Марына Адамовіч атрымала адказ на свой запыт. І цяпер хаця б ведае, што адбывалася з Мікалаем апошнія месяцы. Пра гэта яна паведаміла на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Якія дзіўныя радасці здараюцца ў жыцці, — напісала Марына. — Аказваецца, нават не вельмі вясёлыя, але ж навіны могуць радаваць. Сёння атрымала адказ з калоніі на свае запыты. Усяго толькі праз 95 дзён поўнай невядомасці.
Безумоўна, гэта не ліст ад Мікалая і вясёлага мала ў гэтым адказе, але… Той, хто нічога не ведае пра сваіх родных, мяне зразумее.
36 спагнанняў, з іх 14 — ШІЗА (5 — за апошнія тры месяцы, тэрмін не паведамляюць). Зараз, верагодна, у ШІЗА таксама альбо толькі выйшаў.
Чарговы раз пакараны знаходжаннем на працягу паўгода ў той самай адзіночцы 1х3 м, аналагу ПКТ у «звычайнай» калоніі. (Мінулыя паўгода расцягнуліся на 9 месяцаў). Гэта значыць, што калі не ў ШІЗА, то кругласуткава ў каменным мяшку з прагулкай у такім жа каменным мяшку паўгадзіны на дзень.
Пазбавілі ўсяго: адзінай пасылкі і спатканняў. Пра тэлефанаванні гаворка нават не ідзе.
Лістоў, па-ранейшаму, няма. Зрэшты, мне адказалі, што мае лісты «апрацоўваюцца ва ўстаноўленыя тэрміны». І?.. Пра лісты Мікалая ўвогуле прамаўчалі. «Перапіска не забаронена».
Мне страшна думаць, што падобнае адбываецца нават з жанчынамі.
Тым не менш, нешта памянялася ў Сусвеце. Кола нашых лёсаў пачынае пераварочвацца».