канстытуцыю 3 траўня і паслухалі даклад былога чальца OSCE у Эўропе – спадара Juozas A. Kazlas, Ph.D. У сваёй прамове спадар Юозас распавёў пра яго досьвед працы ў якасьці назіральніка ва Украіне ў 2014-2015 гадох.
Пасьля прысутныя змаглі паслухаць творы Фрэдэрыка Шапэна ў цудоўнцм выкананьні Караліны Мікалайчык і Іва Еднэцкага.
Падчас мерапрыемства сакратар Галоўнай Управы БАЗА Міхал Чаропка атрымаў ад Генеральнага консула Адрыяна Кубіцкага памятны медаль імя Яна Карскага.
Апасля афіцыйнай часткі ўсіх чакаў фуршэт.
Міхась Чаропка, bielarus.info,
фота: Lietuvos Generalinis Konsulatas Niujorke/Consulate Gen. of Lithuania in NY, Ірына Хадарэнка, Міхась Чаропка